«Голыя ж ходзім». З «Еўраопту» звольнілі працаўніцу, якая паскардзілася на камеры ў раздзявалцы


Ахова рэчыцкага гіпермаркету «Еўраопт» на вуліцы Пралетарскай, 118 без ведама калектыву размясціла ў жаночай раздзявалцы з душавой відэаназіранне. Пасля скаргі ў міліцыю на несанкцыянаваныя здымкі ды патрабаванне пакараць вінаватых працаўніцу цэху вырабу паўфабрыкатаў звольнілі за прыход на працу ў нецвярозым стане. Жанчына кажа, што гэта паклёп і кара за тое, што яна не маўчала і выкрывала парушэнні.

Ірына Басарановіч адпрацавала ў рэчыцкім «Еўраопце» больш за год. Жанчына займалася паўфабрыкатамі ў цэху вырабу мясной прадукцыі. Праблемы ў яе пачаліся напрыканцы мінулага года. 4 снежня ў краму прыехалі прадстаўнікі аховы гандлёвай сеткі ў Гомельскай вобласці, завялі ўсіх у кабінет з відэакамерамі ды паказалі запісы, як дзяўчаты сядзяць і ядуць у раздзявалцы. Працаўніц абвінавацілі ў крадзяжы вырабаў «Еўраопту» і запатрабавалі аплаціць страты, інакш пагражалі напісаць на іх заяву ў міліцыю.

«Нас змусілі заплаціць не за адну катлету, а за кілаграм вырабаў. Хто за катлету плаціў, хто за піццу. У іх нават не было доказаў, што я яе не з дому прынесла. Нас запужалі, адна жанчына нават плакала, але ніхто не сварыўся, усе заплацілі. Мы ж там і ў душ ходзім, голыя ходзім, пераапранаемся. Нас адпусцілі, але забаранілі што-кольвек браць», – распавядае Ірына belsat.eu.

Камера назірання ў жаночай раздзявалцы «Еўраопту» ў Рэчыцы
Камера назірання ў жаночай раздзявалцы «Еўраопту» ў Рэчыцы

Калі пра сітуацыю даведаўся муж Ірыны Дзмітрый Басарановіч, ён неадкладна пазваніў на гарачую лінію «Еўраопту», дзе яму сказалі, што гэткімі пытаннямі не займаюцца. У выніку мужчына дазваніўся да намесніка начальніка аховы «Еўраопту» ў Гомельскай вобласці Ігара Курбатава. Дзмітрый патрабаваў тлумачэнняў, знішчэння запісу і пакарання вінаватых.

«Пасля была размова з начальнікам аховы «Еўраопту» Гомельскай вобласці Мікалаем Спірыдовічам. Усе мяне пачалі пераконваць, што ніякіх камераў там не было і быць не можа, бо за такое пагражае крымінальная адказнасць. Дырэктарка крамы Алена Рудэнка ніяк не зрэагавала, маўляў, пра камеры нічога не ведала і не мае дачынення да аховы. Як без ведама кіраўніцтва можна такое зрабіць?» – задаецца пытаннем муж Ірыны.

Начальнік аховы «Еўраопту» Гомельскай вобласці Мікалай Спірыдовіч, які адказвае за ўсталяванне камераў відэаназірання, ад каментароў belsat.eu адмовіўся.

Ірына Басарановіч.
Фота: belsat.eu

Падпісалі дзесяць, а адказвае адна

8 снежня Ірына выйшла на працу пасля выходных і камеры не пабачыла – яе знялі, а праз некалькі дзён на тым месцы з’явілася новая прылада – сігналізацыя. Тады Дзмітрый пайшоў са скаргаю ў пракуратуру, а Ірына са зменшчыцамі напісала калектыўную заяву ў аддзел Рэчыцкага РАУСу. Паводле Дзмітрыя, ліст падпісалі дзесяць асобаў, аднесла ў міліцыю яго Ірына, таму яе і зрабілі крайняй.

«Спачатку нам адмовілі ў распачынанні справы, бо ў ходзе іхнага правярання сістэмы назірання не выявілі. Яны нават не апыталі ўсіх, хто скардзіўся. Мы не пагадзіліся, 13 студзеня з пракуратуры нам адказалі, што рашэнне пра адмову распачынання справы скасавалі і адправілі справу на перагляд. Вынікаў дасюль няма», – кажа Дзмітрый.

Дзмітрый Басарановіч.
Фота: belsat.eu

Ірына заўважае, што пабачыла датчык за два тыдні да канфлікту. Былая працаўніца «Еўраопту» сцвярджае, што абсталяванне з’явілася пасля таго, як двух службоўцаў затрымалі з мясам. Іх адхілілі ад працы на месяц, а ў гэтым часе паставілі камеры.

«Колькі там было гэтага мяса, у краме больш псуецца і больш вывозяць уціхую. Іх прымусілі аплаціць яшчэ і нястачу на 1100 рублёў у віна-гарэлкавым аддзеле. Людзі баяцца пярэчыць, баяцца згубіць працу. У нас аклады 120-140 рублёў, рэшта прэміі. І калі ты дырэктару няўгодная, то яе абразаюць», – абураецца жыхарка Рэчыцы.

Незаконнае звальненне

15 снежня яна выйшла на працу пасля дня народзінаў, адпрацавала змену з 7 да 15, пасля чаго яе выклікала Святлана Кузьмянок, якая замяняла начальніцу цэху Ларысу Кваснікаву, каб спраўдзіць ейную цвярозасць. Жанчына кажа, што была настолькі прыгнечаная і расхваляваная, што нават не паглядзела, які вынік паказаў апарат.

«Іра піла віно, закусвала. Яе праверылі пасля ночы і паловы дня. Медыкаў, якія маглі афіцыйна пацвердзіць факт нават рэштавага ап’янення, яны не выклікалі. Толькі пазней мы даведаліся, што гэта незаконна», – зазначае Дзмітрый Басарановіч.

Ірына Басарановіч са скаргамі.
Фота: belsat.eu

Што думае юрыст і начальства Ірыны?

Праваабаронца Леанід Судаленка ў каментары belsat.eu адзначыў, што толькі доктар можа пацвердзіць, п’яны чалавек або не.

«Без медычнага агляду любое падазрэнне на нецвярозасць працаўніка нікчэмнае. Ані характэрны пах з вуснаў, ані няцвёрдая паходка, ані невыразная мова – усё гэта не фактар ап’янення, а суб’ектыўнасць. Доктар павінен даць заключэнне. Ёсць норма кодэксу, што калі суд будзе на ейным баку, а яна не захоча вяртацца на месца працы, то можа запатрабаваць кампенсацыю памерам сваіх дзесяці сярэдніх выплатаў», – кажа юрыст. Аднак скаргу трэба падаць цягам 30 дзён пасля звальнення.

Скаргі, якія падавала сям’я Басарановічаў у розныя інстанцыі.
Фота: belsat.eu

Начальніца жыхаркі Рэчыцы Ларыса Кваснікава сцвярджае, што ейная былая працаўніца «прагульвала, піла піва на працы, таму сама вінаватая». Аднак былая калега Ірыны з цэху Наталля гэтую інфармацыю зняпраўджвае. Яна кажа, што праблемаў з ёй не было, і каб тая піла на працоўным месцы, не бачыла. Не згодны з адмоўнымі характарыстыкамі і муж Ірыны:

«У кастрычніку летась у мяне была траўма, Ірына засталася дапамагчы. Яна ўпершыню ўзяла два дні за свой кошт, хоць у яе быў дзень адгулу. Яе ніхто не падмяніў, хоць і папярэджвала, за што была пазбаўленая паловы заробку».

Ніводнай правіны жонкі дакументальна не аформлена і не пацверджана, дадае ён. Мужчына, адзначае, што ў Ірыны граматы і падзякі з былых месцаў працы, а пазбавіліся ад яе, бо яна скардзілася начальніцы на няякасную прадукцыю, гнілое мяса ды іншыя парушэнні.

Стужка навінаў