Гарадзенскі блогер Вадзім Ермашук «Vadimati» атрымаў яшчэ 15 содняў арышту па новым артыкуле – у дадатак да папярэдніх 25 содняў, якія ён амаль ужо адседзеў.
Нагодай для новага пратаколу стаў нібыта званок блогера ў службу 115, падчас якога ён нецэнзурна выказаўся пра сістэму ЖКГ і гарвыканкам. Суд па новай справе распачаўся 8 верасня і праводзіўся па відэасувязі.
Паседжанне два дні запар пераносілася з-за дрэннага самаадчування Вадзіма. За кратамі ў яго падвысіўся ціск і тэмпература, яму выклікалі хуткую дапамогу.
Затрымалі блогера ў Шчучыне 16 жніўня. На трэція содні пасля затрымання – 19 жніўня, Ермашука асудзілі на 25 содняў арышту ў Шчучынскім раённым судзе па арт. 24.23 КаАП за нібыта заклікі прыехаць на спартовае масавае мерапрыемства – скейт-пляцоўку ў Шчучыне.