«Новая газета»: ФСБ узламала «Аську»


Федэральная служба бяспекі Расеі мае свабодны доступ да прыватнай перапіскі ў месенджары ICQ, паведамляецца ў расследаванні расейскага выдання «Новая газета».

Журналісты прааналізавалі 250 прысудаў расейскіх судоў, у якіх згадваецца «снятие информации с технических каналов связи» (чытанне перапіскі). Высветлілася, што ў 34-х справах аператыўнікі атрымалі доступ да перапіскі падазраваных праз месенджары. У большасці выпадкаў (21) праваахоўнікі атрымалі доступ да перапіскі пасля канфіскацыі мабільнікаў або камп’ютараў).

ICQ (ад анг. I Seek You – Я шукаю цябе) – адзін з самых старых месенджараў. У 1996 годзе яго прыдумалі ізраільскія школьнікі.

ICQ фігуруе ў 14 справах з «чытаннем перапіскі» падазраваных. У 10 справах згадваецца «Skype». У 9 выпадках «Telegram». Астатнія датычаць месенджараў «WhatsApp», «WeChat», «Jabber», «Viber».

У 7 выпадках аператыўнікі ўзламалі акаўнты онлайн. У 6 выпадках немагчыма высветліць, што адбылося раней: канфіскацыя ці доступ да перапіскі.

27 з 34-х справаў былі заведзеныя ў звязку з «незаконным набыццём, перапрацоўкаю, вытворчасцю наркатычных або псіхатропных рэчываў».

Прэс-служба ICQ (належыць Mail.ru Group) паведаміла тэлеканалу «Дождь», што камунікатар не даваў спецслужбам доступ да перапіскі карыстальнікаў.

Пасля таго як Таганскі раённы суд Масквы вынес рашэнне аб блакаванні «Telegram», дарадца прэзідэнта РФ па развіццю інтэрнэта Герман Кліменка заявіў, што знайшоў альтэрнатыву «Telegram’у».

«Мне падабаецца ICQ. Гэта паўнавартасны месенджар, які не саступае Telegramʼу з пункту гледжання карыстальніка», – заявіў чыноўнік.

Нагадаем, што нядаўна ICQ пачаў карыстацца Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў