Ці ўтрымае Качыньскі ўладу ў Польшчы?

Прарасейскія сілы ў Сейме, апазіцыйны Сенат і наступныя прэзідэнцкія выбары. Кіроўная партыя ў Польшчы «Закон і справядлівасць» (PiS) не перамагла так як хацела.

Парламенцкія выбары 13 кастрычніка выйграла партыя «Закон і справядлівасць» (PiS), за якую свае галасы аддала больш за 8 мільёнаў палякаў. Дзякуючы гэтаму партыя атрымала пераможныя 43,59 %. Пасля абвяшчэння першых уступных вынікаў польскія і замежныя медыі абляцела гучная навіна – партыя Ярослава Качыньскага пабіла ўсе рэкорды ў гісторыі польскіх парламенцкіх выбараў. Аднак эмоцыі пачалі спадаць калі стала вядома колькасць мандатаў, якую атрымала кіроўная партыя. У Сейме IX кадэнцыі PiS мае 235 з 460 мандатаў. Такім чынам партыя адзін у адзін паўтарыла свой вынік з 2015 году, а большая колькасць здабытых галасоў (больш за 2 млн чым на папярэдніх выбарах) не адлюстравалася на колькасць мандатаў у акругах. Вось так працуе прапарцыйная выбарчая сістэма.

Дзяржаўная выбарчая камісія Польшчы агалошвае вынікі выбараў. 14 кастрычніка 2019 году, Варшава. Фота Mateusz Wlodarczyk / Forum

Кіраўніцтва PiS лічыла на большае. На вынік працавалі вельмі каштоўныя і рэвалюцыйныя для польскай палітыкі сацыяльныя праграмы. Дзякуючы рэформам PiS сёння бацькі ў Польшчы атрымліваюць 500 злотых (116 еўра) у месяц на кожнае дзіця да яго паўналецця, столькі ж дадаткова атрымаюць людзі з інваліднасцю, пенсіянеры атрымалі 13-ю пенсію ў памеры 1100 злотых (260 eўраў), а кожны школьнік напярэдадні 1 верасня атрымлівае 300 злотых (70 еўра).

Выбары ў польскі Сейм і Сенат, галасуе лідар партыі PiS Ярослаў Качыньскі. 13 кастрычніка 2019 году. Фота Adam Chelstowski / Forum

Відавочна гэта не пераканала амаль 9 млн палякаў, якія свае галасы аддалі апазіцыі: партыі Грамадзянская Платформа (PO), Кааліцыі левых сілаў (SLD «Саюз Дэмакратычных Левых», Razem (Разам) і Wiosna (Вясна), а таксама аграрыям з PSL, якія абʼядналіся з партыяй Паўла Кукіза (польскі спявак) у «Польскую Кааліцыю» (Koalicja Polska). Разам польская апазіцыя атрымала 213 мандатаў. У сваю чаргу больш за 1,2 млн грамадзянаў Польшчы правялі ў парламент 11 дэпутатаў з кансерватыўнай «Канфедэрацыі» (Konfederacja). На яе чале стаіць самы эксцэнтрычны польскі палітык Януш Корвін-Мікке, які неаднаразова выказваўся за саюз з Расеяй, супраць членства Польшчы ў НАТА і Еўразвязе. Быў адным з нямногіх польскіх палітыкаў, якія наведалі адарваны ад Украіны Крым. Аднак прысутнасць прарасейскіх сілаў у Сейме, якія не будуць мець істотнага ўплыву на ўнутраную і замежную палітыку краіны, не асноўная праблема для Яраслава Качыньскага. «Закон і Справядлівасць» згубіла большасць у Сенаце, а гэта значны ўскладніць жыццё кіроўнай партыі.

Што можа Сенат?

У адрозненні ад выбараў у Сейм, выбары ў Сенат адбываюцца па мажарытарнай выбарчай сістэме, у акрузе праходзіць кандыдат з большай колькасцю галасоў. Паводле канчатковых дадзеных Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Польшчы «Закон і Справядлівасць» атрымала 48 мандатаў у 100-асабовым Сенаце, вышэйшай палаты парламенту. Столькі ж атрымалі апазіцыйныя сілы, а чатыры месцы атрымалі незалежныя кандыдаты. Тры з іх абʼяднаўшыся з апазіцыяй ужо вырашаюць хто будзе маршалкам Сенату, у параўнанні з папярэднімі выбарамі ў 2015 PiS страціла там ажно 13 месцаў (мелі 61 сенатара).

Падлік галасоў. Фота Daniel Dmitriew / Forum

Паводле польскай канстытуцыі Сенат не мае права вета і не можа блакаваць законапраекты Сейму. Аднак будзе мець 30 дзён на ўнясенне сваіх паправак. Гэтыя папраўкі PiS можа адхіліць у Сейме, але толькі маючы галасы парламенцкай большасці (мінімум 231 дэпутат). Гэта азначае, што амаль усе дэпутаты кіроўнай партыі будуць вымушаныя прысутнічаць амаль на ўсіх паседжаннях Сейму. Апошнія чатыры гады маючы большасць у Сенаце PiS не мела такой праблемы.

Традыцыйна частка дэпутатаў кіроўнай партыі займае пасады ва ўрадзе (міністры, віцэ-прэмʼеры, віцэ-міністры, кіраўнік канцылярыі прэмʼера і гд.), сумяшчаць гэтыя функцыі з амаль кожным паседжаннем Сейму будзе вельмі складана, а часам немагчыма (будучы на прыклад у замежнай камандзіроўцы).

Першае паседжанне Сейму і Сенату IX кадэнцыі адбудзецца 12 лістапада. Рашэнне прыняў прэзідэнт Анджэй Дуда. Гэта вакол яго асобы ў бліжэйшыя месяцы будуць адбывацца асноўныя палітычныя баталіі.

Вета прэзідэнта

У адрозненні ад Сенату, прэзідэнт Польшчы мае права вета і можа блакаваць законапраекты, якія паўстаюць у Сейме. Менавіта таму выбары кіраўніка краіны ў наступным годзе для кіроўнай партыі будуць прыярытэтам нумар адзін. Прэзідэнт Анджэй Дуда афіцыйна пакуль не заявіў пра свой удзел у выбарах, якія хутчэй за ўсе адбудуцца напрыканцы красавіка ці на пачатку траўня 2020 года. У кулуарах польскай палітыкі кажуць, што дзеючы прэзідэнт абвесціць аб гэтым у бліжэйшым часе. Калі ў 2015 годзе «Закон і Справядлівасць» выставіла яго кандыдатуру ў прэзідэнты, на пачатку ніхто не верыў у яго перамогу. Акрамя таго, большасць выбарцаў не ведала нават дагэтуль яго імя. Большасць аналітыкаў і публіцыстаў не мае сумневу, што менавіта ён будзе прадстаўляць PiS на будучых выбарах прэзідэнта.

Кіраўнік Еўрапейскай рады і былы кіраўнік ураду Польшчы Дональд Туск аддаў свой голас на выбарчым участку ў Сопаце. Фота Lukasz Dejnarowicz / Forum

Пакуль самай вялікай таямніцай застаецца аднак тое, хто будзе тварам апазіцыі і ці апазіцыя выставіць супольнага кандыдата. Абапіраючыся на неафіцыйныя сацыялагічныя апытанні, апазіцыйныя сілы вырашаюць, хто мае найбольшы шанец на перамогу з дзейным кіраўніком Польшчы. Неафіцыйна вядома, што сярод асноўных кандыдатураў, якія разглядае апазіцыйная Грамадзянская Платформа ёсць кіраўнік Еўрапейскай рады і былы кіраўнік ураду Польшчы Дональд Туск і намеснік старшыні Сейму Малгажата Кідава-Блоньска, якая сталася тварам Грамадзянскай Кааліцыі на мінулых парламенцкіх выбарах. У прэсе зʼяўлялася таксама прозвішча былога кіраўніка польскай дыпламатыі Радаслава Сікорскага і мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага.

Малгажата Кідава-Блоньска. Фота Attila Husejnow / Zuma Press / Forum

Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, Кідава-Блоньска магла б аднак стаць найбольш небяспечным канкурэнтам для Дуды. Яе палітычны лёс будзе залежыць аднак ад таго, ці атрымаецца ў яе абʼяднаць вакол сваёй асобы электарат усіх апазіцыйных сілаў, а таксама тых выбарцаў, якія не ведаюць на каго галасаваць. Такіх сёння каля 10 адсоткаў. Гледзячы на тое, што апазіцыйныя партыі здабылі большасць галасоў 13 кастрычніка (PiS – 8,05 млн, апазіцыя – 8,9 млн), вынік выбараў кіраўніка краіны будзе ўжо не такі прадказальны.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў