«Прымушаюць перарабляць га*но». У «Еўраопце» тухлае мяса дадаюць у беляшы, каўбасу і фарш

Былая працаўніца рэчыцкага гіпермаркету «Еўраопт» Ірына Басарановіч, якую звольнілі за скаргу на камеры ў жаночай апранальні, распавяла belsat.eu пра парушэнні на вытворчасці. Жанчына больш за год працавала ў цэху апрацоўвання мясных вырабаў. Паводле яе, кіраўніцтва змяншала страты крамы, змушаючы падначаленых у свежае мяса дадаваць гнілое. Калектыву пагражалі змяншэннем заробку.

Ірына Басарановіч раней працавала кухаркаю ў яслях. У «Еўраопт» перайшла, бо абяцалі лепшы заробак – да тысячы рублёў. Яна пагадзілася на цяжкую працу. «Еўраопт» пачаў рэалізоўваць мясныя вырабы праз чатыры дадатковыя крамы, у тым ліку ў Брагіне і Лоеве. Нагрузка павялічылася, а грошай не дадалі. Ірына кажа, што гандаль у дадатковых пунктах быў кепскі, часта незрэалізаванае мяса вярталі ў «Еўраопт». І прымушалі работнікаў змешваць са свежым мясам.

«Дырэктар нам кажа, маўляў, спісвайце, гэта не вашыя праблемы. Напрыклад, зрабілі мы прадукцыю, яна не прадалася, ляжыць чатыры дні, слізкая. Я сварылася, выкідвала, але прыходзілі намеснікі дырэктара, у тым ліку мая начальніца Ларыса Кваснікава, і гаварыла адкрытым тэкстам, што трэба перапрацоўваць, а не спісваць, інакш самі будзем аплочваць страты», – апавядае Ірына.

На думку Ірыны, крамы не маюць права вяртаць мяса ў Рэчыцу, а мусяць спісваць на месцы:

«Ці крамы ў Менску аддаюць непрададзеныя прадукты на завод?»

«Еўраопт» у Рэчыцы. Фота Белсат

«Мы б самі такога ніколі не з’елі»

Жанчына кажа, што калегам з цэху таксама раіла выкідваць пратэрмінаванае і гнілое, але яны баяліся, бо ў гіпермаркеце – паўсюль камеры, а працы нідзе няма:

«Не рэалізуецца вельмі шмат тавару, выкідваюць тонамі, смярдзючае, зялёнае. Калі дадаць гнілое ў свежае, то праз два дні страшна да яго дакрануцца».

Ірына дадае, што ім даводзілася перакручваць каўбасы, дадаваць у розныя віды фаршу або аддаваць у аддзел паўфабрыкатаў, дзе тухлае мяса вараць, дадаюць спецыі, а пасля напаўняюць ім беляшы і галубцы:

«Менш людзей купляюць прадукцыю, бо яе немагчыма есці. Разумныя людзі разварочваюць, нюхаюць, даходзяць да касы і вяртаюцца аддаюць. Мы б самі такога ніколі не елі. Нас літаральна прымушалі перарабляць га*но. А вось калі начальству трэба або «патрэбным людзям», то кажуць рабіць са свежага толькі».

«Еўраопт» у Рэчыцы. Фота Белсат

Бактыцыд і ўсе, усе, усе

Са словаў былой працаўніцы «Еўраопту», пры гатаванні каўбасаў і фаршу выкарыстоўваюць прэпарат бактыцыд, які кансервуе мяса. Норма сродку на адзін кілаграм вельмі маленькая, але калі перапрацоўваюць няякасны прадукт, дадаюць вялікую колькасць:

«Мяса вымочваюць паўдня, каб прыбраць слізь і смярдзючы пах, толькі пасля гэтага мяса птушкі ідзе на вэнджанне або марынаванне, а ў свініну перад пракручваннем на фарш изноў дадаюць бактыцыд паводле нормы».

«Голыя ж ходзім». З «Еўраопту» звольнілі працаўніцу, якая паскардзілася на камеры ў раздзявалцы

Ларыса Кваснікава, начальніца цэху, дзе працавала Ірына, у каментары belsat.eu запэўніла, што ўсе вырабы – заўсёды свежыя, і ніхто на іх ніколі не скардзіўся:

«Усё няпраўда. Колькі я працую, усё заўсёды свежае, тры разы на тыдзень нам мяса прывозяць. Не ведаю, хто вам такое распавядае. Пратэрмінаваная прадукцыя ў нас спісваецца, яе вывозяць на ўтылізацыю, усё задакументаванае».

Мяса ў цэху, дзе працавала Ірына

Пішыце скаргі, не трымайце мяса ў поліэтылене

Загадчыца гомельскага аддзялення гігіены харчавання Святлана Каляснёва распавяла belsat.eu, што экспертызу сырога мяса робяць ветэрынары, а наконт гатовых вырабаў, каўбасы і вяндліны, можна звяртацца ў санстанцыю. Паводле адмыслоўцы, кліент мае права вярнуць сапсаваны тавар, а найперш трэба запатрабаваць кнігу скаргаў і зрабіць запіс.

«Зафіксаванае парушэнне для нас як органу, які кантралюе крамы, – галоўны доказ, каб умяшацца і прыняць меры. Вядома, трэба зрабіць гэта адразу, а не праз тыдзень».

«Еўраопт» у Рэчыцы. Фота Белсат

Святлана Каляснёва дадае, што часам пакупнікі няправільна захоўваюць харчы:

«Вэнджаныя рэчы, напрыклад, нельга трымаць у цэлафанавых пакетах. Трэба, каб прадукт меў доступ да паветра, бо нават свежы прадукт у поліэтылене хутка псуецца».

«Нікому нічога не трэба»

Жыхарка Мазыра неаднаразова скардзілася ў розныя інстанцыі. Ірына званіла ў прыёмную генеральнага дырэктара «Еўраторгу» Андрэя Зубкова (кампанія валодае сеткай рознічных крамаў), звязвалася з прадстаўніцтвам кампаніі ў Гомлі, наведвала санітарна-эпідэміялагічную станцыю, але рэакцыі ніадкуль не атрымала:

«Мяне з Зубковым не звязалі, сказалі перададуць інфармацыю. Я распавяла, што нас змушаюць перапрацоўваць згнілае мяса, пра крадзяжы. Адказу няма. Атрымліваецца, нікому нічога не трэба».

Таксама не вядома, ці правярала гіпермаркет санстанцыя. Паводле Ірыны, Віктар Паднясенскі, галоўны доктар установы, сабраў падначаленых на размову. Ірыну запэўнівалі, што ўсё правяраюць згодна з законам.

«Еўраопт» у Рэчыцы. Фота Белсат

Алёна Шаўлоўская, рэчыцкая актывістка з ініцыятывы «Народны кантроль», якая ў студзені рабіла рэйд у «Еўраопце», акрэслівае галоўную праблему так: ніхто не хоча змагацца за свае правы.

«Нашых людзей гэта задавальняе. Калі ў чарзе я звярнула ўвагу, што прадукцыя пратэрмінаваная, прадавец пачала крычаць, што праз такіх, як я, ім уразаюць заробак. А людзі абурацца, бо яны спяшаюцца. І нават сама працаўніца гіпермаркету не адмаўляла факту, што паўфабрыкаты сапсаваныя», – апавядае Шаўлоўская.

У інтэрнэце сапраўды шмат адмоўных водгукаў аб прадукцыі гандлёвай сеткі.

З дырэктаркай гіпермаркету «Еўраопт» Аленай Рудэнкай у belsat.eu звязацца не атрымалася. Ларыса Мінчанкова, прадстаўніца філіялу кампаніі ў Рэчыцы, папрасіла даслаць ёй электронны ліст з пытаннямі, аднак адказу дасюль няма.

Чытайце таксама:

ДР belsat.eu

Hавiны