ГУБАЗіК неафіцыйна прызнаў, што пераследуе іншадумцаў без законных падставаў


Падкантрольны ГУБАЗіКу YouTube-канал «Книга ГУ«БАЗА» распавёў, чаму спецслужбы лічаць правільным рэпрэсаваць беларусаў нават без фармальнага складу злачынства.

У прыватнасці, «Книга ГУ«БАЗА» тлумачыць, чаму беларусаў караюць за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы.

«Фармальна адказнасць прадугледжаная толькі за распаўсюд, то бок перасылку матэрыялаў іншым асобам. Але мы цудоўна разумеем, што калі чалавек такім цікавіцца, значыць, у яго знойдуцца і іншыя парушэнні. Фармальная адсутнасць складу [злачынства. – Заўв. belsat.eu] – гэта не нагода ігнараваць парушальніка», – падкрэслівае неафіцыйная спікерка ГУБАЗіКу Таццяна Траццяк.

Прапагандыстка таксама звярнулася да крымінальнай справы палітзняволенай Настассі Петрачэнкі, якая атрымала тры гады калоніі за ахвяраванне палку Каліноўскага. На момант пералічэння сродкаў арганізацыя беларускіх добраахвотнікаў не была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем», а сам плацеж не прайшоў. ГУБАЗіК з гэтым не спрачаецца.

«Прызнанне фармаваннем або тэрарыстычнай арганізацыяй не азначае, што да прызнання банда не вяла тэрарыстычнай дзейнасці. Канкрэтныя экстрэмісцкія дзеянні, указаныя ў законе, ажыццяўляліся і дзейнасць вялася. А значыць, і фінансаванне яе – гэта крымінальнае злачынства, і гэта не прымяненне «зваротнай сілы». Акрамя таго, плацеж не прайшоў праз абставіны, якія ад суб’екта не залежаць. А значыць, яе дзеянні цалкам ахопліваліся намерам на фінансаванне экстрэмізму», – тлумачыць спікерка ГУБАЗіКу.

Тэзіс пра тое, што адсутнасць складу злачынства не ёсць нагодай не пераследаваць іншадумцаў, потым яшчэ раз пацвердзілі ў Telegram-канале, блізкім да ГУБАЗіКу. «Усё правільна, не нагода», – падкрэсліла «Книга ГУ«БАЗА».

Hавiны
Намеснік начальніка ГУБАЗіК патлумачыў, чаму палітычныя рэпрэсіі не спыняюцца
2023.08.06 23:28

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў