Новы аўтавакзал у Берасці будзе беларускамоўным


Інфармацыйныя стэнды і шыльды на новым аўтавакзале ў Берасці будуць аформленыя на беларускай мове, з перакладам на ангельскую. Галоўная шыльда «аўтавакзал» таксама будзе аформлена на роднай мове.

Сайт dzedzich.org паведамляе, што ініцыятыўная група збірала подпісы за тое, каб надпісы і агучванне на новым аўтавакзале былі аформленыя менавіта на беларускай мове. Таксама на сайце «Зручны горад» пачаўся збор подпісаў з тымі ж пажаданнямі. Актывістам удалося сустрэцца наконт гэтай справы з кіраўніком аддзелу арганізацыі перавозак аблаўтатрансу Барысам Калініным і начальнікам берасцейскага аўтавакзалу Мікалаем Радзюком.

Гаворка падчас сустрэчы вялася галоўным чынам вакол пытання агучвання.

«Каля 15 гадоў таму, у пачатку 2000-х гадоў, агучванне інфармацыі аб прыбыцці і адпраўленні аўтобусаў на аўтавакзале ў нашым горадзе ажыццяўлялася на беларускай мове. І тады мы былі аднымі з першых у краіне, хто так рабіў. Але праз тое, што частка пасажыраў пачала звяртацца са скаргамі і просьбамі праводзіць «агучку» на рускай, нам давялося адмовіцца ад гэтай ідэі», – распавёў Барыс Калінін, начальнік аддзелу арганізацыі перавозак аблаўтатранса.

Аднак, як адзначыў адзін з актывістаў, словаў у беларускамоўным агучванні, якія кардынальна адрозніваюцца ад рускамоўнага – няма.

«Словы «платформа», «маршрут» «адпраўляцца» – будуць зразумелыя нават таму чалавеку, які ні разу не чуў беларускую мову. Гэтыя словы зразумелыя для беларусаў, украінцаў, палякаў. Для ўсіх. А што тычыцца турыстаў з Польшчы і Украіны, то яны лепш разумеюць беларускую мову, чым рускую. І з гэтым нават не варта спрачацца», – адзначыў актывіст.

Кіраўнікі абяцалі вярнуцца да гэтага пытання бліжэй да канца году і падтрымалі ідэю па правядзенні анкетавання сярод пасажыраў аўтавакзалу. У людзей спытаюць, ці хочуць яны, каб з гукаўзмацняльнікаў гучала беларуская мова.

Нагадаем, што Берасцейскі аўтавакзал пераязджае на новае месца па вуліцы Арджанікідзэ. Адкрыццё новага будынку вакзала адбудзецца 15 траўня.

Hавiны
Канцэпцыя інфабяспекі: беларуская мова – гарант гуманітарнай бяспекі дзяржавы
2019.03.12 19:46

СК, belsat.eu

Стужка навінаў