Сяргей Шайгу заявіў, што ваяваць за «ЛДНР» хочуць 16 тысяч байцоў з Блізкага Усходу


Раней пра тое, што Расея вярбуе ў Сірыі наймітаў для вайны з Украінай паведамлялі заходнія медыі.

Як паведамляе «РИА Новости», міністр абароны РФ Сяргей Шайгу падчас паседжання Савету Бяспекі РФ заявіў, што жадаючых паехаць ваяваць за «ДНР» і «ЛНР» з краінаў Блізкага Ўсходу ўжо звыш за 16 тысяч чалавек.

Уладзімір Пуцін ухваліў ідэю прыцягнення «добраахвотнікаў» для вайны супраць Украіны.

«Калі вы бачыце, што ёсць людзі, якія жадаюць на добраахвотнай аснове, тым больш не за грошы, прыехаць і аказаць дапамогу людзям, якія пражываюць на Данбасе, – ну, што ж, трэба пайсці ім насустрач і дапамагчы ім перабрацца ў зону баявых дзеянняў», – сказаў ён.

Пуцін таксама падтрымаў ідэю Шайгу перадаць баевікам «ЛДНР» «трафейную тэхніку заходняй вытворчасці, танкі і стралковую зброю».

Раней выданне «The Wall Street Journal» паведамляла, што Расея вярбуе сірыйцаў, якія маюць досвед вулічных баях, у надзеі, што яны дапамогуць захапіць Кіеў. Частка сірыйскіх байцоў ужо пачалі падрыхтоўку ў Расеі, сцвярджалі крыніцы выдання. Паводле мясцовых медыяў, расейцы прапануюць сірыйцам, якія пагодзяцца паехаць ва Украіну, заробак у $ 200-300 штомесяц.

РР belsat.eu

Стужка навінаў