У Беларусі распачатыя новыя крымінальныя справы супраць блогераў. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал NEXTA Live.
«Крымінальныя справы таксама распачатыя ў дачыненні да блогера Сяргея Пятрухіна і Уладзіміра Цыгановіча (MozgON)», – гаворыцца ў паведамленні.
Як паведамляе «Берасцейская Вясна», 25 чэрвеня Пятрухіна арыштавалі і з Кобрынскага ІЧУ даставілі ў Менск на Акрэсціна. Справа датычыць падзеяў у Горадні 29 траўня. Праз тры дні яго перавядуць у СІЗА.
Уладзіміра Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня і адправілі на 15 содняў за вясновую акцыю ля «Белнафтахіму». Дзе ён зараз знаходзіцца – невядома, піша TUT.by.
Блогер Аляксандр Кабанаў таксама знік з ІЧУ Ленінскага РАУС Берасця 20 чэрвеня. Афіцыйна вязняў перавялі ў іншыя месцы праз дэзынфекцыю. Праваабаронцы мяркуюць, што Кабанаў таксама арыштаваны і зараз знаходзіцца ў СІЗА Менску.
Раней стала вядома, што на блогера Ігара Лосіка завялі крымінальную справу паводле арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
МГ belsat.eu