Вярхоўны Суд прызначыў яшчэ адзін працэс у «справе Бабарыкі». Што гэта можа значыць


Альянс расследавальнікаў Беларусі (АРБ) заўважыў, што ў раскладзе Вярхоўнага Суда Беларусі з’явілася прызначанае пасяджэнне ў справе Віктара Бабарыкі. Працэс пачнецца 19 кастрычніка. Што гэта можа азначаць?

На судовым паседжанне будзе разбірацца справа № 1У211 у дачыненні Віктара Бабарыкі і яшчэ сямі чалавек. У калонцы «Артыкулы Крымінальнага кодэксу» пазначана: «іншыя дакументы».

Скрын з раскладу Вярхоўнага Суда. Крыніца: Альянс расследователей Беларуси / Telegram

Справу будзе разглядаць так званы суддзя Ілля Любавіцкі, які выносіў прысуд Віктару Бабарыку ў 2021 годзе (14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму). Як заўважае АРБ, гэта значыць, што разбор будзе праходзіць не ў парадку нагляду, а ў сувязі з прывядзеннем прысуду ў выкананне (арт. 402 КПК).

«На гэтых падставах магчымыя: ужыванне адтэрмінавання пакарання, умоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ), замена не адбытай часткі пакарання больш мяккім, перавод з адной калоніі ў іншую, а таксама – замена пакарання больш строгім у выпадку злоснага ўхілення ад яго адбыцця», – тлумачыць Альянс расследавальнікаў Беларусі.

Віктар Бабарыка не прызнаў віны, у такім выпадку гаворка можа ісці аб УДВ для іншых асуджаных, якія адбылі 2/3 тэрміну, дадае АРБ.

Калі пасяджэнне ў Вярхоўным Судзе будзе адкрытым, то будзе магчымасць нарэшце пабачыць Віктара Бабарыку.

Віктару Бабарыку выставілі абвінавачанне ў атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, «а таксама ў легалізацыі («адмыванні») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры». 6 ліпеня 2021 году Вярхоўны Суд прысудзіў палітвязня  да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у 5 тысяч базавых велічынь. 26 красавіка 2023 году з’явілася інфармацыя пра шпіталізацыю палітыка з калоніі ў наваполацкі шпіталь са слядамі збіцця і пнеўматораксам. З таго часу ад яго не было ніякіх звестак.

Hавiны
У Горадні былы палітвязень скончыў жыццё самагубствам
2023.10.11 18:38

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў