Старшыня Саюзу палякаў у Беларусі застаецца пад вартаю з 23 сакавіка. Яе вінавацяць у распальванні варожасці і рэабілітацыі нацызму.
Паводле дырэктаркі «Белсату» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, Анджэліка Борыс ужо тройчы атрымлівала лісты ад былога палітвязня, палітолага Юрыя Васкрасенскага. У лістах ён паведамляе, што ўлучыў яе ў спіс людзей, прапанаваных Лукашэнку для памілавання.
– Паколькі ліст пачынаецца словамі «С вашего согласия» («З вашай згоды…»), Анджэліка папрасіла паведаміць, што яна ніколі не давала Васкрасенскаму якіх-кольвек паўнамоцтваў, – паведаміла дырэктар «Белсату».
Аналагічны ліст атрымаў і паплечнік Борыс з Саюзу палякаў, журналіст Анджэй Пачобут. Юрый Васкрасенскі ў лістах запэўнівае Пачобута: хоць той не хоча пісаць прашэння аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, Васкрасенскі ўсё роўна будзе дамагацца вызвалення Пачобута.
Пачобут на гэта адказвае, што не ўпаўнаважваў нікога такім чынам дзеяць у ягонай справе, у тым ліку Васкрасенскага.
15 верасня дзяржаўнае тэлебачанне паведаміла, што Лукашэнка напярэдадні гэтак званага Дня народнага адзінства падпісаў указ аб памілаванні 13 асуджаных. Паводле першапачатковых звестак, у спісе на памілаванне, які рыхтаваў Васкрасенскі, былі не менш за 100 асобаў.
pp/belsat.eu