Папа Рымскі параўнаў аборты са злачынствамі нацыстаў


Папа Францішак асудзіў аборты падчас Сямейнага форуму, які праходзіў у Рыме.

«У мінулым стагоддзі ўвесь свет быў узрушаны тым, што рабілі нацысты [выкарыстоўвалі метады еўгенікі. – Заўв. Belsat.eu], каб ачысціць расу. Сёння мы робім тое самае, але ў белых пальчатках», – заявіў Францішак.

Пантыфік таксама выказаўся супраць выкарыстання тэстаў, якія дазваляюць выявіць няправільнае развіццё плоду і ўплываюць на рашэнне аб аборце. Папа Рымскі заклікаў прымаць дзяцей такім, якімі «Бог іх нам дае».

Еўгеніка – навука аб селекцыі чалавека. У нацысцкай Нямеччыне (1933-1945 гг.) выкарыстоўваліся метады гэтак званай «адмоўнай еўгенікі» – спыненне ўзнаўлення асобаў з дэфектамі і адхіленнямі, а таксама тых, хто не адпавядаў расавым ці фізічным стандартам. Нацысты праводзілі прымусовую стэрылізацыю габрэяў, цыган, людзей з псіхічнымі захворваннямі. Пазней было прынятае рашэнне аб мэтазгоднасці іхнай «фізічнай ліквідацыі».

У 1907 годзе ў штаце Індыяна (ЗША) быў прыняты закон, які прадугледжваў прымусовую стэрылізацыю асобаў з IQ ніжэйшым за 70.

З 1934 па 1976 гг. практыка прымусовай стэрылізацыі «непаўнавартасных» ажыццяўлялася ў Швецыі. Еўгенічныя законы дзейнічалі таксама ў Фінляндыі, Нарвегіі, Швейцарыі.

Сёлета ў сакавіку ў Магілёве адбыўся хрэсны ход супраць абортаў.

Беларусь займае адно з першых месцаў у свеце па колькасці абортаў. Штогод у нас не нараджаецца каля 30 000 дзяцей.

ЮВ, belsat.eu, паводле cnn.com

Глядзі таксама
Каментары