Кіраўнік Севераданецку: Украінскія войскі кантралююць больш як траціну гораду


Расейскія войскі амаль бесперапынна абстрэльваюць завод «Азот» ва ўкраінскім Севераданецку, дзе сярод іншага вырабляюць аміяк. Пра гэта ў эфіры «Студыі Белсат» раніцай 12 чэрвеня заявіў кіраўнік вайскова-цывільнай адміністрацыі гораду Аляксандр Струк.

Ён адзначыў, што аміяк, які ёсць на заводзе, застаецца небяспечным для жыцця людзей нават у выпадку, калі вытворчасць спыненая.

«На жаль, абстрэлы заводу адбываюцца амаль бесперапынна. За апошнія некалькі содняў выбухнула падстанцыя, дзе загарэлася радыятарная аліва. І пацэлілі ў цэх вытворчасці аміяку. Дзякуй Богу, там былі толькі рэшткі і не было масавых ахвяраў, хоць пацярпелыя ад гэтага ёсць», – паведаміў Аляксандр Струк.

Паводле яго, станам на 11 чэрвеня на заводзе былі 560 мірных жыхароў – працаўнікі «Азоту», іхныя сем’і ды іншыя насельнікі Севераданецку. Эвакуяваць іх усіх з прычыны пастаянных абстрэлаў і баёў у горадзе немагчыма. Таксама няма магчымасці дастаўляць ежу і медыкаменты.

Агулам у горадзе застаюцца каля 10 тыс. асобаў з больш як 100 тыс. перад вайной.

Hавiны
Генштаб Украіны: улады Беларусі разгортваюць дадатковыя сілы на мяжы
2022.06.12 10:16

Украінскія сілы кантралююць больш як траціну Севераданецку – прамысловую частку і прылеглыя кварталы.

«Ім непатрэбны горад. Ім патрэбнае пазначэнне, што ўзялі гэты горад. З улікам таго, што знішчаецца амаль уся інфраструктура, жылыя дамы. У нас ёсць сімвал гораду – лядовы палац, які проста ператварылі ў аграмадную варонку», – заявіў Аляксандр Струк, каментуючы планы расейскіх уладаў на горад.

Цалкам знішчанае і прадпрыемства «Імпульс», якое, паводле кіраўніка гораду, было гонарам Украіны і мела ўнікальныя тэхналогіі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў