«Забіраем усё, што ёсць». Паразмаўлялі з украінцамі, якія аднаўляюць расейскую тэхніку і перадаюць ЗСУ


Сумская вобласць, якая месціцца на паўночным усходзе Украіны, адна з першых зазнала расейскую агрэсію. Але нават праз месяц пасля пачатку вайны абласны горад Сумы па-ранейшаму трымае абарону. У гэтым Збройным сілам Украіны вельмі дапамагаюць мясцовыя жыхары, якія, далучыўшыся да Тэрытарыяльнай абароны, збіраюць пашкоджаную варожую тэхніку, рамантуюць яе і перадаюць сваім вайскоўцам.

Пашкоджаная расейская тэхніка, якую мясцовыя жыхары рамантуюць і перадаюць украінскім вайскоўцам. Сумская вобласць, Украіна. 24 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Першая трафейная тэхніка на Сумшчыне пачала з’яўляцца ўжо 25 лютага. З гэтага часу ўсё, што застаецца пасля баёў, забіраюць прадстаўнікі мясцовай Тэрытарыяльнай абароны, аднаўляюць і перадаюць Збройным сілам Украіны на тэрыторыі Сумшчыны.

«Сёння для Збройных сілаў Украіны мы ў лесе аднаўляем і вязем на базу тры адзінкі тэхнікі, якая ўжо гатовая для далейшай абароны: БТР і два танкі Т-72К1. Слава Украіне», – гаворыць мясцовы жыхар.

Сам мужчына ніколі не служыў у войску, але ў сітуацыі, якая цяпер склалася ва Украіне, ён вырашыў далучыцца да Тэрытарыяльнай абароны.

Паводле яго, спачатку ў асноўным траплялася старая тэхніка, але пазней пачалі з’яўляцца і найноўшыя адзінкі расейскай абароннай прамысловасці.

«Найлепшы танк, які мы выявілі, гэта быў танк Т-90К1. Гэта камандзірская адзінка, якая каштуе чатыры з паловай мільёны долараў. На сённяшні дзень гэта вельмі сур’ёзная тэхніка, яна найноўшая, гэта адна з апошніх распрацовак Расейскай Федэрацыі, якая цяпер будзе абараняць тэрыторыю Сумшчыны».

Мужчына прызнаецца, што трафейныя танкі моцна цэняцца ў ЗСУ, бо ў выніку дапамагаюць знішчаць іншую варожую тэхніку. Таму аднаўленне расейскіх танкаў і перадача іх украінскім вайскоўцам мае стратэгічнае значэнне. Разам з тым, не пакідаюць без увагі сілы Тэрытарыяльнай абароны Сумшчыны і іншыя адзінкі тэхнікі.

Пашкоджаная расейская тэхніка, якую мясцовыя жыхары рамантуюць і перадаюць украінскім вайскоўцам. Сумская вобласць, Украіна. 24 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

«Мы не перабіраем, мы забіраем усё, што ёсць: рамонтныя машыны, спецтранспарт, транспарт, які робіць пантонныя пераправы. Важна ўсё. І мы забіраем усё. Чым больш расейцы прывязуць, тым нашыя Збройныя сілы будуць мацнейшыя».

Часам сілам Тэрытарыяльнай абароны трапляецца амаль не пашкоджаная тэхніка, якая застаецца не ў выніку баёў, а праз дэзерцірства расейскіх вайскоўцаў.

«Ужо як народная прымаўка стала, што асноўны спонсар і памагаты нашым Збройным сілам – гэта Узброеныя сілы Расеі, бо ўся тэхніка, якая можа імі выкарыстоўвацца, яна выкарыстоўваецца супраць іх жа саміх. Калі яны пакідаюць гэтую тэхніку, яны вельмі часта самі і псуюць яе: забіраюць правады, акумулятарныя батарэі або проста прапорваюць колы. Гэта такія нязначныя паломкі, але іх усё адно трэба выпраўляць, бо без гэтага тэхніка не будзе функцыянаваць», – гаворыць іншы прадстаўнік Тэрабароны Сумшчыны.

Але найчасцей, кажа мужчына, варожая тэхніка не падлягае аднаўленню, бо ўшчэнт знішчаная ўкраінскім войскам. Таксама здараецца, што жыхары населеных пунктаў, дзе была такая тэхніка, ад злосці разбіраюць яе на часткі. Прадстаўнікі Тэрытарыяльнай абароны Сумшчыны заклікаюць мясцовых жыхароў не разбіраць тэхніку, бо яна яшчэ спатрэбіцца Збройным сілам Украіны.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў