Праваабаронца Стрыжак: Важна разумець, чаму менавіта такое рашэнне прыняў Нобэлеўскі камітэт


Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі – чацвёрты лаўрэат Нобэлеўскай прэміі, які на момант яе ўручэння заставаўся ў вязніцы. На гэта ў каментары «Белсату» звярнуў увагу беларускі праваабаронца, кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.

Кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі.
Фота: belsat.eu

«Алесь – гэта чацвёрты ў гісторыі набэліянт, які сядзіць у турме. Гэта таксама шмат пра што кажа. Вельмі шкада, што гэтая навіна да яго яшчэ не дайшла, хоць мільёны людзей на планеце ўжо ведаюць пра гэта. Пошукавыя запыты пра Беларусь і Бяляцкага рэзка падскочылі ў Google», – адзначыў Андрэй Стрыжак.

Ён падкрэсліў, што «Вясна» – адна са старэйшых арганізацыяў у Беларусі, якая працуе нават нягледзячы на тое, што яе кіраўнікі (Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч, Валянцін Стэфановіч) сядзяць у вязніцах.

«Мінулыя прэміі Алесь успрымаў як прэміі не толькі сабе, але і ўсяму праваабарончаму сектару. У першую чаргу «Вясне». Таму я думаю, што і ў гэтым выпадку ён бы таксама казаў, што гэта не ягоная асабістая прэмія, а прэмія ўсім праваабаронцам «Вясны», – мяркуе суразмоўца.

Не ўсе разумеюць, чаму так

Андрэй Стрыжак звярнуў увагу і на тое, што Нобэлеўская прэмія прысуджаная не толькі Алесю Бяляцкаму, але і ўкраінскаму Цэнтру грамадзянскіх свабодаў і расейскаму «Мемарыялу». І ўжо «з боку нашых украінскіх суседзяў ёсць неразуменне, чаму менавіта такое рашэнне прыняў Нобэлеўскі камітэт».

«Тут вельмі важна разумець, чаму менавіта такое рашэнне было прынятае Нобэлеўскім камітэтам. На мой погляд, для нобэлеўцаў было вельмі важна падкрэсліць, што яны падтрымліваюць грамадзянскую супольнасць – і Беларусі, і Украіны, і Расеі ў тым ліку. «Мемарыял» ніяк нельга назваць прадзяржаўнай структураю. Гэта вельмі важны элемент грамадзянскай супольнасці Расеі, якая вынішчаецца гэтак сама, як і беларуская. І падтрыманне менавіта грамадзянскіх структураў падкрэслівае важнасць таго, што заходняя цывілізацыя ўсведамляе, наколькі важна, каб людзі самаарганізаваліся ў сферы абароны сваіх правоў. Я лічу, што гэта дастаткова стратэгічна ўзважаны і разумны крок. Пытанне ў тым, наколькі яго змогуць зразумець тыя людзі, на якіх ён накіраваны», – распавёў кіраўнік фонду BYSOL.

Характар нардычны

Андрэй Стрыжак таксама падкрэсліў, што даўно знаёмы з Алесем Бяляцкім.

«Мы землякі, ён са Светлагоршчыны, я – з Рэчыцы. І гэта цікавы досвед, калі твой добры знаёмы – набэліянт», – адзначыў ён.

Паводле яго, кіраўнік «Вясны» – вельмі сціплы і спакойны чалавек з нардычным характарам.

«Гэта чалавек, якога ні слава, ні міжнародная вядомасць не змянілі ў нейкі бок фанабэрыстасці. Улічваючы тое, што ён таксама не мянчук, як і я, нам было вельмі проста размаўляць пра нашыя вясковыя справы: пра бульбу, пра гаспадарку. Але гэта не значыць, што ён думае сельскагаспадарчымі катэгорыямі. Ён даволі глыбока пераасэнсоўвае правы чалавека і агульначалавечыя вартасці праз свой досвед. Праз досвед беларуса, які глыбока прывязаны да сваіх каранёў», – падкрэсліў Андрэй Стрыжак.

Каментар
Палітолаг Казакевіч: Нобэль Бяляцкаму паказвае, што лёс беларускіх палітвязняў не абыякавы міжнароднай супольнасці
2022.10.07 14:15

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі цяпер застаецца за кратамі. Яго затрымалі 14 ліпеня 2021 года ў межах маштабнай атакі спецслужбаў на праваабарончую супольнасць Беларусі. Спачатку яму выставілі абвінавачанне паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»), але цяпер яму выстаўленыя іншыя абвінавачанні паводле арт. 228 КК («Кантрабанда») і ч. 2 арт. 342 КК («Фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Бяляцкага дагэтуль так і не судзілі, а толькі працягвалі тэрмін утрымання пад вартаю. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

7 кастрычніка стала вядома, што ён атрымае Нобэлеўскую прэмію міру ў 2022 годзе. Таксама ўзнагароду дадуць расейскай праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» і Цэнтру грамадзянскіх свабодаў з Украіны.

«Лаўрэаты прэміі міру прэзентуюць грамадзянскую супольнасць у сваіх краінах. Яны шмат гадоў прасоўвалі права на крытыку ўладаў і абароны асноўных правоў грамадзянаў. У іх ёсць выдатныя намаганні дзеля дакументавання ваенных злачынстваў, парушэнняў правоў чалавека і злоўжыванняў уладаю. Разам яны дэманструюць значэнне грамадзянскай супольнасці для міру і дэмакратыі», – паведамляе Нобэлеўскі камітэт.

Артыкулы
Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру
2022.10.07 13:14

Макар Мыш / Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў