Паглядзі, як ведае беларускую Антон Мартыненка – і пачні вучыць сёння


Падчас шоу «Мова Challenge», якое зладзіла «Арт Сядзіба», вядомы тэлевядоўца перакладаў словы з расейскай на беларускую – і наадварот. Выпрабаванне праходзіла ў спартовай залі. Адказваючы на пытанні, Антон спачатку ішоў, а потым бег па бегавой дарожцы: з кожным няправільным адказам экзаменатары павялічвалі хуткасць.

Па выніках тэсту, які складаўся з трыццаці словаў, Антон Мартыненка правільна пераклаў сямнаццаць.

«Не складана, а сорамна», – падсумаваў Антон. – Сорамна не ведаць родную мову, хто б што не казаў».

«Хваля» – «волнение»?

Складанасці ў Мартыненкі выклікалі, між іншага, словы «воцат», «бэз», «човен», «канюшына» і «хмарачос».

Словы «чырвоны», «птушка» і «цыбуля» Антон пераклаў без праблемаў.

«Я аднойчы канкрэтна аблажаўся. Я даведаўся, што ў моднага польскага дыджэя «C-Bool» прозвішча «Цэбуля», і на радыё кажу, што гэта наш, беларус, Цыбуля, то бок «Картошка». У мяне трэба забраць беларускі пашпарт», – распавёў Мартыненка.

Напрыканцы выпрабавання выявілася, што Арцём Мартыненка мае дыплом настаўніка беларускай мовы і літаратуры.

«Уяўляеце, калі б я да дзяцей прыйшоў?», – запытаўся Антон.

Антон Мартыненка – менскі радыё- і тэлевядоўца, цяпер супрацоўнічае з тэлеканалам «СТВ». Тыдзень таму распачаў свой відэаблог «Гонза Беларус».

 

ДД belsat.eu

Стужка навінаў