Вайна ва Украіне: куды ўцякаць і дзе ратавацца?


Мы сабралі асноўную інфармацыю пра тое, якія ёсць магчымасці ратаваць сябе ва ўмовах поўнамаштабнай вайны: дзе месцяцца ўкрыцці і бамбасховішчы ў буйных гарадах Украіны, што пакласці ў трывожную валізку, куды яшчэ ёсць магчымасць выехаць.

Бамбасховішчы ды ўкрыцці

Фота: Белсат

Ва Украіне афіцыйна не існуе бамбасховішчаў, аднак ёсць даволі шырокая сетка ўкрыццяў, дзе можна схавацца ў выпадку ваеннага нападу. Яшчэ пасля пачатку ваенных дзеянняў на Данбасе па ўсёй краіне пачалі аднаўляць сетку ўкрыццяў.

Гэтак, калі ў 2014 годзе ў Кіеве ахоўных збудаванняў было каля 1500, то цяпер іх амаль 5000 – 3741 цокальныя памяшканні і сутарэнні, 355 падземных паркінгаў, 256 падземных пераходаў і 47 падземных памяшканняў метрапалітэну. У іх могуць схавацца 2 мільёны 800 тысячаў чалавек. Аднак трэба ўлічваць, што ўсе гэтыя ўкрыцці – так званага падвойнага карыстання: не разлічаныя на доўгатэрміновае перабыванне. Там няма запасаў вады, няма прыбіральняў. Мяркуюць, што такія ўкрыцці можна выкарыстоўваць не больш за 3 гадзіны: каб перачакаць налёт, напрыклад.

Не ўсе сутарэнні пасуюць для ўкрыцця. Нельга хавацца ў памяшканнях, дзе праведзеныя камунікацыі ці ёсць бойлерныя ці сістэмы ацяплення, бо падчас удару яны могуць быць пашкоджаныя, і людзі апынуцца ў небяспецы.

Фота: Белсат

18 % укрыццяў у Кіеве – у прыватнай уласнасці: за мірны час пасля распаду СССР у іх паспелі зрабіць кавярні, начныя клубы і да т. п. Аднак у выпадку вайны ўласнікі абавязаныя пусціць туды людзей.

У Кіеве ёсць толькі 514 класічных сховішчаў з адзіным мэтавым прызначэннем – укрыцце ў выпадку надзвычайнай сітуацыі. Яны герметычныя, з сістэмаю паветраабмену, там ёсць вада і электрычнасць, у той час як у звычайных укрыццях такога няма. У сховішчах можна быць некалькі дзён.

На канец снежня ў Львове былі 70 укрыццяў і каля 6 тысяч будынкаў, якія можна выкарыстоўваць як укрыцці. Таксама ёсць адно сховішча на больш як 10 тысячаў чалавек.

На спецыялізаваных укрыццях ёсць надпісы «Укрыцце» ці «Аб’ект грамадзянскай абароны», а таксама ўказаны нумар тэлефона асобы, якая можа адчыніць аб’ект.

Надоечы «Белсат» схадзіў на «экскурсію» па ўкрыццях Кіева.

Тыповыя сховішчы паказалі ў Траешчыне – раёне на паўночным усходзе Кіева, які мае «хуліганскую» рэпутацыю, як менскія Шабаны. У гэтым раёне, як і ў астатнім горадзе, ёсць так званыя пабудовы цывільнай абароны для працоўных зменаў прадпрыемстваў, што працуюць і ў ваенны час. Гэта і ёсць бамбасховішчы. А ёсць і ўкрыцці падвойнага прызначэння, што паказаліся журналістам.

Мікалай Бойка, прадстаўнік Дзяснянскай раённай адміністрацыі Кіева, правёў журналістаў у падземны гараж недалёка ад раённай адміністрацыі – укрыцце двайнога прызначэння. Там стаяць машыны (у тым ліку для перавозу інвалідаў), але разам з тым падведзеная і назапашаная вада, ёсць прыбіральня, аптэчка. Такіх сховішчаў двайнога прызначэння – два дзясяткі ў Дзяснянскім раёне (гэта раёны Выгураўшчына-Траешчына і Лясны масіў, некалькі сёлаў – каля 400 тысячаў жыхароў), ёсць і значна большыя гаражы. На чалавека ў такіх сховішчах прыпадае паўтара – два метры. Жыць там цэлымі днямі наўрад ці ўдасца, начаваць наўрад будзе мала камфортна, але ваенны досвед паказвае, што абстрэлы трываюць гадзіну-дзве.

«З аналізу тых баявых дзеянняў, што ў свеце чыняцца, гэтыя ўкрыцці рэальна могуць абараніць людзей, – расказвае Мікалай Бойка. – Ад аскепкаў, ад выбуховай хвалі гэта можа абараніць, рэальна ўратаваць людзей. Нават снарад тут нічога не зробіць, толькі наўпроставае бомбавае траплянне».

«Прэс-тур» працягнуўся ў звычайным жылым доме на Траешчыне, у сутарэнні якога абсталяванае сховішча. Гэткія сховішчы ёсць не ўва ўсіх дамах, дый у некаторых скляпеннях вышыня столяў меншая за паўтара метра. Асноўнае памяшканне пад адным з пад’ездаў, самым простым чынам абсталяваныя некалькі пакояў на пару дзясяткаў чалавек, але тэарэтычна пару сотняў людзей, хай без камфорту, могуць змясціцца і ў даўжэзны калідор з тэхнічнымі камунікацыямі. У сутарэнне выведзеная труба з вадою. Харчаванне і спецыфічныя медыкаменты ў такіх сховішчах не назапашваюць: каму можа спатрэбіцца, той сам мусіць узяць з сабою неабходнае. Кожны мусіць мець сваю трывожную валізку. Калі няма абстрэлаў, сховішчы зачыненыя на ключ, каб там не сяліліся бяздомнікі і каб сховішчы не разрабавалі зламыснікі. Копіі ключоў жыхарам не выдаюць, вызначаныя адказныя за ключ і памяшканне.

Укрыцці на мапах:

Кіеў

Харкаў

Адэса

Львоў

Па гэтай спасылцы – спіс бамбасховішчаў у Дняпры.

У выпадках, калі баявыя дзеянні будуць ісці працяглы час, чыноўнікі абяцаюць эвакуяваць насельніцтва. Пакуль што ўсеагульная эвакуацыя абвешчаная ў Луганскай вобласці: людзей вывозяць арганізавана, а тым, хто мае ўласны аўтатранспарт, раяць ехаць у бок гораду Днепр.

Што рабіць, калі побач няма ўкрыцця? Кіеўская гарадская адміністрацыя раіць звяртацца ў гэтак званыя ОСМД (аб’яднанні ўласнікаў шматкватэрнага дому) ці ЖЭК, яны павінны арганізаваць часовае ўкрыцце. Калі ЖЭК нічога не робіць, трэба тэлефанаваць на гарачую лінію гораду са скаргаю на адсутнасць укрыцця. Даведацца пра наяўнасць укрыцця ў радыусе 400 метраў ад дому ці працы, дзе б вы ні былі, найлепш ужо цяпер.

Што ўзяць з сабою ва ўкрыцце

Трэба загадзя падрыхтаваць трывожную валізку, у якую пакласці:

  • дакументы, копіі дакументаў,
  • наяўныя грошы,
  • аптэчку з медыкаментамі, сродкі гігіены,
  • тэлефон, у ідэале – які доўга трымае зарад, кнопкавы,
  • наладаваны паўэрбанк,
  • запас ежы і вады на 1–2 дні.

Што трэба мець з медыкаментаў:

  • актываваны вугаль, сродкі ад інтаксікацыі і дыярэі,
  • парацэтамол, іншыя гарачкапаніжальныя сродкі, анальгетыкі,
  • антыгістамінныя сродкі, напрыклад, супрасцін,
  • кроплі для вачэй,
  • лекі, якія вы стала прымаеце,
  • сухі і медычны спірт,
  • гумавыя пальчаткі,
  • бінты, сродкі для спынення крывацёку, пластыры,
  • сродкі для дэзынфекцыі рук.

Куды выязджаць з Украіны?

Парады беларусам, якія хочуць выехаць з Украіны, дае Андрэй Стрыжак:

– калі вы ва Украіне і вы без візы, можна паехаць у Малдову – беларусам туды можна без візы,

– з візаю можна ехаць у Польшчу, але толькі праз наземную мяжу – паветраная прастора над Украінаю закрытая. Таксама, як стала вядома, Польшча ў Люблінскім і Падкарпацкім ваяводствах разгортвае пункты прыёму ўцекачоў з Украіны,

Фота: Белсат

– калі няма магчымасці ці жадання выязджаць з Украіны, то можна паехаць у заходнюю частку краіны, як гэта цяпер робяць і самі ўкраінцы. Лепш карыстацца другараднымі трасамі, бо дарогі моцна закаркаваныя праз плынь тых, хто выязджае. Таксама трэба пазбягаць месцаў з ваеннаю тэхнікаю, па ёй могуць быць нанесеныя ўдары.

Ганна Ганчар, belsat.eu

 

Стужка навінаў