Фігурантам справы аб дзяржаўным перавароце выстаўленыя абвінавачанні, яны даюць паказанні і супрацоўнічаюць са следствам, паведаміў прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1».
– Чатыром затрыманым выстаўленыя абвінавачанні паводле часткі 1 артыкулу 357 Крымінальнага кодэксу («Змова альбо іншыя дзеянні, учыненыя з мэтаю захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады ў неканстытуцыйным парадку»). Усе яны даюць паказанні і актыўна супрацоўнічаюць са следствам, – сказаў Канстанцін Бычак.
Паводле начальніка следчага аддзелу КДБ, аператыўныя захады супраць «удзельнікаў змовы» працягваліся больш за паўгода. Ён адзначыў, што ўсе этапы супрацьпраўнай дзейнасці былі зафіксаваныя ў тым ліку пры дапамозе тэхнічных сродкаў.
Імёны трох затрыманых у «справе дзяржаўнага перавароту» вядомыя: гэта старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітычны тэхнолаг Аляксандр Фядута, адвакат Юрый Зяньковіч. Імя чацвёртага фігуранта справы не называюць. Паводле выстаўленага абвінавачання, затрыманым пагражае ад 8 да 12 гадоў зняволення.