Аб'ектыў 14.10.2019 «Менш ідэяў, больш матэрыялізму». Чаму на выбарах у Польшчы перамаглі кансерватары?


У суседняй Польшчы на выбарах у Сейм кіроўная партыя «Права І Справядлівасць» утрымала свае пазіцыі і зноўку самастойна сфармуе ўрад. Ці зменіцца замежная палітыка Польшчы?

Падлік галасоў амаль скончаны. Партыю «Права і справядлівасць» падтрымалі 44 адсоткі выбарнікаў. Кансерватары Яраслава Качыньскага і Матэўша Маравецкага атрымліваюць абсалютную большасць у польскім парламенце.

Паводле ўступных падлікаў, «Права і справядлівасць» возьме ў Сейме 239 месцаў з 460. Галоўны супернік – цэнтраправая «Грамадзянская кааліцыя» – атрымае 131 мандат. У парламент таксама прайшлі аб’яднаныя левыя, Сялянская партыя і «Канфедэрацыя» – невялікая група папулістаў і скрайнеправых.

На выбарчыя ўчасткі прыйшоў 61 адсотак палякаў – гэта рэкорд за апошнія 30 гадоў. І такога падтрымання, як «Права і справядлівасць», за 3 дзесяцігоддзі не дамагалася ніводная партыя. Ярослаў Качыньскі, лідар партыі «Права І Справядлівасць»:

«Мы атрымалі перамогу! І вельмі гэтаму радыя. Памятаеце, пакуль толькі гэта экзітпол, гэта не канчатковая перамога. Але прычыны радавацца ў нас несумненна ёсць!»

Дэпутацкіх мандатаў у «Права і справядлівасці» дастаткова, каб сфармаваць урад самастойна – не ўваходзячы ў кааліцыі з іншымі партыямі. Апазіцыя абяцае не здавацца і рыхтавацца да выбараў прэзідэнта. Гжэгаж Схетына, «Грамадзянская кааліцыя»:

«Я хачу перадаць усім тым, хто марыў пра вялікую перамогу і пра дамінаванне; пра тое, каб выбудаваць дзяржаву так, каб было добра толькі ім! Я хачу сказаць ім: «Не выйдзе!»

Цалкам кантраляваць заканатворчы працэс «Праву і справядлівасці» не дазволяць вынікі выбараў у Сенат. У верхняй палаце парламенту 51 мандат са 100 заваявала апазіцыя. Ярослаў Качыньскі, лідар партыі «Права І Справядлівасць»:

«Барацьба на нашай палітычнай сцэне, дзе мы ўжо 4 гады змагаемся з татальнай апазіцыяй, – гэта адно. А сітуацыя некаторых сацыяльных групаў – гэта зусім іншае. І да гэтых групаў мы яшчэ раз звернемся з прапановаю польскай версіі дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту».

За апошнія 4 гады ўрад «Права І Справядлівасці» увёў штомесячныя выплаты на кожнае дзіця памерам 130 долараў, даў пажылым «трынаццатую пенсію», адмяніў непапулярнае павышэнне пенсіённага ўзросту, а маладых пазбавіў ад выплаты падаходнага падатку. Менавіта сацыяльная палітыка прынесла кансерватарам поспех на выбарах. Руслан Шошын, журналіст газеты «Rzeczpospolita»:

«Вось гэта, напэўна, і перамагло. Менш ідэяў, больш матэрыялізму і адчувальных рэчаў, я б сказаў».

Па словах журналіста, вонкавая палітыка была менш паспяховая. З аднаго боку развіццё дачыненняў з ЗША, але з другога – вострыя дыскусіі з Бруселем, а на ўсходнім кірунку Варшава актыўнасці не праяўляла. Ці зменіцца што-небудзь пасля парламенцкіх выбараў? Руслан Шошын, журналіст газеты «Rzeczpospolita»:

«Калі паслухаць дэбаты, дыскусіі, то польскія палітыкі казалі аб еўрапейскіх стандартах, супрацы ў межах Еўразвязу, супрацы з ЗША. Для некаторых прыярытэтам была Амерыка, для некаторых – Еўропа. А ўсходнія суседзі для Польшчы як быццам не існавалі. Гэтым займаецца толькі нехта ў Міністэрстве замежных справаў».

Хто ўзначаліць асобныя міністэрствы і стане прэмʼерам, мы даведаемся ў канцы лістапада – праз 2 тыдні пасля першага паседжання новаабранага Сейму. Галоўным прэтэндэнтам на прэмʼерскае крэсла палітыкі «Права І Справядлівасці» называюць дзейнага кіраўніка ўрада Матэўша Маравецкага.

Аляксандр Папко belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары