Папа заклікаў усіх людзей на Зямлі памаліцца за заканчэнне пандэміі каронавіруса


Кіраўнік Рымска-Каталіцкай царквы звярнуўся да ўсіх вернікаў з просьбаю супольна памаліцца за заканчэнне пандэміі каронавіруса, паведамляе vaticannews.va.

«У гэтыя выпрабавальныя дні, калі чалавецтва дрыжыць ад пагрозы пандэміі, я хачу запрасіць усіх хрысціянаў аб’яднаць свае галасы, звяртаючыся да нябёсаў. Я запрашаю ўсіх кіраўнікоў цэркваў і старшыняў усіх хрысціянскіх супольнасцяў, разам з усімі хрысціянамі розных канфесіяў, упрошваць Усявышняга, Усемагутнага Бога, адгаворваючы адначасова малітву, якую навучыў нас Езус, наш Пан. Запрашаю ўсіх рабіць гэта шмат разоў на працягу дня, але і разам сказаць «Ойча наш» у наступную сераду, 25 сакавіка, апоўдні. У гэты дзень, калі многія хрысціяне адзначаюць Звеставанне Найсвяцейшай Панны Марыі, Таямніцу Уцелаўлення Божага Сына», – сказаў Пантыфік у традыцыйным нядзельным звароце да вернікаў, які трэці раз запар праз каранцін прайшоў у фармаце онлайн.

21 сакавіка ў менскім касцёле святога Сымона і святой Алены прайшла Міжрэлігійная малітва аб выбаўленні ад пандэміі каронавірусу. У малітве ўзялі ўдзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх веравызнанняў, а таксама мусульмане і юдэі.

Супольная малітва ў менскім касцёле святога Сымона і святой Алены аб выбаўленні ад пандэміі каранавірусу.
Фота: catholic.by

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў