Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік «ByPol» Аляксандр Азараў у эфіры «Белсату» распавёў пра рыхтаванне плану «Перамога».
Азараў заявіў, што цяпер вядзецца рыхтаванне людзей, якія будуць удзельнічаць у вызваленні Беларусі ў рамках плану «Перамога». «Чым больш беларусаў будзе падрыхтавана, тым лепей», – падкрэслівае ён.
Паводле яго, ахвотных паўдзельнічаць у вызваленні Беларусі вельмі шмат. «Мы нават падрыхтавалі групу дзяўчат… Іх каля 40 чалавек запісалася. Усе хочуць са зброяй у руках вяртацца на радзіму і змагацца за Беларусь», – распавёў ён.
Аднак асноўны разлік усё ж будзе на беларусаў, якія застаюцца ўнутры краіны.
«Удар (па рэжыме Лукашэнкі. – Заўв. belsat.eu) будзе знутры. Мы рыхтуем якраз такое паўстанне, можна сказаць, сілавы сцэнар. Але, вядома, мы яго будзем запускаць толькі на самы крайні выпадак – можа, іншыя метады дапамогуць перамагчы. Але мы рыхтуем сілавы сцэнар на самой справе», – адзначыў ён.
Азараў сцвярджае, што «людскога рэсурсу» для такога сцэнару дастаткова – у план «Перамога» запісаліся каля 200 тыс. чалавек. Частка з іх цяпер за мяжой, але асноўная маса ўнутры краіны. «Беларусы, якія за мяжой і якія пройдуць падрыхтоўку, – яны нам вельмі патрэбныя ўнутры краіны», – дадае ён.
ГУБАЗіК рэгулярна паведамляе пра затрыманне людзей, якія далучыліся да плану «Перамога». Але Азараў сцвярджае, што план бяспечны і інфармацыя пра ўдзельнікаў плану нікому недаступная, зашыфраваная на серверах. «Калі ўлады кажуць пра гэты план – значыць, гэты план мае сілу. Значыць, яны баяцца гэтага плану. Інакш яны б не звярталі ўвагі і не прымушалі людзей хлусіць, што яны нібыта ў план запісаліся і за гэта затрыманыя», – мяркуе ён.
Паводле Азарава, будучыня плану «Перамога» будзе вельмі залежаць ад падзеяў ва Украіне.
Глеб Нержын belsat.eu