Цягам трох вечароў, 9, 10 і 11 жніўня, у Бабруйску АМАП жорстка затрымліваў людзей, збіваў, нягледзячы на пол і ўзрост: пад дубінкі траплялі і жанчыны, і 18-гадовыя юнакі. Мясцовыя СІЗА і ІЧУ перапоўненыя. Суды праводзяць адразу там, у закрытым рэжыме, без сведкаў і абаронцаў. Некаторым даюць вялізныя штрафы, астатнім – содні арышту.
Мы спрабуем высветліць імёны і лёс затрыманых бабруйцаў. Распавядаем, што нам стала вядома.
Масавае брутальнае затрыманне адбылося ў Бабруйску 10 жніўня каля мясцовага ізалятару часовага ўтрымання. Там сабраліся родныя затрыманых напярэдадні, 9 жніўня. Людзі спакойна стаялі ды чакалі вынікаў судоў, якія, паводле словаў працаўнікоў ІЧУ, мусілі быць гатовыя да 18-й гадзіны. Прыкладна а 16-й гадзіне раптоўна з’явіўся АМАП. Байцы падляталі да людзей, жанчын адштурхоўвалі, мужчын і хлопцаў клалі тварам у асфальт і моцна збівалі. Журналістам не дазвалялі здымаць, пагражаючы, што разаб’юць тэлефоны і адаб’юць рукі.
Кіраваў гэтай аперацыяй Андрэй Малахаў – намеснік начальніка УУС Бабруйскага гарвыканкаму, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі УУС (на фота).
Усіх мужчынаў паставілі тварам да плота з рукамі на патыліцы, білі па нырках. Праз некалькі хвілінаў прыехала падмацаванне – яшчэ каля 15–20 амапаўцаў у шлемах і поўным абмундзіраванні. Затрыманых запхалі ў аўтобусы. Там ім не давалі падняць галавы – прымушалі сядзець з рукамі на патыліцы і галавой, схіленай да каленяў.
На вуліцу выбеглі мясцовыя жыхаркі. Жанчыны крычалі: «Навошта вы б’яце нашых дзяцей?». Падышла манашка з мясцовага касцёлу – яна стаяла каля дарогі і малілася, заклікаючы жанчын не крычаць, а таксама маліцца.
Сярод затрыманых мужчынаў аказаўся бабруйскі журналіст Яўген Глаголеў-Васьковіч. Ён прыйшоў да ІЧУ разам з жонкай Александрынай. Дзяўчыну міліцыянт сілай адвёў убок, а Яўгена забралі. На судзе без сведкаў і абаронцы асудзілі на 12 содняў у СІЗА.
У бабруйчанкі Галіны Юшкоўскай каля ІЧУ затрымалі сына Яўгена. Разам з ім яны прыйшлі пад браму ізалятару, каб даведацца пра лёс затрыманага 9 жніўня пляменніка жанчыны Андрэя Тарабенкі (пазней высветлілася, што яго асудзілі на 17 содняў).
На вачах Галіны, калі падбег АМАП, яе сына сцягнулі з ганка, паклалі тварам на зямлю і пачалі моцна біць. Пазней у міліцыі жанчыне сказалі, што ён затрыманы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
«Але якое мерапрыемства? Дзе яно было? Калі б выйшаў нейкі міліцыянт ды сказаў нам, што тут быць нельга, разыходзьцеся, ці ж мы не пайшлі б? – пытаецца маці збітага хлопца. – Але ж нам ніхто не сказаў, толькі прыляцелі амапаўцы і пачалі ўсіх без разбору біць».
Галіна Юшкоўская напісала заяву ў пракуратуру Бабруйску пра тое, што адбывалася каля ІЧУ. Але ў справядлівы разгляд скаргі яна не верыць.
«Мне ў пракуратуры сказалі: а вы што, не разумееце, што нельга цяпер выходзіць на вуліцы? – распавяла жанчына. – Такая, маўляў, цяпер сітуацыя ў краіне, народ сам правакуе. Я запыталася тады: дык што ж далей будзе? У адказ пачула – светлая паласа. Я не стала далей спрачацца, каб не нагаварыць сабе на некалькі содняў».
Яўген быў асуджаны на двое содняў у СІЗА. Ужо сёння, 12 жніўня, яго мусяць вызваліць.
11 жніўня судзілі бабруйчаніна Дзмітрыя. Ён ехаў на сваім аўтамабілі па вуліцы Пушкіна, дзе месціцца ІЧУ, і стаў сведкам брутальных затрыманняў. Як распавяла Галіна Юшкоўская, якая таксама там была, і бачыла, як гэта ўсё адбывалася, Дзмітрыя спыніла ДАІ, нібыта за тое, што ён не адрэагаваў на іхнія сігналы. Да машыны падбеглі амапаўцы, разбілі шкло ў задніх дзверцах і выцягнулі мужчыну. Яго паклалі на асфальт і пачалі моцна збіваць.
«Яны білі рукамі, нагамі, дубінкамі, – распавяла Галіна. – Я баюся, што ў яго могуць быць сур’ёзныя траўмы».
Дзмітрыя разам з астатнімі затрыманымі запхнулі ў аўтобус і павезлі ў невядомым кірунку. Як распавяла ягоная жонка Лідзія, мужчына правёў ноч у СІЗА, і пасля суда яго адразу адпусцілі.
Абураны дзеяннямі міліцыі і ўладаў бабруйскі пенсіянер Леанід Юшкевіч. Ягонага сына Аляксея затрымалі 9 жніўня – таксама выцягнулі з аўтамабіля разам з сябрамі. Спадара Леаніда моцна раззлавала тое, што ён быў вымушаны шукаць сына, што ніхто не хацеў казаць, дзе Аляксей, за што затрыманы.
«Яны забарыкадаваліся там у РАУСе, як вошы, – кажа пенсіянер. – Я быў шакаваны, калі ўсё гэта пабачыў, што звычайны грамадзянін не можа зайсці, запытацца і атрымаць адказы на свае пытанні. Я ім так і сказаў: я не для гэтага будаваў гэтыя сцены, каб вы тут пазамыкаліся!»
Леаніду ў Ленінскім РАУСе Бабруйску расказалі, што 9-га ўвечары затрымалі сто чалавек.
У чарговы раз мужчыну раз’юшыла, што ў яго не ўзялі перадачу для сына – ні 10 жніўня, ні 11-га. Спаслаліся на тое, што шмат людзей было затрымана. Не можа пенсіянер і адысці ад уражанняў ад затрыманняў каля ІЧУ. Сам ён паспеў з’ехаць адтуль раней.
«Што ж гэта адбываецца? – пытаецца пенсіянер. – Людзі прыйшлі пад ізалятар даведацца пра лёс родных, у слязах, у страху, а іх яшчэ і адмалацілі ўсіх дубінкамі ды кінулі на содні. У нас уся Беларусь ужо турма! Я ненавіджу гэтую ўладу і таго, хто ўсім гэтым кіруе».
Аляксея Юшкевіча асудзілі на 7 содняў. Перадачу для яго ў ІЧУ ўзялі толькі пасля таго, як Леанід пачаў змагацца, пайшоў у УУС, сказаў, што пойдзе да старшыні гарвыканкаму, калі рэчы і ежу для сына не прымуць.
«Што гэта за стаўленне, я пытаюся? Як да свіней! Чалавека затрымалі, дык ён там што – ні памыцца, ні зубы пачысціць не мае права?» – спадар Леанід не можа стрымліваць эмоцыяў у размове.
У Аляксея Юшкевіча дома засталіся жонка і двое дзяцей – 2 і 9 гадоў. Паводле спадара Леаніда, яны з’ехалі са сваёй кватэры, бо вельмі баяцца, што могуць прыйсці і па іх.
Брутальна затрымалі бабруйскага журналіста, у мінулым – дэпутата гарадскога савету Алеся Чыгіра. Мужчына стаў сведкам затрыманняў на вуліцах гораду 10 жніўня і зняў гэта на тэлефон. Увечары ён зайшоў да жонкі Дануты Чыгір на працу ў аптэку, каб разам пайсці дадому. Але раптоўна за ім уварвалася міліцыя, выламаўшы дзверы. Адзін з супрацоўнікаў ударыў жанчыну ў твар, адштурхнуў. Алеся збілі з ног і выцягнулі ў аўтазак. У СІЗА мужчыну асудзілі на 15 содняў арышту.
Сярод затрыманых – бабруйскі гісторык і краязнаўца Зміцер Шапялевіч. Яго схапілі 10 жніўня, каля 20-й гадзіны вечара, на плошчы Леніна. Як распавяла жонка Змітра Дар’я, ён паспеў ёй напісаць з аўтазака і распавесці, што яны з сябрам проста гулялі па плошчы, на якой усё было ціха і спакойна, ніякіх акцый, скандаванняў. Але раптам з-за будынку гарвыканкаму вылецела «туча амапаўцаў», якія пачалі хапаць людзей без разбору. Сябар Зміцера паспеў уцячы, а яму скруцілі рукі і кінулі ў аўтазак.
«Больш за ўсё абурае, што ніхто не папярэджваў, што там нельга хадзіць, што разыходзьцеся, – кажа Дар’я. – Не, яны проста выбягаюць з-за вуглоў, раптоўна, і такімі вось набегамі ўвесь вечар і ноч лавілі людзей у горадзе. Нават дзяўчат маладых, ні на што не глядзелі. А яшчэ – ніякага права званка для затрыманага, нічога, нават родным не паведамляюць».
Судзілі Змітра адразу ў СІЗА, без сведкаў і абаронцы. Далі 10 содняў. У Дар’і ды Змітра двое малых дзяцей – 9 і 10 гадоў.
11 жніўня на волю выйшла Галіна Смірнова, каардынатарка кампаніі «Права выбару», затрыманая яшчэ 8 жніўня разам з мясцовым актывістам Андрэем Абрамовічам. Галіну Смірнову абвінавацілі ў арганізацыі незаконнага мітынгу каля будынку суда Бабруйскага раёну і г. Бабруйска. Напярэдадні, 7 жніўня, там судзілі незалежных назіральнікаў, затрыманых на выбарчых участках. Галіна вырашыла сфатаграфавацца з плакатам Святланы Ціханоўскай у руцэ. Гэта бачыў начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкаму падпалкоўнік Сяргей Рудзько. Людзі, што прысутнічалі, каля суда, прыйшлі падтрымаць схопленых назіральнікаў. Але міліцыя палічыла, што гэта быў несанкцыянаваны мітынг.
Смірнова правяла трое содняў у ІЧУ. Яе хацелі судзіць наўпрост там. Але актывістка настаяла на абароне, і суддзя Вольга Серакова задаволіла гэтае хадайніцтва. Суд перанеслі на 20 жніўня.
9 жніўня ў Бабруйску знікла незалежная назіральніца Святлана Сасонкіна. Дзяўчына паехала дамоў з участка № 17, адкуль людзей разганяў АМАП, і з таго часу не выходзіць на сувязь. Ейныя родныя і сябры напісалі заяву аб знікненні чалавека.
Акцыі пратэстаў адбываюцца ў дзясятках гарадоў Беларусі з 9 жніўня.
НА belsat.eu