Навошта Лукашэнка сустракаўся з Аліевым? Тлумачыць эксперт


Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі распавёў belsat.eu, якія мэты перад сабой ставіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Азербайджан.

Аляксандр Лукашэнка прыбыў з візітам у Азербайджан 13 красавіка. Учора ён правеў сустрэчу з Ільхамам Аліевым у нефармальнай абстаноўцы, а сёння адбылася афіцыйнай частка перамоваў. Па выніках Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Азербайджан дамовіліся перайсці на новую стадыю кааперацыі і эканамічнай супрацы.

«Я мяркую, што ў Лукашэнкі было некалькі мэтаў, звязаных з гэтым візітам, – кажа Аляксандр Класкоўскі, – Можа быць нават на першым месцы стаіць мэта піяраўская, бо Лукашэнкі вельмі бракуе легітымнасці пасля леташніх падзеяў. Амаль што нікуды няма магчымасці выбрацца з візітамі. Пасля інаўгурацыі нідзе ён не быў, акрамя як у Сочы, дзе сустракаўся з Пуціным. Таму гэты візіт беларуская прапаганда напоўніцу выкарыстае, дзеля таго, каб паказаць, што няма ніякай ізаляцыі, няма ніякага крызісу легітымнасці».

Аляксандр Лукашэнка ў часе сустрэчы з Ільхамам Аліевым, 13 красавіка 2021 г.
Фота: Andrei Stasevich / TASS / Forum

Акрамя піяру былі і больш прагматычныя мэты: развіццё і пашырэнне гандлёва-эканамічных стасункаў, пра што заяўлялася афіцыйна. Але ж наменклатура тых тавараў і паслугаў, якія можа прапанаваць Беларусь Азербайджану, – дастаткова абмежаваная, адзначае эксперт.

«Асобна варта вылучыць вайскова-тэхнічную супрацу. Як вядома, у свой час Аліеў закупіў багата ўзбраення ў Беларусі, у тым ліку «Паланезы», якія, па неафіцыйных звестках, выкарыстоўваліся ў вайне за Нагорны Карабах. Магчыма будзе негалосна ісці размова пра пашырэнне вайскова-тэхнічнай супрацы. Тым болей, што нядаўна амбасадарам у Баку прызначылі Раўкова – былога міністра абароны, былога сакратара Савету бяспекі. Гэта таксама ўскосна ўказвае на важнасць вайскова-тэхнічнага складніку ў двухбаковых дачыненнях», – падкрэслівае Класкоўскі.

Аналітыка
«Паланэзы» для Баку, «Кайман» для Афрыкі. Што вырабляе і з кім гандлюе абаронка Беларусі
2021.03.23 17:06

Класкоўскі мяркуе, што канфідэнцыйна на сустрэчы абмяркоўвалася фінансавае пытанне, бо ў рэжыму Лукашэнкі цяпер вялікая патрэба ў грошах.

«Сапраўды ў свой час, у 2010 годзе, Аліеў дапамог Лукашэнку – даў на кароткі тэрмін $ 200 мільёнаў, калі трэба было тэрмінова сплаціць доўг «Газпраму». Але гэта не тыя грошы, якія могуць цяпер вырашыць фінансавыя праблемы беларускага рэжыму. А нейкія больш вялікія сумы на большы тэрмін – наўрад ці можна разлічваць. У Азербайджана цяпер не самая лепшая фінансавая сітуацыя, тым больш пасля нядаўняй вайны. Таму ёсць сумневы, што Аліеў расшчодрыцца на значныя сумы», – мяркуе эксперт.

На перамовах у Баку таксама згадвалася супраца ў нафтавай галіне. Нагадаем, у 2020 годзе SOCAR Trading паставіла ў Беларусь праз порт Адэсы каля 1 мільёна тонаў нафты.

«Але летась быў канфлікт з Расеяй, таму беларускія ўлады закуплялі нафту ў Азербайджане, хоць яна напэўна была даражэйшая. Цяпер, калі з Расеяй нібыта ўсё наладзілася, то ці ёсць наагул патрэба ў такіх масштабах купляць азербайджанскую нафту? Да таго ж нафта ідзе праз Украіну, а стасункі з Украінай цяпер рэзка пагоршыліся», – адзначае ён.

Таму Класкоўскі лічыць супрацу ў нафтавай галіне не надта перспектыўным напрамкам.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў