Мігрантаў вывелі сустракаць Лукашэнку. Ён таксама зайшоў у лагістычны цэнтр, дзе ўтрымліваюць людзей.
Аб 11:30 26 лістапада Аляксандр Лукашэнка прыляцеў да лагістычнага цэнтру «Брузгі», дзе ўтрымліваюць мігрантаў з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, якія раней спрабавалі штурмаваць польскую мяжу пад кантролем беларускіх сілавікоў.
Чытач «Белсату» каля 9:00 паведамляў, што Лукашэнка вылецеў у Брузгі верталётам. Пра тое ж паведамляў блогер Антон Матолька (падобна, са спасылкаю на іншую крыніцу), але ягоная крыніца сцвярджала, што Лукашэнка вылятаў з Астрашыцкага Гарадка. Матолька дадае, што сёння спынілі чыгуначны рух на Брузгі.
Паводле дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва, Лукашэнку суправаджалі старшыня Памежнага камітэту Анатоль Лапо і старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік, а на месцы яго сустрэлі памочнік па Гарадзенскай вобласці Юрый Караеў ды іншыя чыноўнікі.
Каля лагістычнага цэнтру Лукашэнку сустракалі дзясяткі мігрантаў (якіх звычайна не выпускаюць з цэнтру проста так). У натоўпе мігрантаў заўважылі Мікалая Лукашэнку.
Лукашэнка агледзеў пункт раздачы харчавання: яго запэўнілі, што мігрантам хапае харчоў (самі мігранты раней заяўлялі адваротнае), паразмаўляў з прадстаўнікамі падкантрольнага ўладам Беларускага Чырвонага Крыжа, пытаў пра пажарную бяспеку.
Пад аховаю людзей у цывільным Лукашэнка зайшоў у лагістычны цэнтр. Затым выступіў перад мігрантамі на дварэ, выступ перакладалі на арабскую. Дзяржаўнае беларускае тэлебачанне вядзе трансляцыю выступу з затрыманнем прыблізна на хвіліну, онлайн-трансляцыю спынілі праз 10 хвілінаў пасля пачатку прамовы.
Лукашэнка заявіў мігрантам: «Мы ніколі не будзем гуляцца і рабіць палітыку на вашых лёсах». Еўразвяз вінаваціць яго якраз у гэтым: у арганізацыі гібрыднай атакі і выкарыстанні мігрантаў як зброі.
«Вы разумееце, што мы не можам учыніць вайны, каб прабіць калідор з Польшчы ў Нямеччыну, – заявіў мігрантам Лукашэнка. – Людзі з таго боку ашалелі».
Лукашэнка налічыў у Брузгах 300–400 дзяцей і столькі ж жанчын. Каля тысячы ахвочых вярнуцца на радзіму, заявіў ён, эвакуяваныя на радзіму, але прымусовай дэпартацыі не будзе.
Луашэнка заявіў, што ў Літву, Латвію і Польшчу штодзень нібыта «праходзяць» да 200 чалавек, і спаслаўся на ўлады гэтых краінаў. Аднак улады гэтых краінаў штодзень паведамляюць пра сотні спыненых спробаў незаконна перайсці мяжу, а не пра тое, што людзі «праходзяць». Няпропуск мігрантаў Лукашэнка назваў «спробаю па-зверску выкінуць» людзей.
Колькі цяпер мігрантаў у цэнтры, невядома: першапачаткова ўлады заяўлялі, што там да 2000 чалавек, але ў ноч на 26 лістапада з Беларусі ў Ірак эвакуявалі больш за 600 чалавек (26 і 27 лістапада чакаюцца яшчэ два рэйсы). Лукашэнка сцвярджае, што ў лагеры ўсё яшчэ дзве тысячы чалавек, а ў іншых месцах Беларусі застаюцца яшчэ 2–3 тысячы.
«Хто хоча рушаць у заходнім напрамку, гэта таксама вашае права, – сказаў Лукашэнка мігрантам. – Мы не будзем лавіць, збіваць і ўтрымліваць за калючым дротам».
Беларускія законы абавязваюць беларускіх памежнікаў лавіць парушальнікаў мяжы, бяздзеянне ў такой сітуацыі – асобнае крымінальнае злачынства. Адзін з іракцаў, які ўжо вярнуўся на радзіму, параўноўваў гвалт беларускіх сілавікоў з дзеяннямі тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы».
Лукашэнка заклікаў мігрантаў не баяцца сілавікоў і «салдатаў у вайсковай уніформе» (мігрантаў пільнавалі ў тым ліку «зялёныя чалавечкі» без апазнавальных знакаў і людзі ў цывільным).
Выступ Лукашэнкі цягнуўся каля 25 хвілінаў, затым далі слова мігрантам.
АА belsat.eu