Падстава для блакавання збожжавага калідору Расеяй надуманая і міжнародная супольнасць павінна аказаць на РФ ціск, каб пагадненне выконвалася. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба, каментуючы заяву РФ аб прыпыненні «збожжавага пагаднення».
Дзмітрый Кулеба 29 кастрычніка пракаментаваў на сваёй старонцы ў «Twitter» расейскія заяўленні аб выхадзе са «збожжавага пагаднення» з-за абстрэлу вайсковых караблёў у Севастопалі.
Кулеба заклікаў сусветнуя супольнасць аказаць ціск на РФ, якая сваёй спробай зрыву збожжавых пагадненняў ставіць пад пагрозу харчовую бяспеку мільёнаў людзей.
«Мы папярэджвалі аб планах РФ сарваць Чарнаморскую збожжавую ініцыятыву. Цяпер Масква пад надуманай падставай блакуе збожжавы калідор, які забяспечвае харчовую бяспеку мільёнаў людзей. Заклікаю ўсе дзяржавы запатрабаваць ад РФ спыніць галодныя гульні і вярнуцца да сваіх абавязкаў», – напісаў Дзмітрый Кулеба.
Як паведамлялася, Расея вечарам 29 кастрычніка заявіла, што выходзіць са збожжавай здзелкі пасля нападу на караблі Чарнаморскага флоту ў Севастопалі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Мінабароны РФ. Свае заявы зрабілі МЗС і Мінсельгасхарч Расеі і прэс-сакратар прэзідэнта Украіны. Пракаментавалі сітуацыю і ў Сумесным каардынацыйным цэнтры ў Стамбуле (СКЦ)
Антон Тачняк belsat.eu