Вялікі сыход: чаму пусцеюць беларускія гандлёвыя цэнтры


Беларусы ўсё часцей заўважаюць змены на паліцах і ў гандлёвых пунктах. То знікае ўпадабаная марка касметыкі, і ты мусіш пераходзіш на іншую. То на паліцах практычна не застаецца тавараў, акрамя як з Расеі і краінаў СНД. Выбар імкліва звужаецца, бізнесы, згодна з статыстыкай, актыўна паміраюць, а новыя нараджацца не спяшаюцца.

Минск готовится к Новому году, установка новогодней ёлки в торговом центре «Столица»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Усталяванне навагодняй ялінкі ў ГЦ «Сталіца». Менск, Беларусь. 23 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Адчуваецца таксама і нястача працоўных рук. Паводле апошняга даследавання BEROC, падчас апытання прадпрымальнікаў шмат хто канстатуе дэфіцыт чалавечага рэсурсу ў сферы гандлю і надання паслуг. Такое існаванне называюць хутчэй выжываннем, чымся жыццём, не кажучы ўжо пра развіццё.

Асабліва гэта заўважна ў гандлёвых цэнтрах. Масавы сыход сярэдняга і малога бізнесу пакідае за сабою цэлыя шэрагі зачыненых і пустых памяшканняў ды гандлёвых боксаў. Шмат прадпрымальнікаў пераязджае, шмат зачыняецца: пакупнікі не маюць грошай, бізнес – прыбытку. Падагравае сітуацыю і буйное развіццё маркетплэйсаў у Беларусі: калі чэргі ў гандлёвых цэнтрах радзеюць, то ў пунктах выдачы таго ж «Wildberries» толькі растуць. А куды ідуць людзі, туды ж ідзе і бізнес.

Агляд
Бум маркетплэйсаў у Беларусі: сакрэт поспеху і прагнозы на будучыню
2023.12.02 09:40

На сайце megapolis-real.by знаходзім у Менску 1230 прапановаў арэнды ці продажу памяшканняў для гандлю і надання паслуг. Найбольш прапановаў на памяшканне ад 50 да 100 м² (426). Але рэальную сітуацыю і маштаб праблемы трэба ацэньваць на месцы. Зазірнем у некаторыя гандлёвыя цэнтры.

ГЦ «Люстэрка» («Зеркало») – вялікі трохпавярховы гандлёвы цэнтр каля Камароўскага рынку ў самай ажыўленай частцы Менску, непадалёк ад ЦУМу. На плошчы 11 тысяч м² прадаюць адзенне, абутак, касметыку і парфумерыю, тавары для дому.

Здавалася б, у такім месцы ў цэнтры не мусіць быць праблемаў ні з бізнесам, ні з пакупнікамі. Але варта проста прайсці на другі паверх, каб зразумець, што ўсё далёка не так: вялізная колькасць пустых боксаў і зачыненых памяшканняў проста ўражвае. Знаходзім там ажно 61 памяшканне, якое здаюць у арэнду (на першым паверсе – два, на другім – 58, гэта чвэрць ад усёй колькасці памяшканняў).

На продаж мы знайшлі 4 памяшканні на 8, 15 і 17 м². Кошт: Br 2338–3082 за квадратны метр.

Пад выглядам ІП пазванілі ў гандлёвы цэнтр даведацца кошт арэнды. Умовы тут даволі прываблівыя: 12 у. а. плюс 10 рублёў за камунальныя паслугі (вада, цяпло, электрычнасць, вываз смецця, карыстанне ліфтам) за квадратны метр. Кошты не змяняюцца, нават калі арандаваць памяшканне з рамонтам. Праўда, кажуць, хутка кошты ўзрастуць.

Чаму ж тут так пуста? Як кажуць у цэнтры, шмат ГЦ апусцела, бо ў людзей няма грошай. Вінавацяць і бізнесоўцаў: маўляў, некаторыя працуюць толькі дзве гадзіны на дзень. Сапраўды, на некаторых боксах вісяць аркушы з нумарам тэлефона ці візітоўкі ўладальнікаў для сувязі. Такі новы фармат гандлю: хочаш нешта набыць – звані, дамовімся. Але, можа, гэта праблема толькі аднаго асобна ўзятага гандлёвага цэнтру?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. ГЦ «Люстэрка» («Зеркало»).
Фота: realt.by

Недалёка месціцца яшчэ адзін гандлёвы цэнтр – «Імпульс», адзін з найстарэйшых у Менску, дзе адзявалася не адно пакаленне менчукоў. Плошча параўнальная з «Люстэркам» – 12 000 м². Калісьці ў выходныя дні тут былі натоўпы. Цяпер жа ажыятаж відавочна згас – як сярод прадпрымальнікаў, гэтак і пакупнікоў. «Імпульс» не ратуе ні цэнтр гораду, ні яго выгаднае размяшчэнне каля метро і Камароўкі.

Каля цэнтральнага ўваходу – сезонныя тавары: шапкі, зімовыя шалікі, пальчаткі і рукавіцы. Наведнікаў мала, а вось зачыненых боксаў шмат. Мы налічылі 14.

Невясёлая сітуацыя і ў ГЦ «Атлантык». Вось двое мужчынаў азіраюцца ў пошуках абутку. А боксы амаль усе зачыненыя, толькі ў канцы відаць самотная гандлярка, якая сядзіць на зэдліку з кніжкай у руках.

Мы налічылі 11 памяшканняў, якія здаюцца ў арэнду. Кошт пытання – ад 12 да 25 у. а. за квадратны метр.

Падобная сітуацыя ў ГЦ «Еўропа» плошчаю 11 000 м². Арэнда каштуе Br 30 плюс Br 6 за камуналку за квадратны метр. Мы знайшлі 10 даволі буйных пустых памяшканняў.

А што з меншымі памерам гандлёвымі цэнтрамі? Зазірнем у «Рыгу». Агульная плошча ГЦ – 7600 м². Знаходзім тут 22 зачыненыя памяшканні, якія здаюцца ў арэнду. Пад выглядам ІП пазванілі туды і даведаліся кошты: квадратны метр каштуе Br 25–30, але можна дамовіцца і на Br 20, плюс Br 5 зверху за камуналку. Прыходзь і працуй, але бізнес не ідзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. ГЦ «Няміга 3» у Менску, Беларусь. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Што чуваць у гандлёвых цэнтраў большага памеру? Возьмем ГЦ «Няміга 3» (плошча – 32 000 м²). Знаходзім там 23 зачыненыя памяшканні, з іх 14 дакладна здаюцца ў арэнду, на астатніх пазнак няма. Дзесьці проста пустыя памяшканні, дзесьці яшчэ ёсць нейкія рэчы, разбіраецца мэбля. Кошт арэнды тут вышэйшы: 45 еўраў плюс камуналка 5 еўраў з квадратнага метра на першым паверсе, 30 еўраў плюс камуналка на другім паверсе, 32–35 еўраў за квадрат на трэцім паверсе.

Ёсць памяшканні, выстаўленыя на продаж: квадратны метр каштуе Br 8524 і Br 9308. Прадаюцца і гатовыя бізнесы.

Зазірнем у «Цівалі» (плошча – 65 000 м²). Знаходзім там 12 памяшканняў: 6 – у арэнду, 6 – на продаж. Кошт пытання – ад Br 18 да Br 45 за квадратны метр. Плюс Br 9 камуналка. Продаж: ад Br 4116 да Br 5571 за метр квадратны. За памяшканне на 14 метраў просяць Br 77 994. А 66 метраў – Br 271 656. Здаюцца ў арэнду гатовыя бізнесы: тут, напрыклад, можна ўзяць салон прыгажосці.

У ГЦ «Экспабел» (плошча – 60 000 м²) таксама зачыняюцца бізнесы. Што характэрна – больш высокага коштавага сегменту.

У адміністрацыі гандлёвых цэнтраў, куды мы званілі, папярэджваюць: калі хочаце адкрыць бізнес, лепей выбіраць тавары танныя ці хаця б сярэдняга сегменту.

Пацвярджае сумную тэндэнцыю і статыстыка Белстату. Згодна з звесткамі бізнес-дэмаграфіі ў Беларусі, у 2020 годзе ўзровень «нараджальнасці» бізнесу быў самы нізкі за апошнія 10 гадоў. У параўнанні з 2021-м, лік камерцыйных прадпрыемстваў скараціўся на 1,5 % на 2022 год. Што характэрна, ніжэйшая выжывальнасць бізнесу якраз назіраецца ў гуртавым і раздробным гандлі. Колькасць «нованароджаных» бізнесаў нязменна скарачаецца апошнія гады.

Агляд
Узровень «нараджальнасці» з 2012 года ўпаў амаль удвая. Гэта пра бізнес
2023.11.10 16:22

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў