«Беларусы зноў бадзяюцца па свеце». Гісторыя жанчыны, якая прайшла праз перасяленне падчас Чарнобылю


Таццяна жыла ў Нароўлі ў дзяцінстве. Падчас выбуху ёй было каля трох гадоў, але яна сёе-тое запомніла пра страшныя падзеі падчас выбуху. Жанчына распавяла, як жылі дзеці ў горадзе, які не быў у ліку паселішчаў пад высяленне, але пацярпеў ад радыяцыі. І чаму чарнобыльская катастрофа так і не пакінула яе праз столькі часу ды столькі змененых месцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Майскі, што прыблізна за 40 кіламетраў ад Хойнікаў, Беларусь. 2000 год.
Фота: Paul Fusco / Magnum Photos / Forum

Радыяцыя побач

Нейкай цэласнай карціны, як людзі рэагавалі на выбух, Таццяна не мае:

«Я памятаю толькі нейкія ўрыўкі. Як акно было завешанае прасцінаю, памятаю, як мы ехалі ў эвакуацыю цягніком у Бераставіцкі раён. Памятаю той дзіцячы садочак, прыстасаваны для ўцекачоў, дзіцячыя твары, што былі побач. Было адчуванне нейкай трывогі, што адбываецца нешта нешараговае».

Праз пэўны час эвакуацыя скончылася, і Таццяна з маці вярнуліся назад у Нароўлю. Але спакойным тое жыццё назваць немагчыма:

«Тыя гады прайшлі пад матывам, што радыяцыя побач. Гэта была частка нашага жыцця, што нельга было зрываць яблыкі з дрэваў ці ягады – яны радыяцыйныя, нельга калупацца ў траве – там радыяцыя. Нам у дзіцячы садок адкульсьці прывозілі пясок у пясочніцы. І ў садку, і ў школе кожны дзень была марская капуста – тлумачылася тым, што яна ад радыяцыі. Было няясна, што гэта за такая штука, якую не пабачыш і не памацаеш, але яна вельмі страшная і пастаянна побач з табою».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзіцячы анкалагічны шпіталь у Менску, Беларусь. Маці размаўляе з сынам у ізалятары, якога лечаць ад раку з дапамогаю перасадкі шпіка.
Фота: Paul Fusco / Magnum Photos / Forum

Падвышаны інтарэс медыкаў

Аднак жыццё ішло, а дзеці заставаліся дзецьмі нават у такіх складаных умовах.

«У мяне была сяброўка. І мы гулялі ў двары. А адзін наш сусед быў рыбак. У яго была налоўленая рыбка, сушылася на гаўбцы. І, напэўна, мясцовыя каты нешта ў яго сцягвалі. То мы пад ягоным гаўбцом знайшлі адну сухую рыбіну. Узялі і з’елі яе. А потым прыйшло асэнсаванне, што яна ж радыяцыйная, бо яна з рэчкі вылаўленая і на зямлі ляжала. А на зямлі радыяцыя. Мы пабеглі дадому ў слязах: мама, я памру, бо з’ела гэтую рыбіну. Мама, праўда, скарысталася сітуацыяй і сказала, што трэба проста паесці, нічога тады кепскага не будзе. Хаця б разок мяне накарміць. Бо з гэтым у дзяцінстве было складана. Мама хітры жук была», – Таццяна згадвае выпадак з усмешкаю.

Суразмоўца распавядае, што лекары ў ейным дзяцінстве былі амаль што звычайнай справаю:

«Пастаянна прыходзілі, нешта правяралі. Шчытападобныя залозы ды іншае, як уздзейнічае радыяцыя. Як я пайшла ў школу, пачаліся праблемы са здароўем. Потым ужо стала зразумела, што мой дзіцячы арганізм не даваў рады з нагрузкаю. Нешта за грудзінай усё балела. У Нароўлі дактары глядзелі, было не зразумела, што там. Далі накіраванне ў Гомель у шпіталь. Мы туды прыехалі, дактары мяне глядзелі, а потым падсунулі маме паперчыну і казалі, каб яна падпісала. Мама пытала, што гэта. Аказалася, што гэта была згода на аперацыю. Мама, натуральна, нічога не падпісала, забрала мяне, паехалі дадому. Наш педыятр сказаў, каб мяне патрымалі ўдома, каб адпачыла. Я не ведаю дакладна, якая была матывацыя ў тых дактароў, якія гэта прапаноўвалі, але ў мяне такая здагадка з цягам часу, што хацелі паглядзець, якія наступствы радыяцыі, што там такое можа быць. Кшталту паддоследнай».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Навінкі, Менск, Беларусь.
Фота: Paul Fusco / Magnum Photos / Forum

Нават маленькаму чалавеку было ясна, што падвышаны інтарэс медыкаў – гэта нешта надзвычайнае, хаця ніхто кожны раз не тлумачыў, што вымярэнне ціску і нейкія аналізы – гэта ўсё кантроль за тым, як дзеці перажываюць наступствы выбуху на ЧАЭС.

«Проста я разумела, што ёсць радыяцыя, яна неяк уплывае. Павестка радыяцыйная была штодзённая. У кватэры кожны дзень мылася падлога. На парозе ляжала мокрая ануча, каб пыл з вуліцы заставаўся на ёй», – распавядае Таццяна.

Дзяцінства магло б быць звычайным

Калі Таццяна скончыла першы клас, праз праблемы з ейным здароўем і здароўем маці сям’я пераехала ў вёску на Віцебшчыну. І гэта было вельмі ўразліва:

«Там было звычайнае жыццё. Лета, вакацыі, дзеці трушчаць зялёныя яблыкі, якія тут жа растуць. Я памятаю, як дзівілася, што так увогуле можна – сарваць яблык і есці яго».

Большую частку жыцця жанчына пражыла ў розных месцах, а ў Нароўлі – толькі да другога класу:

«Мы прыязджаем туды раз на год на Радаўніцу. І мне вельмі моцна баліць. Хаця гэта гады дзіцячага жыцця, і не самыя асэнсаваныя. І Нароўлю не адсялялі, яна і цяпер функцыянуе як раённы цэнтр. А калі мы з’язджалі, ужо шмат хто з людзей думаў выехаць. Гэта была не эвакуацыя, а адсяленне. Мы з’ехалі самі і забралі маміных бацькоў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пажылая жанчына спраўляецца з жыццём сама пасля вяртання ў свой дом. Абапіраючыся на слуп, збірае яблыкі. Паўднёвая Беларусь. 1997 год.
Фота: Paul Fusco / Magnum Photos / Forum

Трагедыя сталага чалавека

Таццяна на свае вочы бачыла, як імкліва паміраюць адселеныя вёскі. І бачыла трагедыю чалавека, які ў сталым веку застаўся адарваным ад сваіх каранёў:

«Каля гораду адсялялі вёскі побач. Памятаю, як мы ехалі да бабулі ў вёску, якую не адсялялі, праз вёскі, якія адсялялі. Цяпер там поле, хаты закапаныя, а тады стаялі дамы з забітымі вокнамі. Гэта настолькі жудаснае відовішча, што не перадаць словамі. Мая бабуля жыла ў вёсцы, дзе было больш за 5 тысячаў чалавек да аварыі. А цяпер засталася толькі шыльда і поле ў абодва бакі. І калі мы забіралі іх, дзядуля сам забіваў вокны сваёй хаты. Ён, пасля таго як з’ехаў, ніводнага разу не ездзіў нават на Радаўніцу туды. Настолькі для яго было гэта складана – калі ты гаспадар на сваёй зямлі, гэтая хата, якую ты там будаваў, якімі высілкамі. І чалавек вымушаны кінуць усё і ехаць шукаць нейкай долі. Дзядуля паехаў на радзіму толькі калі памёр, і мы паехалі яго хаваць туды».

Фота
«Бацька разумеў трагедыю маленькага чалавека». Сын вядомага фатографа распавёў пра чарнобыльскія фота бацькі
2021.04.26 12:52

Жанчына згадвае, што ў мясцінах, куды ім выпала пераехаць, іх не дужа чакалі:

«Памятаю, як на новым месцы там на мяне казалі, што мы чарнобыльскія вожыкі. Дзеці бываюць жорсткія, але ясна, што гэта была трансляцыя словаў дарослых. Але калі на мяне казалі такое, то я думала, ну паверце, мне не вельмі сюды хацелася. Не хацелася сюды мне, у мяне быў свой дом».

Беларусы зноў бадзяюцца па свеце

Свой досвед перасялення Таццяна параўноўвае з тым, што выпадае цяпер перажываць беларусам, вымушаным шукаць долі за мяжою:

«Хочацца спадзявацца, што ёсць дзесьці пункт, дзе можна разамкнуць гэтае кола і спыніць гэтую гісторыю пра тое, што беларусы бадзяюцца па свеце і нешта шукаюць па сваёй волі, не па сваёй».

Ужо ў сталым узросце Таццяна звярнулася да псіхолага ў пытаннях, якія не былі відавочна звязаныя з тымі часамі ў Нароўлі. Але падчас тэрапіі яна зразумела, што дзяцінства ў пастаяннай напрузе ды страху дало глебу дарослым праблемам і не толькі ў фізічным здароўі:

«Як ты ні круці, болькі нашыя дарослага жыцця цягнуцца з дзяцінства. Мы выйшлі з тэрапеўткаю на чарнобыльскую тэму. Для мяне было адкрыццё, наколькі гэта для мяне балюча. Калі пачалі гэта разбіраць, я плакала. Разумею, што гэта насамрэч вялізарная траўма – у цябе, у дзіцяці, з’яўляецца разуменне, што свет вакол цябе небяспечны, ты не можаш да чагосьці дакрануцца. Усё, што вакол цябе, кветкі, дрэвы, трава, нясе небяспеку. Навакольны свет і бяспека – у існасці базавая рэч. І тая сітуацыя стрэліла ў гэтую базавую патрэбу ў бяспецы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ганна Песенка ўдома. У мінулым месяцы Аню тэрмінова даставілі ў шпіталь і 17 дзён трымалі на штучным дыханні ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі. Гэта стала амаль руцінаю з тых часоў, як у 2000 годзе зноў з’явілася пухліна галаўнога мозга. У 1994 годзе ў яе ўпершыню знайшлі. Гомель, Беларусь. 25 студзеня 2006 года.
Фота: Robert Knoth / Zuma Press / Forum

Нават пасля псіхатэрапіі гэтая тэма застаецца для Таццяны балючаю. Нашая размова пачалася з усмешак і цёплых успамінаў дзяцінства, хай сабе і небяспечнага, а ў канцы Таццяна ўжо як магла стрымлівала слёзы.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў