Пераходны кабінет і Каардынацыйная рада зноў паспрачаліся пра выбары. Як іх хочуць зладзіць


Спікер і віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады, а таксама кіраўнік платформы «Новая Беларусь» 2 красавіка далі прэс-канферэнцыю аб арганізацыі выбараў у КР. Проста падчас канферэнцыі прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінету перадала заяву з крытыкай арганізацыі выбараў.

Абноўлена. Пераходны кабінет і Каардынацыйная рада памірыліся: дамовіліся наконт выбараў. У чым палягае дамова, АПК і КР не расказваюць. Выбары ў КР не пераносяць і не скасоўваюць, яны маюць прайсці 25–28 траўня.

Прэс-канферэнцыю транслявалі на Youtube-канале Каардынацыйнай рады:

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў расказаў, што Каардынацыйная рада пачынае выбарчую кампанію, бо «час на ўзгадненні і бюракратычныя працэдуры скончаны». Выбары адбудуцца 25 траўня.

«Для дэмакратычных кандыдатаў гэтыя выбары – гэта магчымасць сказаць “я выходжу” палітычнаму рэжыму, сказаць гэта ўсім неабыякавым беларусам, – заявіў Ягораў, працытаваўшы апошняе паведамленне забітага Рамана Бандарэнкі. – Сказаць у гэтай сітуацыі рэпрэсіяў і ціску, пад якімі яны могуць апынуцца, калі яны ідуць у беларускую палітыку, – гэта смелы і рашучы крок для кожнага з кандыдатаў».

Выбары ў КР, спадзяецца Ягораў, дадуць новы імпульс развіццю дэмакратычных сілаў Беларусі, бо «нам патрэбныя новыя ідэі і новыя лідары».

Як КР хоча правесці выбары

Гэтыя выбары правядуць онлайн. Ягораў адзначыў, што гэта ўнікальны выпадак: ці не першы раз, калі прадстаўнічы орган краіны, які дзее ў выгнанні, выбіраюць праз онлайн-механізмы.

Самі выбары пройдуць 25–28 траўня. Онлайн-галасаванне будзе трываць тры дні. Агітацыйная кампанія пачнецца 25 красавіка, а з 15 да 22 красавіка будуць прымаць і рэгістраваць выбарчыя спісы. Вынікі выбараў маюць абвясціць 8 чэрвеня, першае паседжанне новага склікання КР плануюць правесці 15 чэрвеня.

Пакуль Каардынацыйная рада фармуе выбарчую камісію. Цяпер КР галасуе за кандыдатаў у выбарчую камісію. Яна будзе рэгістраваць кандыдатаў і падводзіць вынікі выбараў. Імёны чальцоў камісіі Ягораў абяцаў раскрыць неўзабаве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Слуханні справаздачы чальца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аляксандра Азарава ў Каардынацыйнай радзе. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Галасаваць можна будзе за спісы, а не за асобных людзей. У выбарніка будзе адзін голас – трэба будзе выбраць адзін спіс кандыдатаў. У спісе мусяць быць не менш за 10 кандыдатаў, спіс мусіць мець назву і праграму. Спісы закрытыя: у іх ёсць вызначаныя імёны кандыдатаў і парадак прыярытэту кандыдатаў пры размеркаванні мандатаў. Будзе парог 3 % галасоў для ўдзелу ў размеркаванні мандатаў. Спісы могуць падаваць і партыі, і любыя ахвочыя: напрыклад, асобныя спісы змогуць падаць і БХД, і тая група, якая ад БХД адкалолася.

Выбраць маюць 80 дэлегатаў на 2 гады. Калі спіс будзе мець менш кандыдатаў, чым атрымае мандатаў па выніках выбараў, гэтыя мандаты размяркуюць паміж іншымі спісамі ў парадку згодна з атрыманай колькасцю галасоў.

Гэта нагадвае прапарцыйную сістэму на выбарах у парламенты шэрагу краінаў. Напрыклад, гэтая сістэма падобная да выбараў у парламент Ізраілю: там прапарцыйная сістэма, у якой уся краіна як адна выбарчая акруга, закрытыя спісы, парог 3,25 %. Таксама гэта ў нечым нагадвае выбары ў Польшчы, толькі ў польскі Сейм выбіраюць дэпутатаў ад асобных выбарчых акругаў (а не ўсе галасуюць за ўсю краіну), паводле адкрытых спісаў (дзе выбіраюць кандыдата са спісу, якому даюць прыярытэт над іншымі ў спісе партыі ці кааліцыі), а парог складае 5 % для партыяў і 8 % для кааліцыяў.

Будуць гендарныя квоты. Кожны спіс мусіць мець не менш за 40 % жанчын. Для арганізацыяў, звязаных з сілавым супрацівам, арганізацыяў ветэранаў і іншых падобных арганізацыяў гендарную квоту могуць знізіць да 20 %.

Hавiны
У Каардынацыйнай радзе абралі новае кіраўніцтва. Праз два месяцы яно павінна змяніцца
2024.03.19 15:11

Парогу яўкі не будзе. Ягораў адзначыў, што пытанне складанае: людзі ў Беларусі жывуць ва ўмовах рэпрэсіяў, маюць перасцярогі адносна ўдзелу ў палітычных кампаніях, хай сабе платформа для выбараў у КР і гарантуе дастатковы ўзровень бяспекі. Усе стандарты выбараў у дэмакратычных краінаў, у якіх няма рэпрэсіяў, немагчыма ўжыць пры выбарах у КР. Ягораў лічыць, што ўдзел у галасаванні возьмуць дзясяткі тысяч, але не сотні тысяч чалавек.

Кандыдатаў з Беларусі не будзе. Паводле Ягорава, у КР абмяркоўвалі магчымасць удзелу ананімных кандыдатаў, але адмовіліся ад такога, бо палічылі, што дзейнасць КР ёсць публічнай палітыкай, у якой трэба браць удзел адкрыта. «Нам патрэбная дэмакратычная публічная палітыка», – падкрэсліў Ягораў, бо без публічнай палітыкі «дэградуюць нашыя палітычныя лідары». А гэта аўтаматычна азначае, што кандыдатаў з тэрыторыі Беларусі не будзе, бо за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні», якім улады Беларусі назвалі КР, пагражае крымінальная адказнасць.

За тэхнічны бок выбараў адказвае каманда «Новай Беларусі». Кіраўнік платформы Павел Лібер расказаў, што цяпер завяршаецца ўнутранае тэставанне платформы. Ён адзначыў, што даводзіцца ствараць нешта, чаго ніхто ў свеце раней не будаваў, але «нам не ўпершыню». Звесткі будуць цалкам дэцэнтралізаваныя, не будзе адзінай базы, якую можна скрасці ці прадаць.

Павел Лібер
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сузаснавальнік праекту «Новая Беларусь» Павел Лібер прэзентуе журналістам вынікі першага года працы праекту. Варшава, Польшча. 1 снежня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Галасаваць можна будзе з Беларусі і з-за мяжы. Галоўнае, казаў Лібер, гэта тое, што людзі ў Беларусі змогуць галасаваць бяспечна «пры мінімальным выкананні правілаў бяспекі», аб якіх загадзя раскажуць. Будзе два ці тры спосабы верыфікацыі выбарнікаў – пакуль абмяркоўваюць, колькі канкрэтна, бо кожны дадатковы спосаб падвысіць інклюзіўнасць галасавання, але таксама падвысіць рызыкі.

Зыходны код праграмы для галасавання выкладуць у вольны доступ. Усіх дэталяў Лібер не раскрываў, каб рэжым Аляксандра Лукашэнкі не паспеў дастаткова добра падрыхтавацца да выбараў. Але яшчэ да выбараў усю праграму выкладуць у выглядзе адкрытага коду, каб любы ахвочы змог праверыць, як яна працуе, і ўпэўніцца, што ёй можна давяраць. Таксама «Новая Беларусь» думае, ці не прыцягнуць староннюю кампанію для аўдыту праграмнага коду.

Кандыдаты мусяць пагадзіцца з трыма пунктамі і кодэксам этыкі. Для ўдзелу ў выбарах трэба падпісаць мемарандум, у якім пацвердзіць згоду з наступнымі пунктамі: 1) выбары-2020 у Беларусі былі сфальсіфікаваныя; 2) Расея вядзе агрэсіўную вайну ва Украіне; 3) Беларусь у гэтай вайне суагрэсар. Кожны кандыдат мусіць пагадзіцца з наборам тэзаў пра этычныя правілы камунікацыі і агульныя правілы арганізацыі выбарчага працэсу.

Рэпартаж
«Новая Беларусь» са штучным інтэлектам. Лібер анансаваў новыя функцыі платформы
2023.12.02 10:12

Спалучаць пасады ў Каардынацыйнай радзе і Аб’яднаным пераходным кабінеце пакуль нельга. Са словаў Ягорава, «міністры» Пераходнага кабінету змогуць выстаўляць свае кандыдатуры ў спісах, але калі «міністр» пройдзе ў КР, давядзецца выбіраць між Кабінетам і Радай. Ягораў дапусціў, што дэлегаты наступнага складу КР могуць зняць забарону на адначасовы ўдзел у гэтых дзвюх структурах.

Механізму адклікання выбранага дэлегата выбарнікамі няма. Выключыць дэлегата з КР могуць толькі агульным паседжаннем КР за неэтычныя паводзіны і іншыя падобныя прычыны. Але новы склад КР, адзначыў Ягораў, можа змяніць гэтыя правілы. У цяперашнім складзе КР былі размовы пра выключэнне Вольгі Кавальковай, але не знайшлося групы з шасці дэлегатаў, якая б ініцыявала працэдуру выключэння.

Акрамя КР будзе кансультацыйная грамадская палата. Пасля выбараў створаць кансультацыйную палату для пашырэння ўдзелу ў КР арганізацыяў грамадзянскай супольнасці і грамадскіх ініцыятываў. Дэлегаты будуць без права голасу, але з правам ініцыяваць разгляд пытанняў у КР. У гэтай палаце, імаверна, змогуць быць ананімныя прадстаўнікі, у тым ліку тыя, хто застаецца ў Беларусі. Але правілы фармавання палаты прымуць абраныя дэлегаты наступнага складу КР.

Па кансультацыі можна звяртацца на адрас elections@rada.vision.

Разбор
Што такое Каардынацыйная рада, хто яе выбіраў і кім яна кіруе?
2023.03.15 06:00

Што не падабаецца Аб’яднанаму пераходнаму кабінету

Ягораў заявіў, што выбарчая сістэма была ўзгодненая ўсімі палітычнымі сіламі ў межах Упаўнаважанай працоўнай групы, ухваленая Каардынацыйнай радай і падтрыманая абранай прэзідэнткай Святланай Ціханоўскай.

Але прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінету проста падчас прэс-канферэнцыі перадала журналістам наступную заяву ад імя Кабінету і Офісу Ціханоўскай.

1. Мы падтрымліваем фармаванне Каардынацыйнай рады як шырокага прадстаўнічага органу дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці праз правядзенне выбараў.

2. Сёння правядзенне выбараў не падрыхтаванае: не выпрацаваныя супольныя дакументы і сістэма галасавання, не створаная выбарчая камісія, платформа для галасавання, якая б выключала магчымыя маніпуляцыі. Пры неналежнай падрыхтоўцы выбары ў Каардынацыйную раду не забяспечаць шырокага ўдзелу розных групаў дэмакратычных сілаў і беларускага грамадства, празрыстасці і дакладнасці вынікаў.

3. Рашэнні аб правядзенні выбараў павінны быць прынятыя супольна ўсімі асноўнымі палітычнымі актарамі, для гэтага была сфармаваная Упаўнаважаная працоўная група. Гэта неабходна для захавання еднасці дэмакратычных сілаў і для таго, каб кампанія выбараў у Каардынацыйную раду сталася істотнай падзеяй для беларускага грамадства.

У адказ на пытанне пра гэтую заяву Ягораў не пагадзіўся з тым, што выбары не падрыхтаваныя. Ён заявіў, што выбарчая сістэма была ўзгодненая з Аб’яднаным пераходным кабінетам і Офісам Ціханоўскай, і гэта фактычна тая сістэма, якую раней прапанаваў Кабінет і падтрымала Ціханоўская. Выбарчая камісія, дадаў Ягораў, будзе сфармаваная найбліжэйшым часам, а тэхнічная платформа ўжо ёсць і праходзіць тэставанне.

«Тут больш, мне падаецца, такіх бюракратычных перашкодаў у гэтым, якія звязваюць наш рух да выбараў, чым рэальных праблемаў, якія могуць быць у арганізацыі выбарчай кампаніі», – сказаў ён.

Рашэнне менавіта аб правядзенні выбараў, прызнаў Ягораў, не зацверджанае і не падпісанае Ціханоўскай. Але рашэнне прынялі ў Каардынацыйнай радзе, бо яна «не можа далей зацягваць працэс бясконцых узгадненняў» і бярэ адказнасць за правядзенне выбараў на сябе.

Hавiны
Пераходны кабінет і Каардынацыйная рада памірыліся: дамовіліся наконт выбараў
2024.04.02 22:59

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў