Памежнікі распавялі, колькі беларусаў аштрафавалі за незаконны правоз замежнікаў у Расею


Да адміністрацыйнай адказнасці ў 2016 годзе за незаконны правоз замежнікаў у Расею прыцягнулі каля 500 грамадзянаў Беларусі, распавялі ў Дзяржпамежкамітэце Беларусі (ДПК).

«Часцей за ўсё нашыя суайчыннікі, накіроўваючыся ў Расею, падвозілі грамадзянаў Узбекістану, Азербайджану, Грузіі, Туркменістану ды Лівана», – паінфармавалі ў ДПК.

У ведамстве адзначылі, што замежнікі такім чынам спрабавалі трапіць на расейскую тэрыторыю з парушэннямі – без належных дакументаў:

«Беларусы ж у гэтых сітуацыях, спрабуючы альбо аказаць добрую паслугу, альбо зарабіць, парушалі заканадаўства РФ. У выніку такія шараговыя паездкі па прыватных справах у суседнюю краіну заканчваліся штрафамі ў 1 тыс. расейскіх рублёў (Br 32,5)».

У прэс-службе Дзяржпамежкамітэту звярнулі ўвагу на тое, што адміністрацыйная справа можа быць перакваліфікаваная ў крымінальную, калі праваахоўнікі ўсталююць намер у дзеяннях перавозчыкаў-беларусаў.

«За пасобніцтва ў незаконным перасячэнні мяжы замежнікам, які не мае права ўязджаць у Расею, пагражае пакаранне ў выглядзе штрафу да 200 тыс. расейскіх рублёў (Br 6,5 тыс.), ці ў памеры заробку альбо іншага прыбытку за перыяд да паўтара года. Суд таксама можа вызначыць прымусовыя працы альбо пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў», – нагадалі ў Дзяржаўным памежным камітэце.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле «Интерфакс-Запад»

Стужка навінаў