У Расеі адбылася страляніна ў ваенкамаце


Ва Усць-Ілімску ў Іркуцкай вобласці адбылася страляніна ў ваенкамаце, гэта пацвердзілі мясцовыя ўлады. Маладзён стрэліў у начальніка ваенкамату Аляксандра Елісеева, ён цяжка паранены і застаецца ў рэанімацыі. Елісееў праводзіў інструктаж мабілізаваным.

На апублікаваным відэа мужчына страляе ў іншага амаль ва ўпор.

Стралка затрымалі. Следчы камітэт апублікаваў афіцыйны каментар пра здарэнне, у якім гаворыцца, што затрыманаму 25 гадоў, гэта мясцовы жыхар.

Губернатар Іркуцкай вобласці Ігар Кобзеў пракаментаваў страляніну ў ваенкамаце Усць-Ілімску і заявіў, што стралка пакараюць:

«Сёння ў вобласці адбылося надзвычайнае здарэнне. Ва Усць-Ілімску маладзён учыніў страляніну ў ваенкамаце. Ваенкам Аляксандр Елісееў застаецца ў рэанімацыі ў вельмі цяжкім стане. Дактары змагаюцца за ягонае жыццё. Стралка адразу затрымалі. І ён абавязкова будзе пакараны! У галаве не ўкладваецца тое, што адбылося. Мне сорамна, што такое адбываецца ў той час, калі мы, наадварот, павінны быць адзіныя. Павінны змагацца не адно з адным, а супраць рэальных пагрозаў. Я вельмі спадзяюся, што дактары зробяць усё магчымае, каб спадар Аляксандр выжыў. Я даручыў узмацніць захады бяспекі. Прашу ўсіх захоўваць спакой».

Паводле звестак тэлеграм-каналу «Baza», перад тым як адкрыць агонь, стралок выгукнуў: «Зараз усе паедзем дадому». Тэлеграм-канал «Mash» паведамляе, што маладзён стрэліў шэсць разоў.

У сацсетках публікуюць відэа затрымання стралка. Гэта Руслан Зінін 1997 года нараджэння, мясцовы жыхар. Пасля допыту яго чакае псіхіятрычная экспертыза.

Журналісты звязаліся з маці Руслана Зініна. Яна пацвердзіла, што на відэа – ейны сын, і распавяла журналістам, што ён перажываў праз позву, якая прыйшла найлепшаму сябру. Маці Руслана даведалася пра здарэнне з навінаў, апазнаўшы сына на відэа. Адкуль хлопец узяў зброю, яна не ведае.

«Апошнім часам Руслан жыў у бабулі. Раніцай ён сказаў ёй, што пайшоў у ваенкамат добраахвотнікам. Потым мы не маглі да яго датэлефанавацца, а потым убачылі гэтыя навіны. Самому Руслану позва не прыходзіла, але ўчора яна прыйшла ягонаму найлепшаму сябру. Руслан быў вельмі засмучаны ад гэтага, бо сябар у войску не служыў. Казалі, што будзе частковая мабілізацыя, а атрымліваецца, што бяруць усіх», – распавяла Марына Зініна выданню «Astra».

Падрабязнасці здарэння ўдакладняюцца.

Hавiны
Позвы ад настаўнікаў і падпал ваенкаматаў: як праходзіць мабілізацыя ў Расеі
2022.09.23 23:56

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў