Пасля скасавання візаў кіраўнік Гарадзеншчыны чакае «вялікі турыстычны сезон»


У першы «бязвізавы» ўікэнд Горадню наведалі 39 турыстаў-замежнікаў. Першымі турыстамі, якія скарысталіся бязвізавым уездам у горад, сталі прадстаўнікі дэлегацыі польскага Падляшша.

Акрамя іх у выходныя такой магчымасцю скарысталіся турысты з Польшчы, Літвы ды Іспаніі, гаворыцца на старонцы Гарадзенскага аблвыканкаму. На дадзены момант для атрымання дазволу на бязвізавы ўезд у Беларусь чакаюць больш за 70 замежнікаў, якія зарэгістраваліся ў тураператараў.

Старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Краўцоў даручыў праводзіць штодзённы аналіз наведванняў па бязвізавым рэжыме.

«Гэта трэба рабіць, каб разумець, дзе ёсць недапрацоўкі, што яшчэ трэба будзе змяніць да пачатку вялікага турыстычнага сезону», – заявіў Краўцоў.

Акрамя таго, ён даручыў да вясны правесці «музефікацыю абʼектаў» у бязвізавай зоне – каб падказаць турыстам, што і дзе можна паглядзець.

Замежнікі могуць без візаў наведваць Горадню ды Аўгустаўскі канал з 26 кастрычніка. У так званай «бязвізавай зоне» яны могуць знаходзіцца тэрмінам да пяці дзён.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў