На Нацыянальным прававым партале 8 чэрвеня апублікаваны закон «Аб змяненні кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці». Асноўныя яго змены ўступаюць у моц праз 10 дзён, а рэшта запрацуе праз тры месяцы.
Новым законам уведзеная крымінальная адказнасць за стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім, падрыхтоўку да ўдзелу, фінансаванне такой дзейнасці і садзейнічанне ёй.
Таксама цяпер будзе карацца паводле Крымінальнага кодэксу неаднаразовае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў і незаконныя збор і распаўсюд асабістых звестак.
Апроч таго, стала больш жорсткай адказнасць за забойства супрацоўніка міліцыі або вайскоўца ды за гвалт або пагрозу ў дачыненні да сілавікоў і суддзяў. Павялічваецца адказнасць за супраціў супрацоўнікам міліцыі ды за публічную абразу прадстаўніка ўлады.
Таксама больш жорстка будуць караць за арганізацыю беспарадкаў або ўдзел у іх, за публічныя заклікі да правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў і за наўмыснае блакаванне дарог.
Істотная павялічаныя і тэрміны за ўхіленне ад выплаты падаткаў.
Тэрмін заліку аднаго зняволення ў іншае цяпер будуць залічваць іначай: два дні хатняга арышту роўныя аднаму дню звычайнага арышту або пазбаўлення волі, але двум дням абмежавання волі; два дні ўтрымання пад вартай роўныя тром дням у калоніі агульнага ці ўзмоцненага рэжыму, але двум дням – пад арыштам, у турме, калоніі строгага ці асаблівага рэжыму.
МГ belsat.eu