Груз нявызначанасці: у якую нерухомасць укласці грошы?

За вялікімі лічбамі на ўгодах з нерухомасцю стаяць рэальныя гісторыі беларусаў. І не заўсёды звычайныя. Беларусы не толькі паляпшаюць жыллёвыя ўмовы – немалая колькасць людзей проста хавае грошы ў квадратныя метры. Ад дзяржавы ў тым ліку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жылы комплекс «Язмінавая» ў Менску, Беларусь. 13 студзеня 2021 года.
Фота: Белсат

Усё – на бацькоў

Нядаўна разгаварыліся з прыяцелем. Віктар (імя змененае) з тых, што вырашыў заставацца ў Беларусі, пакуль тут у прынцыпе магчыма выжываць. Ён адзін у бацькоў, ім крыху за 60, пенсія пакрывае толькі лекі і камунальныя плацяжы. Калі Віктар з жонкай і дзецьмі з’едуць, бацькі застануцца без падтрымання. Так, можна высылаць ім грошы на прадукты, але гэта пакуль.

– Сітуацыя разгортваецца так, што грашовыя пераводы ўмомант будуць замарожаныя, а межы – закрытыя, – песімістычна прагназуе Віктар. – Забраць бацькоў не ўдасца, яны адмаўляюцца пераязджаць. Дый я, калі перабяруся ў Польшчу, не факт, што змагу ўсіх утрымліваць. Пакуль бізнес наладжу, буду толькі ўкладваць і праядаць запасы.

Запасы ёсць. Бізнес у Беларусі – таксама, хапае, каб не бедавалі і сямʼя Віктара, і ягоныя бацькі.

– Але ты разумееш, могуць жа ў любы момант прыйсці з прапановай «заданаціць» або сесці. І лепш не мець у вольным доступе (на рахунках) нічога звыш адкупных.

Пакуль што – Віктар у гэта верыць хутчэй ад бязвыхаднасці – самым надзейным спосабам мець ашчаджэнні і не мець іх застаецца ўкласці іх у нерухомасць, якой не канфіскуюць. Таму ён купіў адну кватэру маці, цяпер у працэсе куплі кватэры на бацьку.

– Гэта аднапакаёвыя ў Менску, абедзве каля метро, з добрым рамонтам. Буду здаваць. Там даходнасць зусім невысокая, але гэта пастаянныя паступленні для бацькоў. Такі запасны варыянт на выпадак, калі мы ўсё ж будзем вымушаныя зʼехаць і пакінуць іх тут…

Таго, што будуецца ў крэдыт, не канфіскуюць?

У Алены (імя змененае) свая турыстычная кампанія. Зʼязджаць жанчына не хоча, хоць таксама адчувае пагрозу.

– Мае сябры адседзелі содні ў 2020-м, мяне пакуль не чапалі. Кожны дзень цяпер як выклік. Правілы вядзення бізнесу змяніліся, пагроза, што прыйдуць, не знікае. Але, калі глядзець толькі на факты, у мяне ўсё добра. Даходы добрыя.

Фота мае ілюстрацыйны характар. «БСБ Банк» з курсамі валютаў на табло і турфірма ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Алена кажа, што яе можна лічыць аптымісткай.

– Стараюся жыць цяпер, але, вядома, думаю пра будучыню. І веру, што гадоў праз пяць усё наладзіцца. Проста веру і ўсё. Я, вядома, аптыміст, але не дурніца. Таму, як і ўсе мае знаёмыя, заклапочаная захаваннем заробленага. Будую цяпер тры кватэры. Адну для сябе, дзве пад арэнду і потым пад перапродаж. Тую, што для сябе, будую ў крэдыт – гэтак у падатковай будзе менш пытанняў. Тыя, што на перапродаж, аформленыя на маму. Калі што, тое, што будуецца ў крэдыт, складаней канфіскаваць, здача маёй у 2024-м. Ну і мамы, спадзяюся, не будуць абдзіраць.

Пакуль – у офісную

Валянцін жыве ў Берасці. І таксама мяркуе, што ўкладанне ў квадратныя метры – правільнае рашэнне. Але ў перспектыву стабільнай цаны на кватэры ён не верыць. І кажа, што грошы мусяць працаваць.

– Таксама разглядаў варыянт куплі кватэраў пад здачу. Але цяпер арэндавых будуецца занадта шмат, а арандатары не размнажаюцца. Грошы мусяць працаваць. Так што я пабудаваў два невялікія камерцыйныя памяшканні ў адным з раёнаў Менску з добрай праходнасцю, пад гандаль. Адно ўжо зняў сэканд. Самае жывучае ў смутныя часы: сэканды, аптэкі і заалагічныя крамы. Ну і ў Менску з даходамі ўсё-ткі ў людзей лепшыя перспектывы.

Валянцін не баіцца канфіскацыі.

– Я ні на якія мітынгі не хадзіў, нідзе нічога не пісаў. Падазраваў, чым усё скончыцца. Так што цяпер сплю спакойна. Бізнес у мяне невялікі, але таксама з тых, што заўсёды будзе патрэбны, мне хапае. Кватэрку ў Берасці для сябе пабудаваў. Вядома, я б хацеў пашырэння бізнесу, выхаду на Менск. Але пакуль небяспечна прыцягваць увагу. Цяпер, мне здаецца, трэба менш тузацца. Уклаў і чакаю, назіраю.

Дзяніс Бетонны / MM belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў