У Менску аштрафавалі Вольгу Баброву за вывешаны ў гандлёвым цэнтры«Dana Mall» вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Выходныя жанчыну, у якой пяцёра дзяцей, пратрымалі на Акрэсціна, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Вольгу Баброву затрымалі 22 студзеня раніцай дома. Фактычна яе даставілі ў ІЧУ а 9-й раніцы, але ў пратаколе запісалі, што а 17-й гадзіне. Тры дні Вольга заставалася ў ІЧУ на Акрэсціна, а судзіць яе пачалі ўжо пасля таго, як мінула 72 гадзіны пасля затрымання.
Вольгу Баброву абвінавацілі ў тым, што яна разам з іншымі асобамі разгарнула вялізны бел-чырвона-белы сцяг у гандлёвым цэнтры «Dana Mall» 14 студзеня. Суддзя Максім Трусевіч у судзе Першамайскага раёну Менску аштрафаваў Вольгу на 30 базавых велічыняў (870 рублёў).
Калі Вольга была ў ізалятары, перадачы для яе не прымалі. Пры гэтым яе не вызвалілі да суда, нягледзячы на тое, што яна маці пяцярых дзяцей, чацвёра з якіх няпоўнагадовыя.
СК belsat.eu