Польскія фермеры пагадзіліся разблакаваць пераход на мяжы з Украінаю


Да фермераў, якія блакуюць пераход у Мэдыцы на мяжы з Украінаю, прыехаў новы міністр сельскай гаспадаркі Чэслаў Сякерскі. У выніку перамоваў пратэстоўцы пагадзіліся прыпыніць страйк ад 24 снежня, перадае агенцыя PAP.

Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Чэслаў Сякерскі пасля перамоваў з фермерамі ў Мэдыцы на мяжы з Украінаю. 23 снежня 2023 года.
Фота: Ministerstwo Rolnictwa i Rozwoju Wsi / Facebook

Перамовы фермераў з міністрам сельскай гаспадаркі Польшчы Чэславам Сякерскім, які прыехаў да пратэстоўцаў на мяжу з Украінаю, доўжыліся болей за гадзіну. Пасля гэтага актывісты запэўнілі, што спыняць блакаванне пункту пропуску з раніцы нядзелі, 24 снежня, да 2 ці 3 студзеня. Калі фермеры атрымаюць пісьмовыя гарантыі ад прэм’ер-міністра, то страйк не ўзновіцца.

Сякерскі запэўніў на прэс-канферэнцыі, што галоўныя патрабаванні фермераў будуць выкананыя, гэта, праўда, патрабуе часу.

«Гэта не той выпадак, калі рашэнні могуць быць ухваленыя вельмі хутка. Мы праінфармавалі фермераў пра тое, што мы ўжо зрабілі, што адкладзена, а што не ўдасца рэалізаваць, бо такія рэчы таксама бываюць. Гэта мусіць быць дыялог», – цытуе міністра агенцыя PAP.

У прыватнасці, у польскі бюджэт ужо закладзеныя субсідыі на кукурузу, а таксама субсідыі на крэдыты – аб’ём грошай на гэтыя мэты будзе значна павялічаны.

Што тычыцца яшчэ аднаго патрабавання – не павялічваць сельскагаспадарчы падатак налета – то адпаведны заканадаўчы акт распрацаваны. Мясцовыя бюджэты атрымаюць у 2025 годзе кампенсацыю ад замарожвання падатку. «Гэта будзе гарантавана законам», – адзначыў Сякерскі.

Hавiны
«Блакада скончылася». Узнавіўся рух цяжкавікоў на адным з памежных пераходаў паміж Украінай і Польшчай
2023.12.12 09:43

Лідар пратэстоўцаў Роман Кондраў застаўся задаволеным вынікамі перамоваў з чыноўнікам:

«Мы задаволеныя тым, што нашыя патрабаванні выкананыя, што мы атрымалі прызнанне нашых аргументаў».

Таксама прыпыніць акцыю пратэсту пагадзіліся фермеры, якія блакуюць іншы памежны пераход з Украінаю, «Дарогуск – Ягадын». Яны патрабавалі прыпыніць імпарт цукру і неадкладна пачаць выплаты субсідыяў.

Фермеры пачалі блакаваць пункты пропуску месяц таму. Акрамя таго, на мяжы з Украінаю пратэстуюць польскія дальнабойнікі, яны скардзяцца на неабмежаваны допуск украінскіх перавознікаў на рынак ЕЗ.

Меркаванні
Чаму палякі пратэстуюць на мяжы з Украінаю?
2023.12.02 13:54

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў