Следства ў справе сына Анатоля Лябедзькі скончанае, матэрыялы неўзабаве перададуць у суд


Неўзабаве можа распачацца судовы працэс над Арцёмам Лябедзькам – сынам палітыка Анатоля Лябедзькі, піша «Народная воля». Следства скончанае, матэрыялы справы будуць перададзеныя ў суд.

Арцём Лябедзька з дачкою.
Фота: Анатоль Лябедзька / Facebook

Анатоль Лябедзька яшчэ некалькі гадоў таму з’ехаў за мяжу, у той час як ягоны сын заставаўся на Радзіме. Арцём працаваў у прыватнай фірме і не меў ніякага дачынення да палітыкі. Аднак у сакавіку 2023 года яго затрымалі. Спачатку на падставе адміністратыўных артыкулаў, паводле якіх ён адседзеў на Акрэсціна двойчы 15 содняў. Пазней стала вядома, што на мужчыну завялі крымінальную справу паводле арт. 361.2 КК РБ («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Беларускія праваабаронцы прызналі Арцёма Лябедзьку палітвязнем.

«Для мяне абсалютна відавочна, што гэтая справа – палітычная. Наколькі вядома, большасці тых, каго абвінавачвалі ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці, давалі магчымасць выплаціць штрафную кампенсацыю. Гэтыя штрафы таксама алагічныя, але людзям прапаноўвалі: калі ты рабіў данат 50 $, то зараз заплаці, скажам, у 20 разоў больш. І на гэтым пераслед спыняўся», – сказаў Анатоль Лябедзька і дадаў, што ягонаму сыну такой схемы не прапаноўвалі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў