У Расеі разбіўся бізнес-джэт Яўгенія Прыгожына. Крыніцы сцвярджаюць, што самалёт збілі


У Цвярской вобласці Расеі разбіўся самалёт RA-02795, што належыць кіраўніку ПВК Вагнэра Яўгенію Прыгожыну, пішуць расейскія медыі. Афіцыйна паведамляецца, што загінулі ўсе 10 асобаў, якія былі на борце. Сярод пасажыраў мусіў быць Прыгожын, ягонае прозвішча маецца ў адпаведным пераліку, заявілі ў Федэральным агенцтве паветранага транспарту. Набліжаны да яго Telegram-канал «Grey Zone» сцвярджае, што самалёт збіла СПА.

Месца крушэння самалёта Яўгенія Прыгожына. Цвярская вобласць, Расея. 23 жніўня 2023 года.
Фота: GREY ZONE / Telegram

Бізнес-джэт Embraer ляцеў з Пецярбургу ў Маскоўскую вобласць. Самалёт знік з экранаў радараў, калі пралятаў над Цвярской вобласцю. Паводле непацверджаных звестак, лайнер збіла ракета супрацьпаветранай абароны. На карысць гэтай версіі гавораць сведчанні мясцовых жыхароў і характэрныя сляды ў небе.

Пры гэтым пракрамлёўскі Telegram-канал «Mash» піша, што адна з версіяў крушэння – тэракт на борце, цяпер гэтую інфармацыю спраўджваюць спецслужбы.

Ці быў на борце кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын, пакуль дакладна не вядома, аднак ягонае прозвішча маецца ў адпаведным спісе пасажыраў, паведамілі ў Федэральным агенцтве паветранага транспарту. Не выключана, што з ім ляцеў і бліжэйшы паплечнік Дзмітрый Уткін, піша Telegram-канал «ВЧК-ОГПУ».

Прапагандысцкі Telegram-канал «Readovka» адзначае, што Прыгожын мог ляцець на іншым самалёце, бо раней «з мэтамі канспірацыі ён рэгулярна ўсіх блытаў». Бізнесовец нібыта рэгістраваўся на адзін борт, а потым садзіўся на іншы. Крыніца выдання «Фонтанка» сцвярджае, што атачэнне кіраўніка ПВК Вагнэра не можа да яго датэлефанавацца.

Крыніцы выдання «Фонтанка» сцвярджаюць, што на самалёце, які разбіўся, быў Прыгожын і камандзіры ПВК Вагнэра. Пра тое, што Прыгожын і Уткін загінулі, заявіў таксама прадстаўнік акупацыйнай адміністрацыі Запарожжа Уладзімір Рогаў.

Другі прыватны самалёт Прыгожына, што ляцеў разам з першым, які разбіўся, прызямліўся ў падмаскоўным аэрапорце «Астаф’ева», сведчаць звесткі сэрвісу «Flightradar24».

Высвятленнем акалічнасцяў авіякатастрофы зоймецца адмысловая камісія Росавіяцыі. Следчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу паводле артыкула аб парушэнні правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту.

«Беларускі Гаюн» нагадвае, што Embraer з нумарам RA-02795 лічыўся асноўным самалётам Прыгожына. Гэты борт чатыры разы прылятаў у Беларусь пасля спробы мяцяжу ў Расеі. Апошні раз самалёт быў у Мачулішчах 18 ліпеня.

Hавiны
Кіраўнік «Bellingcat» – пра лёс Яўгенія Прыгожына: Смерць або новы мяцеж
2023.08.14 11:18

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў