Ізраіль і «Хамас» дамовіліся пра чатырохдзённае замірэнне і вызваленне закладнікаў


Ізраіль і «Хамас» дамовіліся пра паўзу ў баявых дзеяннях, абмен часткі зняволеных і пропуск гуманітарнай дапамогі ў сектар Газа. Ізраіль гатовы працягнуць прыпыненне агню – на дзень за кожныя 10 палонных, піша «Reuters».

Разбураныя ізраільскімі авіяўдарамі будынкі ў лагеры для палестынскіх уцекачоў у горадзе Газа, сектар Газа. 11 кастрычніка 2023 года.
Фота: Yahya Hassouna / AFP / East News

Мяркуюць, што «Хамас» утрымлівае больш за 200 закладнікаў, захопленых падчас нападу баевікоў на Ізраіль 7 кастрычніка.

У заяве канцылярыі прэм’ер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу гаворыцца, што 50 жанчын і дзяцей будуць вызваленыя цягам чатырох дзён, на якія будзе абвешчаная паўза ў баявых дзеяннях. За кожныя дадатковыя 10 вызваленых закладнікаў паўза будзе падоўжаная яшчэ на адзін дзень.

«Хамас» заявіў, што 50 закладнікаў будуць вызваленыя ў абмен на 150 палестынскіх жанчын і дзяцей, якія ўтрымліваюцца ў ізраільскіх турмах.

Замірэнне таксама дазволіць сотням цяжкавікоў з гуманітарнаю, медычнай і паліўнаю дапамогай уехаць у Газу, паведамляе палестынская групоўка.

Пагадненне сталася першым замірэннем з 7 кастрычніка. З таго часу ізраільскія бамбаванні знішчылі большую частку сектару Газа, што застаецца пад кіраваннем «Хамасу». Паводле ўладаў Газы, забітыя 13,3 тысячы цывільных асобаў, без прытулку засталіся каля дзвюх трацінаў з 2,3 мільёна жыхароў.

У першы дзень нападу «Хамасу» загінулі 1200 чалавек з ізраільскага боку.

Hавiны
«Будзе доўгая і цяжкая вайна». Нэтаньягу заявіў, што армія Ізраілю ўвайшла ў Газу, каб знішчыць «Хамас»
2023.10.29 00:13

Аднак Нэтаньягу заявіў, што больш шырокая місія Ізраілю застаецца нязменнаю.

«Мы ў стане вайны і будзем працягваць яе, пакуль не дасягнем усіх нашых мэтаў. Знішчыць «Хамас», вярнуць усіх нашых закладнікаў і зрабіць так, каб ніводнае ўтварэнне ў Газе не магло пагражаць Ізраілю», – сказаў ён у запісаным паведамленні ў пачатку паседжання ўраду.

«Хамас» у сваёй заяве паведаміў: «Абвяшчаючы пагаднення пра замірэнне, мы пацвярджаем, што нашыя пальцы застаюцца на спускавым кручку, а нашыя пераможныя байцы будуць працягваць абараняць наш народ і перамагаць акупацыю».

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў