Прагулкі на свежым паветры ў масках: як краіны Еўразвязу выходзяць з каранціну


У Еўропе эпідэмія каронавіруса шмат у якіх краінах ідзе на спад, і еўрапейскія ўрады паступова змякчаюць абмежавальныя захады. Людзі і эканоміка мусяць вярнуцца да звыклага жыцця. Што дзеля гэтага зробяць у найбліжэйшы час?

Польшча

Польшча 4 траўня адчыніць гандлёвыя цэнтры і гатэлі. Узновіцца і грамадскае жыццё – запрацуюць бібліятэкі і музеі. Акрамя таго, з 6 траўня дзеці змогуць наведваць яслі ды дзіцячыя садкі. Адначасова польскі ўрад нагадвае пра неабходнасць захіляць рот і нос, а таксама захоўваць сацыяльную дыстанцыю ў публічных месцах. Тым часам забарона на ўезд іншаземцаў працягнутая да 13 траўня. Уязджаць маюць права сужэнцы і дзеці грамадзянаў Польшчы, уладальнікі карты паляка, а таксама замежнікі з відам на жыхарства або дазволам на працу.

Надпіс з заклікам заставацца дома на вуліцах польскага гораду Отвоцк.
Фота: Mateusz Wlodarczyk / Forum

З пачатку пандэміі каронавіруса ў Польшчы зафіксавана больш за 13,3 тысяч выпадкаў заражэння COVID-19, памерлі 664 асобы. Паправіліся каля 3,2 тысячы асобаў. (Тут і далей звесткі Універсітэту Джонса Гопкінза.)

Італія

У Італіі з 4 траўня бары і рэстараны змогуць прадаваць ежу на вынас. Адкрыюцца паркі, узновяць працу заводы і будаўнічыя пляцоўкі. Людзям дазволяць наведваць родных, але невялікімі групамі ды ў ахоўных масках. Музеі ды бібліятэкі будуць чынныя з 18 траўня. Тады ж спартовыя каманды змогуць аднавіць групавыя трэніроўкі. Школы застануцца зачыненыя да пачатку навучальнага года ў верасні. Таксама пакуль пад забаронай і службы ў храмах.

Італьянскія вайскоўцы вывозяць труны з целамі ахвяраў пандэміі каронавіруса ў суседнія гарады. На могілках Бергама ўжо няма месцаў.
Фота: Sergio Agazzi.Fotogramma / Reuters / Forum

Агулам у Італіі 207 тысяч зарэгістраваных выпадкаў каронавіруса, колькасць смерцяў перавысіла 28 тысяч. Ачунялі больш за 78 тысячаў чалавек.

Нямеччына

Урад Нямеччыны прыняў рашэнне адкрыць дзіцячыя пляцоўкі. Аднак бацькі мусяць сачыць, каб шмат дзяцей не збіралася. Акрамя таго, вырашана адчыніць храмы, музеі ды выставы. Адзінага тэрміну адкрыцця не названа – улады федэральных зямель будуць вырашаць гэта самастойна, з увагі на сітуацыю ў рэгіёне. Пытанне пра адкрыццё школаў, дзіцячых садкоў і аднаўленне працы спартовых клубаў абмяркуюць 6 траўня. Гэта датычыць і футбольнай бундэслігі.

Колькасць пацверджаных выпадкаў заражэння каронавірусам у Нямеччыне – 164 тысячы. Лятальных выпадкаў больш за 6,7 тысячы. Вылекаваліся 129 тысячаў чалавек.

Аўстрыя

Жыхарам Аўстрыі з 1 траўня не патрэбна асаблівых прычынаў, каб выйсці з дому.Тым не менш у публічных месцах па-ранейшаму неабходна захоўваць сацыяльную дыстанцыю. Колькасць людзей, якім дазволена збірацца разам, пакуль абмежаваная дзесяццю. Рэстараны адчыняцца 15 траўня, а гатэлі, басейны і спарткомплексы – 29 траўня.

Hавiны
Не зважаючы на пандэмію, «Белавія» адкрывае рэгулярны рэйс Менск – Вена
2020.04.25 18:03

У Аўстрыі выяўлена каля 15,5 тысячы інфікаваных, 596 асобаў памерлі. Паправіліся 13 тысяч чалавек.

Францыя

У Францыі абмежаванні пачнуць паслабляць з 11 траўня. Адчыняцца дзіцячыя садкі ды пачатковыя школы – пакуль на добраахвотнай аснове. Сярэднія школы паступова ўзновяць працу з 18 траўня. У той жа час студэнты застануцца дома да верасня. Непрадуктовыя крамы запрацуюць 11 траўня, а вось рэстараны і бары будуць зачыненыя да чэрвеня. Спартовых чэмпіянатаў краіны, у тым ліку футбольнага, да верасня не ўзновяць. Нашэнне ахоўных масак застанецца абавязковым.

Паліцыя ў Францыі спраўджвае дакументы ў мінакоў пасля ўвядзення каранціну.
Фота: ACAU / BACKGRID / Backgrid UK / Forum

У Францыі выяўлена 167,3 тысячы інфікаваных COVID-19, памерлі больш за 24,5 тысячы асобаў. Ачуняла 51 тысяча чалавек.

Іспанія

Іспанцы з 2 траўня змогуць выйсці са сваіх дамоў, каб падыхаць свежым паветрам. Дазволяць прагулкі ды індывідуальныя заняткі спортам. 4 траўня адчыняцца рэстараны, якія гатуюць ежу на вынас, цырульні ды тэрапеўтычныя кабінеты. Таксама ўзновяцца трэніроўкі прафесійных спартсменаў. 11 траўня запрацуюць гатэлі. Дазволяць абмежаванае наведванне храмаў. Што датычыць школаў – цалкам яны не будуць адчыненыя да верасня.

Hавiны
Хто збярэ спаржу ды вінаград? На фермах Еўразвязу дэфіцыт замежных працаўнікоў
2020.04.25 22:56

У Іспаніі з пачатку ўспышкі каронавіруса колькасць выяўленых заражэнняў склала каля 213 тысяч, лік смяротных выпадкаў перакрочыў 24,5 тысячы. Паправіліся 112 тысяч чалавек.

АР belsat.eu

Стужка навінаў