Польшча рыхтуецца да выбараў

Выбары кіраўніка дзяржавы ў траўні могуць скончыцца сапраўдным палітычным землятрусам.

Прэзідэнт Польшчы – вярхоўны галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі, рэпрэзентуе краіну за мяжой і прымае кіраўнікоў замежных дзяржаваў. Не ангажуецца ў працу ўраду, дый не мае такога канстытуцыйнага права. Не вучыць фермераў, як гадаваць быдла, не робіць «разносу» на прадпрыемствах і не пераапранаецца ў дырэктараў нафтавых, газавых ці энергетычных кампаніяў. Прэзідэнт Польшчы мае права вета, але яго таксама можна абыйсці. Толькі дзеля гэтага ў парламенце мусяць прагаласаваць 3/5 усіх дэпутатаў (276 з 460). Акрамя гэтага, на пленарным паседжанні прысутнічаць мусяць не менш за палову дэпутатаў. Кіроўная другую кадэнцыю запар (з 2015 года) партыя «Закон і справядлівасць» («Prawo i Sprawiedliwość») мае толькі 239 месцаў у Сейме. На вялікае, ад выбараў 10 траўня залежыць палітычная будучыня краіны. Кіроўная сіла не хоча траціць свайго чалавека ў прэзідэнцкім палацы, апазіцыя не хоча, каб «Закон і справядлівасць» канчаткова забетанаваў пад сабою палітычную сцэну.

Меркаванні
«Сёння суддзі, заўтра ты». Чаму тысячы палякаў выйшлі на вуліцу?
2019.12.19 13:05

Who is who?

Галоўная навіна гэтай кампаніі – Шыман Галоўня (Szymon Hołownia), польскі журналіст і сувядоўца папулярнай у Польшчы праграмы «Mam talent» (аналаг амерыканскай «America’s Got Talent»). Галоўня разам з папулярным у Польшчы вядоўцам Марцінам Пракопам цягам гадоў стварылі вобраз комікаў. Калі Галоўня заявіў пра свае палітычныя амбіцыі, польская прэса адразу параўнала яго з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Маўляў, ён таксама «прыйшоў з тэлевізара» ў вялікую палітыку. Праблема ў тым, што Зяленскага пазнавала ўся Украіна і не толькі, а Галоўню ведаюць далёка не ўсе палякі.

Яшчэ адна нечаканасць выбарчай гонкі – удзел Робэрта Бедраня (Robert Biedroń), вакол якога аб’ядналіся ўсе левыя сілы. Раней быў мэрам Слупску, гораду ў паўночнай частцы Польшчы з насельніцтвам амаль 330 тысячаў чалавек. Адкрыты гей. «Роўныя правы для ўсіх» незалежна ад нацыянальнасці, веры ці сексуальнай арыентацыі – гэта галоўны пасыл ягонай кампаніі. Дарэчы, Бедрань – дэпутат Еўрапарламенту і кіраўнік дэлегацыі, якая займаецца супрацаю з Беларуссю. Гэта ён павінен быў ехаць у Беларусь з групай еўрадэпутатаў, якім некалькі дзён таму не ўдалося сустрэцца ў Менску з чальцамі Палаты прадстаўнікоў. Пастанавіў не рызыкаваць. Мала таго, што рэпрэзентуе левыя сілы, якіх у Польшчы правыя часта называюць «нашчадкамі камуністаў», дык яшчэ быў бы адзіным кандыдатам, які падчас кампаніі мінуў усходнюю мяжу. Можна толькі ўявіць каментары ў польскіх медыях.

Меркаванні
Ці ўтрымае Качыньскі ўладу ў Польшчы?
2019.10.20 13:48

Нядаўна ў Гайнаўцы прайшоў марш польскіх нацыяналістаў, якія штогод праводзяць падобную імпрэзу і носяць плакаты з выявай Рамуальда Райса «Бурага». Менавіта ён спрычыніўся ў 1946-ым да знішчэння беларускіх вёсак на Беласточчыне. Пры чым тут выбары? У гэтым годзе падтрымаць праціўнікаў маршу прыязджаў Робэрт Бедрань. Абяцаў, што калі будзе прэзідэнтам, будзе будаваць масты «паміж Усходам і Захадам». Казаў пра супрацу Польшчы з Беларуссю, Украінай і Літвой. Сам ён у Беларусі ніколі не быў, як асабіста прызнаў у інтэрв’ю на пачатку студзеня. Дарэчы, складана ўявіць чым будзе займацца яго дэлегацыя ў ЕП да траўня, пакуль у Польшчы не скончацца выбары.

За прэзідэнцкае крэсла змагаецца таксама Кшыштаф Босак (Krzysztof Bosak) з нацыяналістычнай і еўраскептычнай Канфедэрацыі (Konfederacja). Партыя мае ў Сейме 11 дэпутатаў, адзін з лідараў – Януш Корвін-Міке (Janusz Korwin-Mikke), якога смела можна назваць польскім Жырыноўскім. Дасюль ён пяць разоў балатаваўся на прэзідэнта, цяпер, відавочна, саступіў месца малодшаму сябру.

У прэзідэнты ідзе таксама рэпер Пётр Лірай-Мажэц (Piotr Liroy-Marzec), які прыйшоў у палітыку ў 2015 годзе. У 2018 годзе ён спрабаваў стацца мэрам Кельцаў, але не ўдалося. Не прайшоў ён і ў Сейм падчас кастрычніцкіх парламенцкіх выбараў, хоць дзеля гэтага аб’яднаўся з аграрыямі (Polskie Stronnictwo Ludowe – PSL), на чале якіх стаіць Владыслаў Касіняк-Камыш (Władysław Kosiniak-Kamysz).

Касіняк-Камыш узгадваў пра Беларусь толькі аднойчы – калі казаў пра патрэбу «прыцягнення Беларусі і Украіны бліжэй да Еўропы». Дарэчы, каб не каронавірус, замежная палітыка ўвогуле б не прысутнічала ў павестцы польскіх выбараў.

І тут мы пераходзім ужо да больш сурʼёзнай палітыкі.

Аб’ектыў
«Менш ідэяў, больш матэрыялізму». Чаму на выбарах у Польшчы перамаглі кансерватары?
2019.10.14 23:12

Fifty-fifty

Ідэальным варыянтам для «Закону і справядлівасці» была б перамога ў першым туры дзейнага прэзідэнта Анджэя Дуды. Юрыст і былы еўрадэпутат Дуда – фаварыт выбарчай гонкі і паводле ўсіх сацыялагічных апытанняў мае вялікую перавагу над канкурэнтамі, якія вінавацяць яго ў надзвычайнай залежнасці ад кіроўнай партыі. Тое, што прэзідэнт не можа супрацьстаяць «Закону і справядлівасці», у прыватнасці ў рэалізацыі судовай рэформы, якую крытыкуюць у Еўразвязе, – галоўны аргумент апазіцыі. Маўляў, «Закон і справядлівасць» падмінае пад сябе не толькі ўсе дзяржаўныя інстытуты, але і суды, а прэзідэнт «усё падпісвае». Паводле адных апытанняў, Дуда перамагае ў першым туры, паводле іншых – другі тур непазбежны.

Пра Беларусь апошні раз Дуда выказваўся на пачатку снежня падчас саміту NATO у Лондане. Маўляў, «кожная суверэнная дзяржава вырашае, у якія саюзы ўваходзіць». Зазначыў, аднак, што Польшча ў дачыненні да Беларусі зʼяўляецца «прыхільнікам дэмакратыі».

Галоўная канкурэнтка прэзідэнта – Малгажата Кідава-Блоньска (Małgorzata Kidawa-Błońska) з апазіцыйнай Грамадзянскай кааліцыі (Koalicja Obywatelska). У яе багатая радаслоўная. Праўнучка прэзідэнта Станіслава Вайцехоўскага (1922–1926), а таксама праўнучка прэмʼера Польшчы Уладыслава Грабскага (1923–1925). Асабіста ж была прэс-сакратаром ураду Дональда Туска пасля Эвы Копач (2014–2015). Цягам некалькіх месяцаў у 2015 годзе займала пасаду маршалка Сейму. Пра Беларусь Кідава-Блоньска не выказвалася.

Паводле апошняга апытання Цэнтру даследавання грамадскай думкі (праводзілі 6–16 лютага), займае другое месца (20 %) пасля прэзідэнта Дуды, за якога хочуць галасаваць 50 % палякаў. Трэцюю пазіцыю дзеляць Галоўня і Касіняк-Камыш, якія маюць па 5 %. Мінімальна адстае Бедрань, а закрывае спіс Босак, які можа разлічваць на 1 % галасоў.

Аднак не ўсё так адназначна. Паводле іншага апытання, праведзенага 22 лютага пляцоўкай «United Survey» (для радыё «RMF FM» і газеты «Dziennik Gazeta Prawna»), Дуда атрымлівае 41,9 %, Кідава-Блоньска – 22,2 %, Касіняк-Камыш – 10,4 %, Бедрань – 8,2 %, Галоўня – 7,4 %, Босак – 4,1 %. Аднак самае цікавае – другі тур. Тут, паводле «United Survey», Дуда перамагае Кідаву-Блоньску, але саступае лідару аграрыяў. Калі б менавіта яны сустрэліся ў другім туры, Дуда атрымаў бы 43,9 % галасоў, Касіняк-Камыш – 45,9 %.

Польская сацыялогія ўмее інтрыгаваць. У адрозненні ад Беларусі, дзе сацыёлагаў выслалі ў падполле, тут яны – актыўныя ўдзельнікі выбарчага працэсу. Дзясяткі сацыялагічных цэнтраў абслугоўваюць розныя штабы. А хто ў Беларусі будзе абслугоўваць штаб таго ж Севярынца? Есць сацыялагічныя цэнтры? Няма, як і выбараў.

Меркаванні
Нафта з Польшчы? Варшава не давярае Лукашэнку
2020.01.23 18:02

Рэакцыя па Беларусі будзе?

Незалежна ад выніку выбараў, палітыка ў дачыненні да Беларусі не зменіцца і тактыка «асцярожнага ацяплення» стасункаў працягнецца. Ніхто не зацікаўлены ў тым, каб Лукашэнка заставаўся адзін на адзін з Пуціным дый нявырашаных пытанняў шмат, а «ацяпленне» дазваляе, прынамсі, размаўляць пра іх у дыпламатычных кулуарах. Адзінае, што можа пакрыжаваць «шматвектарнасць» замежнай палітыкі Менску – брутальны разгон пратэстаў і арышты апазіцыі падчас выбараў прэзідэнта Беларусі. У такім выпадку, незалежна ад таго, хто будзе прэзідэнтам Польшчы, рэакцыя будзе адназначная і рэгрэс у стасунках непазбежны.

Чытайце таксама:

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў