Лукашэнка прыгразіў інвестарам, каб не «шукалі нажывы» ў Беларусі


Інвестыцыі паводле любога азначэння робяцца з мэтай атрымання прыбытку. Але Аляксандр Лукашэнка за такое – «нажыву за кошт нашага народу» – прыгразіў «механізмамі супрацьдзеяння і настаўлення» на нарадзе з кіраўніцтвам Савету міністраў 18 студзеня.

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка. Менск, Беларусь. 22 лістапада 2023 года.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму супрацьдзеяння вывядзенню капіталу з Беларусі – нядаўна якраз былі ўхваленыя правілы спагнання «адкупных» за выхад з краіны (памер «адкупных» – ад 25 % да бясконцасці).

Паводле словаў Лукашэнкі, у Беларусі ўсё добра: нягледзячы на санкцыі, якія ўвялі проста таму, што гэта «модны эканамічны трэнд», краіна «жыве і працуе», а замежным інвестарам прапануе «адныя з найлепшых умоваў: прэферэнцыі, ільготы, інфраструктуру, натуральна, кампетэнцыі».

«Прыходзь і працуй, – казаў Лукашэнка на адрас патэнцыйных інвестараў. – Але не дзеля нажывы за кошт нашага народу. А калі нехта паспрабуе, ёсць механізмы супрацьдзеяння і настаўлення на розум».

Ён наракаў на тое, што яму паведамляюць пра выцек сродкаў у «несяброўскія» краіны і наогул пра мэтанакіраванае вывядзенне прыбыткаў з Беларусі, якое гэта робяць і «нашыя», і «не нашыя» кампаніі. Лукашэнка апісвае гэта так: «Грошы, заробленыя нашымі людзьмі, выводзяць за межы Беларусі і там працуюць на розных нягоднікаў, якія ўводзяць супраць нас санкцыі».

Лукашэнка загадаў свайму ўраду растлумачыць, чаму так бывае, што грошы выводзяць з краіны, і сказаў, што «вы ж перадусім зацікаўленыя ў інвестыцыях». З ягоных словаў выглядае, што інвестарам наогул можна толькі аддаваць грошы ў Беларусь, але не забіраць прыбыткі.

Каментар
За вывад бізнесу з Беларусі могуць узяць да 100 % маёмасці. Кныровіч пра новую пастанову
2024.01.17 14:18

«Мы дамовіліся: ніякай маёмасці мы нікому не прадаём, не перадаём, калі ў выніку санкцыяў ці нейкіх іншых прычынаў замежнікі, якія маюць тут уласнасць, прадпрыемствы, кампаніі, ідуць з нашага рынку, – працягнуў Лукашэнка. – Як я казаў, дасвідос – мы разбяромся самі. І, як паказвае той жа „McDonald’s“, мы цудоўна ў гэтым разабраліся: людзі з задавальненнем ходзяць туды».

З гэтым наўрад ці пагодзяцца ўладальнікі былых рэстарацыяў «McDonald’s». Нядаўна Дзяржаўны камітэт маёмасці адсудзіў сетку «Mak.by» ва ўладальнікаў – кампаніі «KSB Victory Restaurants PTE.LTD», зарэгістраванай у Сінгапуры, ды тая падала апеляцыю ў Вярхоўны суд.

Такім чынам, у замежнага інвестара, які з Беларусі не адыходзіў, нацыяналізавалі бізнес, бо Лукашэнка падумаў, што яны адышлі, раз назва змянілася. Дарэчы, са словаў Лукашэнкі, у «McDonald’s» ён ні разу не быў.

Hавiны
Улады Беларусі прысабечылі прыватную электрападстанцыю, што належала брытанцам
2024.01.16 16:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў