Колькасць ахвяраў падрыву Кахоўскай ГЭС набліжаецца да 70. Што там адбываецца?


Ва Украіне працягвае расці колькасць ахвяраў падрыву Кахоўскай ГЭС, што адбыўся 6 чэрвеня. Супольная колькасць ахвяраў, пра якія паведамляюць украінскія і расейскія ўлады, дасягнула 67 асобаў. Тым часам украінскія ўлады ацанілі шкоду ад здарэння.

Украінскія службы на затопленых тэрыторыях.
Фота: Ігор Клименко | МВС / Telegram

Як паведамляе 22 чэрвеня ТАСС са спасылкай на экстраныя службы на акупаваных Расеяй тэрыторыях, колькасць загінулых у Херсонскай вобласці пасля прарыву Кахоўскай ГЭС вырасла да 46. 

Напярэдадні расейскае медыя пісала пра больш як 23 тыс. жылых дамоў, якія апынуліся ў зоне затаплення. Таксама паведамлялася, што 121 асоба шпіталізаваная, больш як 8 тыс. эвакуяваныя, больш як 2 тыс. выратаваныя. Апроч таго, затопленая тэрыторыя Ніжнедняпроўскага нацыянальнага парку і 12 могілак.

20 чэрвеня міністр унутраных справаў Украіны Ігар Клымэнка адзначаў, што колькасць загінулых у выніку падрыву Кахоўскай ГЭС вырасла да 21 асобы, з іх пяцёра загінулі ад прыцэльных стрэлаў акупантаў. 

«Застаюцца падтопленымі 595 дамоў на Херсоншчыне. Праз дзеі ворага, на жаль, расце колькасць загінулых і параненых: цяпер 21 асоба загінуў, у тым ліку 5 – праз прыцэльныя стрэлы расейцаў, яшчэ 28 атрымалі раненні, з іх 16 – нашы ліквідатары», – напісаў ён.

Паводле яго, эпідэмічная сітуацыя стабільная і кантраляваная. Пашырэння інфекцыйных хваробаў не зафіксавана, але лоўля і спажыванне рыбы ў пацярпелых раёнах забароненыя.

Украіна падлічыла страты

Журналісты BBC вывучылі спадарожнікавыя здымкі і пераканаліся, што за два тыдні з моманту разбурэння плаціны Кахоўскае вадасховішча абмялела настолькі, што вада не дастае да ўваходу ў пракапаныя ад яго каналы, у тым ліку да Паўночна-Крымскага.

Да вайны вадой з гэтых каналаў арашаліся 5,8 тыс. км² палёў з абодвух берагоў Дняпра, і яны давалі каля 2 млн тон збожжа і сланечнікавага насення за год. Цяпер жа вада перастала паступаць у чатыры сістэмы арашальных каналаў.

Тым часам Украіна папярэдне ацаніла экалагічную шкоду ад падрыву ГЭС у 1,5 млрд долараў. Такую суму назваў прэм’ер-міністр краіны Дзяніс Шмыгаль на канферэнцыі ў справе аднаўлення Украіны ў Лондане. У суму залучылі меркаваную шкоду, нанесеную аграгаспадарцы, інфраструктуры, жытлу, а таксама выдаткі на аднаўленне самой станцыі.

Hавiны
150-тонавыя плямы нафты, 95 тысяч тон мёртвай рыбы. Наступствы падрыву Кахоўскай ГЭС у лічбах
2023.06.21 09:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў