У Аршанскім раёне пачалі крымінальную справу праз нізкія цэны на малочныя прадукты


Камітэт дзяржаўнага кантролю, фіксуючы выпадкі завышэння цэнаў у Аршанскім раёне, пачаў крымінальную справу супраць прадпрыемства, якое прадавала малочную прадукцыю за заніжаныя кошты і таму недаатрымала прыбытку. Пра гэта паведамляе «Віцебская вясна» са спасылкаю на друкаваную Аршанскую газету.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паведамляюць, што КДК пастанавіў пакараць «адзін з суб’ектаў гаспадарання малочнай галіны» за тое, што «пры наяўнасці магчымасцяў рэалізацыі прадуктаў паводле больш выгодных цэнаў», дазваляў пакупнікам купляць малочныя вырабы танней. Праз заніжэнне коштаў прадпрыемства нібыта не атрымала магчымага прыбытку, а шкода склала 270 тысячаў рублёў.

За гэта звольнілі дырэктара прадпрыемства і ягонага намесніка. Таксама былі заведзеныя крымінальныя справы, як і ў выпадках, калі правяранне знаходзіла факты павышэння цэнаў. Усяго былі пачатыя дзве крымінальныя справы, адна з іх – супраць былога дырэктара.

У рэгіёне штодня праводзяцца некалькі правяральных рэйдаў у розныя крамы. Усяго праверылі каля 200 аб’ектаў. Паводле апублікаваных вынікаў, у большасці гандлёвых аб’ектаў – гэта харчовыя крамы, аптэкі, сфера паслуг – парушэнняў не знайшлі.

Пасля таго як Аляксандр Лукашэнка з 10 кастрычніка забараніў павышаць цэны на прадукты і паслугі паводле дырэктывы № 10 «Аб недапушчальнасці росту цэнаў», Генпракуратура і КДК завялі больш за 40 крымінальных справаў паводле артыкулаў аб перавышэнні паўнамоцтваў і бяздзейнасці службовай асобы за парушэнне новаўвядзення.

Аналітыка
За кошты цяпер будуць адказваць чыноўнікі. Што гэта азначае для прадпрыемстваў і спажыўцоў
2022.10.22 11:30

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў