news
Каментар
Выбары ў Каардынацыйную раду: з’явілася 13 спісаў. Хто ў іх і што далей?
Агітацыя пачнецца ўжо 25 красавіка, выбары стартуюць 25 траўня і будуць трываць тры дні.
23.04.202417:16

Новы склад Каардынацыйнай рады маюць выбраць праз онлайн-галасаванне 25–27 траўня. Галасаваць прапануюць не за асобаў, а за спісы – як на парламенцкіх выбарах у шэрагу краінаў. У Выбарчую камісію ўжо падалі 13 спісаў, вядомыя нумары 1 у іх.

Грамадскія слуханні прадстаўнікоў АПК у Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Валер Сахашчык выступае са справаздачай падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета у Каардынацыйнай радзе Беларусі. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Станам на 23 красавіка падалі 13 спісаў кандыдатаў, прыём заявак ужо спынілі. Пакуль называюць толькі першага чалавека ў спісе і агульную колькасць кандыдатаў у ім. Выбарнік зможа прагаласаваць толькі за адзін з гэтых спісаў, па выніках галасавання выберуць 80 дэлегатаў адпаведна колькасці галасоў за спісы, прахадны парог – 3 % галасоў.

Якія ёсць спісы

1. «Салідарнасць» – 21 чалавек. Лідары спісу – Георгій Дзмітрук, які называе сябе сустаршынём БХД (тады як БХД на афіцыйным сайце заяўляе, што выключыла яго ў мінулым траўні) і Яўген Вільскі, выканаўца абавязкаў старшыні «Народнай грамады».

2. «Закон і правапарадак» – 20 чалавек. Лідар спісу – Аляксандр Азараў, лідар арганізацыі былых сілавікоў «BYPOL» і былы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету.

3. «Незалежныя беларусы» – 17 чалавек. Лідар спісу – Максім Шабуцкі, блогер і былы чалец палка Каліноўскага.

4. «Краіна для жыцця» – 17 чалавек. Лідар спісу – Віталь Савюк, кіраўнік руху «Краіна для жыцця».

5. Каманда Латушкі і Рух «За свабоду» – 47 чалавек. Лідар спісу – Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і лідар «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення», які стварыў кааліцыю з рухам «За свабоду».

6. Блок Пракоп’ева-Ягорава – 35 чалавек. Лідар спісу – Вадзім Пракоп’еў, грамадскі дзеяч, які аб’яднаўся з дзейным спікерам КР Андрэем Ягоравым і прадстаўніком АПК Валерыем Сахашчыкам.

7. «Еўрапейскі выбар» – 37 чалавек. Лідар спісу – Аляксандр Дабравольскі, старэйшы палітычны дарадца офісу Святланы Ціханоўскай.

8. «Воля» – 21 чалавек. Лідар спісу – Вадзім Кабанчук, намеснік камандзіра палка Каліноўскага.

9. «Наша справа» – 14 чалавек. Лідар спісу – Роза Турарбекава, палітолаг і даследчыца, былая выкладчыца БДУ.

10. «За годнасць беларусак» – 10 чалавек. Лідар спісу – Яраслаў Грыгор’еў, былы актывіст БРСМ, які далучыўся да руху «Супраціў».

11. «Моладзевы наступ» – 15 чалавек. Лідар спісу – Лізавета Пракопчык, генеральная сакратарка саюзу моладзевых аб’яднанняў «Рада».

12. «Голас дыяспар – Адзінства па-над межамі» – 13 чалавек. Лідар спісу – Надзея Нортан, лідарка беларускай суполкі ў Сан-Францыска, заснавальніца і першая прэзідэнтка Асацыяцыі беларусаў Амерыкі.

13. «Хопіць баяцца» – 14 чалавек. Лідар спісу – Таццяна Мартынава, блогерка і стваральніца суполкі «Хватит бояться».

Адносна спісу «За годнасць беларусак» вырашылі праверыць адпаведнасць правілам заявак: гендарным квотам і грамадзянству лідара спісу. У спісе ўсе асобы былі пазначаныя як жанчыны з мужчынскімі прозвішчамі, але Выбарчая камісія не мела пэўнасці, што пад жаночымі імёнамі не выступаюць мужчыны. Лідар спісу прынамсі раней прадстаўляўся як грамадзянін Расеі. Былі і іншыя недарэчнасці ў пададзеным спісе.

У ходзе працоўных абмеркаванняў Выбарчая камісія вырашыла, што наяўнасць грамадзянства Беларусі ў лідараў спісу – важны крытэр, але ў шматлікіх беларусаў цяпер пратэрмінаваныя пашпарты, таму да выбараў дапускаюць і людзей з пратэрмінаванымі пашпартамі, і з грамадзянствам іншых краінаў, калі ёсць таксама беларускае грамадзянства. Пытанні былі ў прыватнасці да грамадзянства Кабанчука.

Спісы яшчэ будуць правяраць, іх можа застацца менш за 13

Старшыня Выбарчай камісіі Алена Прыходзька расказала «Белсату», што зараз Выбарчая камісія будзе апрацоўваць атрыманыя спісы. Пакуль на фінальным этапе апрацоўкі чатыры спісы, якія скіравалі даўней, па гэтых спісах пытанняў практычна няма. Але дзевяць спісаў, якія прыслалі 22 красавіка, у апошні дзень прыёму заявак (і некаторыя – у апошнія хвіліны), пакуль на пачатковым этапе разгляду.

Алена Прыходзька.
Фота: Rada.vision

Усе, хто хацеў паўдзельнічаць у выбарах, падобна, падалі спісы: як адзначыла Прыходзька, па заканчэнні прыёму заявак не было спробаў падаць спіс са спазненнем або пытанняў, ці можна яшчэ паспець. Былі хіба пытанні па карэктаванні заявак.

Пакуль назвалі толькі колькасць спісаў, колькасць людзей у спісах і ініцыятараў спісаў. Уся астатняя інфармацыя, у тым ліку поўны склад спісаў, будзе апублікаваная пасля рашэння аб допуску да выбараў і са згоды ініцыятараў. Пакуль Выбарчая камісія спадзяецца, што да 25 красавіка як мінімум выйдзе на фінальную стадыю ўзгаднення спісаў, а лепш – прыме асноўныя рашэнні і пачне разглядаць скаргі.

Кандыдаты маюць праграмы і будуць ладзіць агітацыю

25 красавіка мае пачацца агітацыйная кампанія. У палажэнні аб выбарах, адзначыла Прыходзька, не прапісана падрабязна, як менавіта весці агітацыю, а Выбарчая камісія не мае «карных паўнамоцтваў», але калі штосьці здарыцца, гэта будуць разглядаць асобна.

Удзельнікі кожнага выбарчага спісу маюць сваю праграму – гэта было адной з умоваў падачы спісаў. Выбарчая камісія не ацэньвала змест і якасць праграмаў, толькі іх наяўнасць. Таксама не будзе ацэньваць прэзентацыі праграмаў і іх данясенне да выбараў. Гэта на сумленні саміх выбарчых суб’ектаў.

Пакуль спісы не пазначалі палітычныя погляды, не дзяліліся, напрыклад, на левых і правых. Але ўжо цяпер можна зразумець нешта з імёнаў лідараў, адзначае Прыходзька: зразумела, хто будзе гуртавацца, напрыклад, вакол лідараў сацыялістаў і хрысціянскіх дэмакратаў ці вакол саюзніка руху «За свабоду».

«Тыя, хто сочыць за падзеямі ў беларускім дэмакратычным руху агулам, разумеюць, хто гэтыя асобы і якіх поглядаў і палітычных кірункаў яны прытрымліваюцца», – лічыць старшыня Выбарчай камісіі.

Акрамя таго, два спісы – «Закон і правапарадак» Азарава і «Воля» Кабанчука – пазіцыянуюць сябе як парамілітарныя і прадставілі доказы таго, што складаюцца з былых або дзейных сілавікоў ці ваяроў (што, згодна правілам выбараў, змяняе гендарную квоту на карысць мужчынаў).

Прыходзька адзначыла, што спіс «Незалежныя беларусы» Шабуцкага не пазіцыянаваў сябе як парамілітарны і выканаў гендарную квоту ў 40 % жанчын, хоць сам лідар спісу казаў, што ў складзе ёсць вайскоўцы.

Меркаванне
Адкрыты ліст Аляксандра Мілінкевіча чальцам Каардынацыйнай рады
2024.04.18 20:13

Галасаваць трэба асцярожна, асабліва з Беларусі

Само галасаванне мае адбыцца 25–27 траўня ў онлайн-фармаце. Вынікі выбараў маюць абвясціць 8 чэрвеня, першае паседжанне новага склікання КР плануюць правесці 15 чэрвеня. Галасаваць можна будзе і з Беларусі, і з-за мяжы. За тэхнічны бок выбараў адказная каманда Паўла Лібера, сузаснавальніка праекту «Новая Беларусь». Больш падрабязна пра механізм галасавання КР раскажа 25 красавіка.

Каардынацыйная рада ўжо чакае правакацыяў з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якія паспрабуюць зламаць захады бяспекі, распрацаваныя камандай Лібера.

«Я заклікаю ўсіх беларусаў ва ўсім свеце, асабліва ўнутры Беларусі, вельмі ўважліва сачыць за тым, якія афіцыйныя каналы мы прэзентавалі, – кажа Прыходзька. – Калі ласка, не карыстайцеся іншымі спасылкамі, не пераходзьце па іншых спасылках, не спрабуйце іншыя праграмы для галасавання, не карыстайцеся ніякімі іншымі чат-ботамі для галасавання, апроч тых, якія будуць выкладзеныя на адпаведным сайце, створаным для выбараў».

Афіцыйны сайт Каардынацыйнай рады – Rada.vision, афіцыйны Telegram-канал – @rada_vision.

Людзям у Беларусі Прыходзька падказвае ідэю: можна ўзяць стары тэлефон, якім не карыстаецеся, галасаваць з яго і затым пачысціць усе лічбавыя сляды. Усё гэта, уключна з галасаваннем, зойме 15–20 хвілінаў, прагназуе старшыня Выбарчай камісіі.

Разбор
Як чысціць сацсеткі ад «палітычных» пастоў, каментароў і лайкаў
2024.02.19 06:16

Каардынацыйная рада папулярнейшая за Палату прадстаўнікоў?

Прадпрымальнік, блогер і вядоўца перадачы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч адзначыў цікавую статыстыку: цяпер на 80 месцаў у Каардынацыйнай радзе прэтэндуюць 279 чалавек, а гэта 3,5 чалавека на месца. На мінулых выбарах у лукашэнкаўскую Палату прадстаўнікоў конкурс быў меншы – 2,4 чалавека на месца.

Гэта пры тым, што за ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду рэпрэсіі пагражаюць усім, а за ўдзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў праўладных кандыдатаў не каралі.

Алесь Наваборскі belsat.eu