Якія наступствы будзе мець дыверсія ў Мачулішчах?


Падрыў расейскага самалёта А-50У наўрад ці стане casus belli, але можа выклікаць незадаволенасць Масквы Аляксандрам Лукашэнкам. Унутры краіны гэтае здарэнне напэўна стане нагодай для новых рэпрэсіўных акцыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.Самалёт А-50 падчас фестывалю «Адкрытае неба».
Фота: Smirnov Vladimir / TASS / Forum

Што адбылося

Днём 26 лютага ў сеціве з’явілася інфармацыя аб выбухах на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах і пра надзвычайную актыўнасць сілавікоў у гэтым раёне. Неўзабаве «ByPol» паведаміў, што ў Мачулішчах адбыўся падрыў самалёта далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50У Паветрана-касмічных сілаў Расеі.

Кіраўнік аб’яднання «ByPol» Аляксандр Азараў распавёў «Белсату», што дыверсію ў Мачулішчах зладзілі беларускія партызаны – удзельнікі плана «Перамога». Паводле яго, акцыя рыхтавалася некалькі месяцаў. Самалёт А-50, як сцвярджаюць у «ByPol», атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні, і «дакладна ўжо нікуды не паляціць».

«Гэта былі дроны. Удзельнікі аперацыі – беларусы, удзельнікі плана «Перамога», яны цяпер ужо ў бяспецы за межамі краіны. Усе выехалі, хай цяпер шукаюць вецер у полі», – распавёў Азараў.

Інфармацыю пра атаку дронаў пацвердзілі крыніцы праекту «Беларускі Гаюн». Паводле праекту, пасля здарэння спецслужбы знайшлі сумку з пультамі кіравання дронамі.

Спадарожнікавае фота расейскага самалёта А – 50 у ў Беларусі яшчэ да ўдару па аэрадроме Мачулішчы. 19 лютага 2023 года. Крыніца: Planet Labs / nv.ua

Самалёты далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 выкарыстоўваць для выяўлення паветраных і наземных цэляў, навядзення баявой авіяцыі. Фактычна ён можа выконваць ролю каманднага пункту. Гэта вельмі дарагі і каштоўны самалёт. Паводле звестак з адкрытых крыніцаў, усяго ў Расеі ёсць усяго 9 самалётаў А-50, прычым з іх мадэрнізаваных А-50У – толькі 6. Украіна такіх самалётаў не мае зусім, што з’яўляецца адной з перавагаў Расеі ў паветранай вайне.

«Вывад са строю аднаго А-50, хай нават на абмежаваны перыяд часу, будзе значнай стратай для ВКС Расеі», – адзначае профільны рэсурс The War Zone.

Пасля здарэння сілавікі ўчынілі на дарогах праверкі аўтамабіляў: супрацоўнікі ДАІ зазіраюць у багажнік, глядзяць дакументы, часам – нават мабільныя тэлефоны. У раёне дзяжураць сілавікі ў бронекамізэльках і са зброяй. Акрамя таго, пасты сілавікоў заўважаны ў Ганцавічах, Барысаўскім, Пінскім і Столінскіх раёнах. Telegram-канал «Беларусь за МКАДам» піша, што ўзмоцненыя патрулі ДАІ і вайскоўцаў з аўтаматамі выстаўлены ў раёне вёскі Беражное за 30 кіламетраў ад мяжы з Украінай.

«Наша Ніва» паведамляе, што памежники ўзмацнілі ахову мяжы. Спецслужбы лічаць, што дыверсію нібыта ажыццявіла ўкраінская дыверсійна-разведвальная група, якая зайшла на тэрыторыю Беларусі. «Нагналі людзей, пільнуем кожны кіламетр, каб не даць вярнуцца ва Украіну магчымай ДРГ», – ананімна паведаміў «НН» суразмоўца з Памежнага камітэта.

«Радыё Свабода» таксама паведамляе, што памежнікі праводзяць узмоцнены надгляд на выездзе з Беларусі.

Агляд
Не першая «бавоўна»: улетку-2022 штосьці выбухнула на аэрадроме «Зябраўка» каля Гомля
2023.02.27 13:52

Ці стане дыверсія casus belli?

Пакуль не падобна на тое, што Лукашэнка можа выкарыстаць падрыў расейскага самалёта як нагоду для ўступлення ў вайну.

Каб зрэалізаваць такі сцэнар, трэба спачатку зваліць віну за акцыю на Украіну. Але па стане на дзень 27 лютага афіцыйных каментароў наконт здарэнне не было наогул – то бок улады нават не прызналі сам факт дыверсіі. Прапагандысты таксама маўчаць. Толькі ў Telegram-канале «Белорусский силовик» з’явілася згадка пра інцыдэнт, але выключна ў кантэксце таго, што ніякіх каментароў не будзе і расейцам лепш не спекуляваць на гэтай тэме. 

Праўда, паўза можа быць звязаная з тым, што ўлады самі яшчэ не зразумелі, як варта рэагаваць на апошнія падзеі. Цікава, што 27 лютага адбылася нарада Лукашэнкі з сілавікамі ў вузкім складзе – падобна на тое, што такі фармат быў незапланаваны.

Калі паглядзець на паводзіны ўладаў у апошнія месяцы, то можна зрабіць выснову, што яны яўна не шукаюць casus belli. У канцы снежня 2022 года інцыдэнт з падзеннем ракеты С-300 каля вёскі Гарбаха на Берасцейшчыне не быў выкарыстаны для раскручвання мілітарысцкай істэрыі, хоць нагода, здаецца, была зручная. Больш за тое, Лукашэнка наогул ніводнага разу не выказаўся наконт падзення ўкраінскай ракеты. Замест гэтага ў студзені Лукашэнка пахваліў Украіну за тое, што яна не ідзе на правакацыі супраць Беларусі.

Паказальна таксама аператыўная рэакцыя на інфармацыю аб страляніне на беларуска-украінскай мяжы і гібелі байца ўкраінскай тэрабароны. Дзяржаўны памежны камітэт позна ўвечары 26 лютага паспяшаўся сам зняпраўдзіць гэтыя звесткі: было заяўлена, што ніякіх інцыдэнтаў на мяжы не было. Хаця, калі б было жаданне напаліць абстаноўку, то ўлады прынамсі маглі вытрымаць паўзу ў інфармацыйнай прасторы.

На мяжы з Беларуссю загінуў вайсковец з тэрабароны Валыні. Украінскі бок паведамляе, што ён «выконваў баявое заданне». Калаж: suspilne.media

Сам па сабе падрыў расейскага самалёты – не вельмі ўдалая нагода для вайны. Па-першае, таму што выстаўляе беларускія ўлады ў кепскім святле – атрымліваецца, што яны не здольныя забяспечыць бяспеку надзвычай важнай вайсковай базы пад Менскам. Па-другое, гэта яўна не тое, што можа абудзіць ваяўнічы дух у беларусаў. Каб пераканаць сем’і, што іх блізкія мусяць пайсці паміраць ва Украіну, спатрэбіцца нешта большае, чым расейскі самалёт.

Нават калі ўявіць, што рэжым Лукашэнкі сапраўды паступова рыхтуецца да ўступлення ў вайну, то трэба прызнаць, што цяперашняе здарэнне адбылося не ў самы зручны час. Прыкметаў фармавання наступальнай групоўкі ў Беларусі няма, а расейскіх сілаў на беларускай тэрыторыі пакуль недастаткова для буйной аперацыі (паводле ўкраінскіх ацэнак, іх усяго 9-10 тысяч). Каб падрыхтавацца да паходу на Кіеў, спатрэбіцца мінімум 3-4 тыдня, а гэта ўжо будзе перыяд вясновай бездаражы – не самы спрыяльны час для наступальных аперацыяў.

Аналітыка
Прывід другога фронту. Ці захоўваецца пагроза ўступлення Беларусі ў вайну?
2023.02.10 17:18

Незадаволенасць Масквы

Аднак нагодай для ўзмацнення ціску Крамля на Лукашэнку падрыў самалёта можа стаць.

Лукашэнка неаднойчы заяўляў, што ягоная роля ў цяперашнім канфлікце заключаецца ў тым, каб не даць «ударыць у спіну нашым расейскім братам». То бок ён публічна ўзяў на сабе абавязак забяспечваць тылы і камунікацыі расейскага войска. Імаверна, гэта таксама адзін з аргументаў Лукашэнкі на перамовах з Пуціным, пры дапамозе якога ён спрабуе патлумачыць немэтазгоднасць прамога ўступлення ў вайну. Маўляў, цяпер расейскія войскі могуць выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі, не баючыся атакаў ЗСУ, а ў выпадку ўступлення беларускага войска ў вайну ўсе аб’екты вайсковай інфраструктуры стануць патэнцыйнай мішэнню. Аднак цяпер атрымліваецца, што расейскія вайскоўцы і так не могуць адчуваць сябе ў поўнай небяспецы ў Беларусі. Гэта можа стаць нагодай для папрокаў на адрас Лукашэнкі з боку Пуціна.

Пры гэтым не зразумела, ці паспрабуе Крэмль выкарыстаць інцыдэнт у Мачулішчах у публічнай прасторы, каб аказваць інфармацыйны ціск на Беларусь. Пакуль нейкай арганізаванай рэакцыі расейскіх прапагандыстаў не заўважна. Але тыя публікацыі, якія ўсё ж з’яўляюцца цяпер у расейскіх медыях і Telegram-каналах, распаўсюджваюць версію аб тым, што акцыю ў Мачулішчах зладзілі ўкраінцы, а не беларускія партызаны.

Вайсковы карэспандэнт Сямён Пегаў (WarGonzo) першым пацвердзіў падрыў самалёта і заявіў, што гэта была атака ўкраінскіх беспілотнікаў па аналогіі з атакамі ў Саратаве. Тэлеканал «Царьград» таксама абвінаваціў у дыверсіі ўкраінцаў. А агенцтва «Политнавигатор», што ўсяго нібыта былі запушчаны з тэрыторыі Украіны 6 беспілотнікаў. «Хочуць у Менску ці не, але зараз удары па беларускай тэрыторыі будуць працягвацца і нарошчвацца», – пракаментаваў сітуацыю былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіеў, Украіна. 26 лютага 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Аднак пакуль такі мэсідж гучыць толькі ў інфармацыйных рэсурсах другога эшалона – галоўныя пракрамлёўскія медыі яго не падхапілі. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў на просьбу пракаментаваць інцыдэнт у Мачулішчах заявіў, што яму няма чаго сказаць на гэты конт.

Рэпрэсіі будуць у любым выпадку

Як бы не паўплывала дыверсія ў Мачулішчах на палітычную сітуацыю, можна не сумнявацца, што яна ў любым выпадку будзе выкарыстана ўладамі Беларусі як нагода для правядзення новых рэпрэсіўных акцыяў. Нават калі людзі, датычныя да падрыву самалёта, наогул не знаходзяцца ў Беларусі, чарговыя арышты амаль непазбежны. Практыка апошняга часу паказвае, што любая падзея, якая атрымлівае вялікі рэзананс у медыях, цягне за сабой акцыю застрашэння: сілавікі пераследуюць і тых, хто распаўсюджвае інфармацыю аб здарэнні, і тых, хто проста «няправільна» гэта каментуе («справа Зельцара», затрыманні пасля смерці Макея). Асабліва важна ўладам жорстка адрэагаваць у дадзеным выпадку, бо ўдалыя прыклады супраціву натхняюць людзей на далейшую барацьбу.

«ByPol» увечары 26 лютага папярэдзіў, што сілавікі плануюць адпрацоўваць сацсеткі, каб выявіць тых, хто станоўчы выказваецца наконт падрыву расейскага самалёта. Паводле звестак Telegram-каналу «МотолькоПомоги», у Мачулішчах «АМАП у поўным рыштунку пачаў хадзіць па кватэрах», правяраюць людзей па «бчб-спісах». Праваабаронцы ўжо паведамляюць аб першых затрыманнях у Мачулішчах – сілавікі схапілі Крысціну Максіменка. Прычыны затрымання і яе месцазнаходжанне пакуль невядомыя.

Хутчэй за ўсё, само здарэнне ў Мачулішчах сілавікі кваліфікуюць як «тэракт» – менавіта па гэтым артыкуле пераследавалі «рэйкавых партызанаў». Таму тых, каго западозраць у непасрэднай датычнасці да акцыі, можа пагражаць пакаранне аж да расстрэлу.

Hавiны
Лукашэнка падпісаў «расстрэльныя» змены ў Крымінальны кодэкс
2022.05.18 08:59

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў