Беларусь спрабавала пахваліцца мэтамі ўстойлівага развіцця. Штаб Ціханоўскай перашкодзіў


Прадстаўнікі ўладаў паказалі пазітыўную справаздачу, штаб Ціханоўскай – альтэрнатыўную. На форуме Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў паверылі ў другую.

Мэты ўстойлівага развіцця ААН. Выява: unesco.org

Штаб Святланы Ціханоўскай расказаў пра разгляд Добраахвотнай нацыянальнай справаздачы Беларусі аб рэалізацыі Мэтаў устойлівага развіцця Генеральнай асамблеі ААН. 12 ліпеня ўлады Беларусі прэзентавалі на палітычным форуме высокага ўзроўню ААН аб устойлівым развіцці справаздачу, у якой «усё добра», піша штаб, але прадстаўнікі штабу падалі альтэрнатыўную грамадзянскую справаздачу.

На форуме раскрытыкавалі даклад уладаў і выказалі занепакоенасць «спробамі Беларусі палітызаваць гэтую платформу, каб распаўсюдзіць хлучлівыя звесткі пра сітуацыю ў краіне». Прадстаўнік Еўразвязу згадаў паведамленні пра ўжыванне катаванняў і неналежнае стаўленне да затрыманых, у тым ліку жанчын і непаўналетніх, а таксама паведамленні пра пазасудовыя забойствы людзей у зняволенні.

Выкананне мэтаў устойлівага развіцця (у якіх Беларусь з самога пачатку мела не самыя кепскія пазіцыі) не адзіная рэч, якою спрабуюць пахваліцца ўлады Беларусі. Выданне Zerkalo.io звярнула ўвагу на метадычку пра дасягненні Беларусі, складзеную Акадэміяй кіравання. Там хваляцца састарэлымі звесткамі пра эканоміку ды Індэкс чалавечага развіцця, экспартам IT-паслуг, адукацыяй і аховаю здароўя, спортам і абаронаю людзей з інваліднасцю, «Славянскім базарам» і экспартам малочных тавараў…

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў