Хто збярэ спаржу ды вінаград? На фермах Еўразвязу дэфіцыт замежных працаўнікоў


Збор белай спаржы ў Аўстрыі, 23 красавіка 2020 г.
Фота: LISI NIESNER / Reuters / Forum

Абмежаванні, прынятыя еўрапейскімі краінамі для змагання з распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі, стварылі цяжкасці для аграрнага сектару краінаў Еўразвязу.

Не хапае каля 1 млн працаўнікоў

У многіх галінах сельскай гаспадаркі Еўрапейскага звязу – асабліва ў вырошчванні садавіны ды гародніны – шмат залежыць ад сезонных працаўнікоў. Але праз крызіс у адной толькі Нямеччыне іх недахоп можа дасягнуць 300 000 чалавек. Італія патрабуе каля 250 000, а Францыя – больш за 200 000. У Вялікай Брытаніі ды Іспаніі не хапае прыкладна па 70 000 – 80 000 сезонных працаўнікоў, адзначае Financial Times.

Знайсці іх нялёгка. Яшчэ ў канцы сакавіка, французскі міністр сельскай гаспадаркі Дыд’ё Гіём заклікаў французаў, якія знаходзяцца на каранціне, праявіць салідарнасць, каб «мы ўсе маглі есці», піша EUObserver.

Аб’ектыў
Пагроза «Біблейскага голаду»
2020.04.22 22:46

У Вялікай Брытаніі паспрабавалі прыцягнуць да вырашэння аграрнага пытання беспрацоўных, але ў іх няма адпаведных досведу ды кваліфікацыі, якія ёсць у аграрных мігрантаў. І хоць цікавасць да абвестак пра працу ў сельскай гаспадарцы значна вырасла, запоўніць недахоп уласнымі сіламі не атрымаецца, адзначае The Guardian.

Працаўнікоў завозяць чартарнымі рэйсамі

30 сакавіка Еўракамісія апублікавала практычныя рэкамендацыі для забеспячэння мабільнасці працаўнікоў, якія адносяцца да крытычна важных у барацьбе з пандэміяй каронавіруса, каб яны маглі выйсці на працу. Харчовы сектар, у тым ліку ў дачыненні да сезонных рабочых, апынуўся сярод ключавых.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, размаўляе з фермерамі, якія вырошчваюць памідоры ў французскай правінцыі Брэтань. 22 красавіка, 2020 г.
Фота: STEPHANE MAHE / Reuters / Forum

Але пытанне перасоўвання ўнутры Еўрапейскага звязу застаецца адкрытым. Гэтак, асноўную масу сезонных працаўнікоў у Нямеччыне складалі румынскія сяляне. Але пасля таго, як Бухарэст увёў у краіне надзвычайны стан, збор нямецкага «белага золата» – спаржы, які мусіць адбывацца ўжо ў канцы красавіка, апынуўся пад пагрозай.

Пад ціскам аграрнага лобі Берлін папрасіў Бухарэст дазволіць румынскім сезонным працаўнікам прыехаць у Нямеччыну. Урад Румыніі на гэта пагадзіўся, прызнаўшы, што не мае сістэмы падтрымкі іх даходаў. Такім чынам, збор спаржы пераважыў пандэмію, хоць Нямеччына раней забараніла ўезд замежным працаўнікам, а румынскі каранцін мусіў быць працягнуты яшчэ на месяц, піша The Guardian.

Не адстае ў гэтым плане і Вялікая Брытанія, у якую ў сярэдзіне красавіка з той самай Румыніі пачалі прыбываць першыя чартары з сезоннымі працаўнікамі.

Неэфектыўнае мусіць змяніцца

Спрабуюць ліквідаваць дэфіцыт і ў Іспаніі, дзе доля іншаземных працаўнікоў у сельскай гаспадарцы дасягае ледзь не 90 %. Як адзначыў у каментары belsat.eu Арцём Данілаў, беларус, які некалькі гадоў жыве ў Іспаніі і працуе ў ІТ, афіцыйны Мадрыд ужо мае падтрыманы вытворцамі план пэўных паслабленняў для іншаземных працаўнікоў, якія будуць прытрымлівацца ўзгодненых абмежаванняў (легальная дамова, абмежаванне перасоўвання і век), а сам надзвычайны стан на сёння павінен скончыцца 9 траўня. Таксама ў краіне вялікі адсотак беспрацоўя (16,9 %), а самыя вялікія паказнікі адпавядаюць тым рэгіёнам, якія найболей задзейнічаныя ў сельскай гаспадарцы і дзе бракуе людзей.

«У асноўным людзей не хапае на экспартных таварах (напрыклад, гэта вінаград), якія не факт, што ў выніку некім набудуцца. На тых самых Канарах пасля знікнення турыстаў вытворцы не ведаюць, што рабіць, бо сфера абслугоўвання – асноўны іх кліент (60-65 %) і тавараў болей, чым патрэбна», – заявіў Арцём Данілаў.

Таму суразмоўца не вельмі пераймаецца праблемай недахопу сезонных працаўнікоў у аграрнай сферы і не лічыць гэта праблемаю, бо ўнутраны рынак, паводле яго, цалкам забяспечаны, а экспарт аграрнай прадукцыі складае толькі 2,6 % ВУП краіны.

Альберта Андрэс Гансалес, кіраўнік фабрыкі, якая спецыялізуецца на вытворчасці вяндліны. Іспанія, 14 красавіка 2020 г.
Фота: JUAN MEDINA / Reuters / Forum

«Сам ратаваць сельскую гаспадарку не планую. Наколькі я разумею, іспанцы таксама, бо працоўны рынак на сённяшні момант арыентаваны на іншаземцаў і пакуль не здольны зацікавіць дарагую працоўную сілу, а беспрацоўныя і захады ўрада павінны калі не вырашыць праблему, дык прынамсі мінімізаваць страты. Безумоўна, як частка агульнага стану і эканамічных стратаў мне тое не падабаецца і пужае (лічыцца, што ўсё горай, чым падчас крызісу 2008 года), але, бадай, што гэта нашая новая рэчаіснасць. Паглядзім. Дакладна вядома, што ўсё неэфектыўнае мусіць змяніцца. Спадзяюся на найлепшае і найэфектыўнейшае», – падкрэсліў Арцём Данілаў.

«Я стамілася ад вялікіх гарадоў»

Між тым Вольга Улевіч, якая некалькі гадоў прапрацавала ў Іспаніі гідам, наадварот адгукнулася на прапановы ўраду запоўніць недахоп працаўнікоў у сельскай гаспадарцы ды даслала адпаведныя анкеты. Зараз якраз трэба збіраць чарэшні, цыбулю, часнык, салаты.

«Анкеты запоўнілі шмат хто з маіх сяброў, якіх таксама завабіла гэтая ідэя. Бо працы іншай няма. Я як гід абсалютна не запатрабаваная, напэўна, да наступнага году. І, канечне, любая праца важная. А мне асабіста хацелася працаваць на зямлі. Мне заўсёды прыносіла задавальненне, давала натхненне і адпачынак, калі я з экскурсіямі прыязджала на вінаграднікі ці на сырныя фермы. Я ўсё жыццё пражыла ў Менску, працавала ў Маскве і я стамілася ад вялікіх гарадоў. Мне вельмі падабаецца спакойнае загараднае жыццё», – адзначыла суразмоўца ў каментары belsat.eu.

Вольга Улевіч.
Фота: Facebook

Але ні Вользе, ні ейным сябрам ніхто пасля анкетаў не адказаў. На яе думку, прычына гэтага ў тым, што іспанскі ўрад паабяцаў таксама легальны статус тым імігрантам, хто знаходзіцца ў краіне незаконна, калі яны дапамогуць у сельскай гаспадарцы. А ім, мяркуе яна, можна плаціць значна менш, чым грамадзянам Іспаніі.

«Але я не губляю надзеі. Бо калі сапраўды працоўныя рукі патрэбныя, то яны патрэбныя. Я паўторна даслала анкеты. Па-другое, я запісала відэазварот. Падпісалася амаль на ўсіх вінаробаў той зоны, дзе я жыву. І пачала рассылаць відэа тым, каго ведаю асабіста, да каго прыязджала як гід з турыстамі, з кім у мяне склаліся асабліва цёплыя стасункі. Мне падаецца, што пакуль тармазіць бюракратычная машына, бо асабіста ўладальнікі вінаграднікаў і іншых сельскіх кааператываў не маюць права наймаць такіх працаўнікоў. Яны павінны прыходзіць праз асацыяцыі, але там, падобна, нейкая блытаніна, бо зараз мы жывем у час вялікай блытаніны, усё трошкі тармазіць», – адзначыла суразмоўца.

Пры гэтым Вольга Улевіч падкрэсліла, што калі спатрэбіцца, дашле анкеты і ў трэці раз.

Куды падзецца беларусам?

Значную частку сезонных працаўнікоў у краінах Еўразвязу складалі жыхары тых краінаў, якія не ўваходзяць у Еўразвяз – Беларусі, Украіны, Марока і гэтак далей. Больш за тое, Нямецкая асацыяцыя спаржавых і ягадных ферм яшчэ ўвесну 2019 года заклікала адкрыць працоўны рынак краіны для сезонных рабочых з Беларусі ды Украіны, бо на спаржавыя фермы Нямеччыны на збор ураджаю прыязджала ўсё менш работнікаў з Польшчы ды Румыніі.

Hавiны
Нямецкія фермеры чакаюць сезонных рабочых з Беларусі
2019.05.09 10:16

Таму і зараз у беларусаў застаюцца, хай і абмежаваныя магчымасці папрацаваць у полі за мяжой. Гэтак, у сацыяльных сетках і сёння можна пабачыць абвесткі для беларусаў пра збор памідораў ці клубніц у Польшчы.

Прыехаў на працу – сядзі на каранціне

Адмысловы закон быў прыняты і ў Фінляндыі, якая закрыла свае межы 19 сакавіка. Але ўжо 6 красавіка фінскі парламент прыняў рашэнне, якім унёс аграрныя працы ў спіс крытычных для эканомікі краіны.

«Было вырашана ўвесці квоту ў 1500 чалавек. Праз Міністэрства сельскай гаспадаркі працадаўцы рэгістравалі сваіх працаўнікоў, каб атрымаць квоту. Напрыклад, калі фермер рэгістраваў 15 працаўнікоў, ён атрымліваў квоту толькі на 5. Цяпер у Фінляндыю могуць уехаць толькі тыя працаўнікі аграрнай сферы, чые прозвішчы ёсць у памежнай службы краіны», – паведамілі belsat.eu у адной з фірмаў, што дапамагае з працаўладкаваннем беларусаў за мяжой.

Дзякуючы гэтаму, адна група беларусаў ужо скіравалася ў Фінляндыю ў красавіку. Наступная чакаецца ў траўні. Яны паехалі на пасадачныя працы. Улетку, калі пачнецца збор ураджаю, у фірме чакаюць росту квоты на працоўных мігрантаў або ўвогуле скасавання абмежаванняў на колькасць сезонных працаўнікоў.

З Украіны ж у выніку міжурадавай дамовы былі арганізаваныя нават чартарныя рэйсы ў Фінляндыю на сельскагаспадарчыя працы.

Беларусы, якія ўжо мелі раней дазвол на працу ў Нарвегію ды візу, могуць прылятаць у гэтую краіну. Праўда, што ў выпадку Нарвегіі, што Фінляндыі працаўнікі павінны па прыездзе адбыць два тыдні ў каранціне. І толькі пасля гэтага яны могуць прыступаць да працы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў