Працаўнікоў «Вялікага каменю» па вяртанні з Кітаю чакае каранцін


У індустрыйным парку «Вялікі камень» працуюць каля 500 кітайцаў. 400 з іх з’ехалі на канікулы ў Кітай. Іх вяртання чакаюць у пачатку лютага. Адміністрацыя парку рэкамендуе працаўнікам, якія вернуцца ў нашую краіну, прайсці 14-дзённы каранцін, распавяла «Белсату» прэс-сакратар парку «Вялікі камень» Вольга Рудая.

«Людзі толькі пачынаюць вяртацца. Але асноўная плынь працаўнікоў чакаецца бліжэй да сярэдзіны лютага. Таму адміністрацыя парку рэкамендуе, каб было праходжанне 14-дзённага каранціну. У гэты час людзям рэкамендуюць не выходзіць з дому. Некаторыя будуць працаваць аддалена», – распавяла «Белсату» Вольга Рудая.

Такім чынам, 400 працаўнікоў з Кітаю, якія прыедуць у Беларусь пасля канікулаў, два тыдні не будуць выходзіць са сваіх пакояў – гэта час інкубацыйнага перыяду коронавірусу.

Падчас зімы і канікулаў працаўнікоў з Кітаю замяшчаюць беларускімі субпадрадчыкамі, каб не запавольваць будаўніцтва і не адставаць ад тэрмінаў.

«Цяпер галоўныя працы выконваюць будаўнікі. Але традыцыйна ў зімовы перыяд у нас працаўнікі з Беларусі замяняюць працаўнікоў з Кітаю. Гэта сезонны спад працаў, але хапае беларускіх будаўнікоў, якія працуюць на абʼектах», – дадала Вольга Рудая.

Hавiны
Эвакуяваных з Ўу-Хані беларусаў змясцілі на каранцін у Казахстане
2020.02.03 07:57

СК belsat.eu

Стужка навінаў