Дзяржаўны дэпартамент ЗША «прыняў да ведама» справаздачу Ейлаўскага ўніверсітэту пра тое, што больш як 2400 дзяцей з Украіны векам ад 6 да 17 гадоў даставілі ва ўстановы ў Беларусі. Пра гэта заявіў на брыфінгу спікер Дзярждэпу Мэт’ю Мілер.
Паводле яго, даследаванне задакументавала шчыльную каардынацыю паміж расейскімі і беларускімі чыноўнікамі для аблягчэння гэтых перамяшчэнняў. Мэт’ю Мілер адзначыў, што Беларусь ёсць «саўдзельніцай агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны», а не «бесстаронняй трэцяй краінай», якая дае бяспечны прытулак дзецям ва ўмовах канфлікту.
Мілер адзначыў, што вываз у Беларусь «непрапарцыйна» нацэлены на ўразлівых дзяцей: патэнцыйных сіротаў, дзяцей з інваліднасцю, дзяцей з малазабяспечаных сем’яў і дзяцей украінскіх вайскоўцаў.
«Мы не ведаем, ці падлягаюць далейшай эксплуатацыі дзеці, дэпартаваныя ў Расею або Беларусь, але яны, вядома, застаюцца вельмі ўразлівымі для гандлю людзьмі», – дадаў Мілер, паабяцаўшы «вельмі ўважліва» адсочваць і ацэньваць сітуацыю з дэпартацыяй украінскіх дзяцей.
Аднак прадстаўнік Дзярждэпу адмовіўся адказваць на пытанне адносна магчымай выдачы ордару Міжнароднага крымінальнага суда на арышт Аляксандра Лукашэнкі.
Вынікі даследавання, праведзенага Лабараторыяй гуманітарных даследаванняў Ейлаўскай школы аховы здароўя, сталі найбольш шырокімі на сённяшні дзень звесткамі наконт ролі Беларусі ў расейскай праграме перасялення ўкраінскіх дзяцей.
Сярод асноўных высноваў, зробленых у 39-старонкавай справаздачы, – тое, што дзеці былі вывезеныя не менш як з 17 гарадоў Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай вобласцяў Украіны. Даследнікі Ейлаўскага ўніверсітэту назвалі гэта сталай практыкай.
Больш за 2 тысячы дзяцей былі перавезеныя ў дзіцячы цэнтр «Дубрава» ў Менскай вобласці Беларусі ў перыяд з верасня 2022 года да траўня 2023 года, а 392 дзяцей даставілі ў 12 іншых установаў.
Якуб Хруст belsat.eu