«Мы знойдзем забойцаў». Што вядома пра расстрэл палоннага пасля словаў «Слава Україні»


Ад 5 сакавіка па ўкраінскіх сацсетках разлятаецца відэа, на якім мужчыну ў вайсковай форме расстрэльваюць пасля словаў «Слава Україні». Меркаванае забойства палоннага ва Украіне каментуюць на ўсіх узроўнях, прэзідэнт абяцае знайсці забойцаў.

Увага! Відэа ўтрымлівае кадры забойства!

На відэа звярнулі асаблівую ўвагу, калі нецэнзураваную версію апублікаваў днём 6 сакавіка актывіст і журналіст Сяргей Стэрненка. Афіцыйны ўкраінскі «Цэнтр стратэгічных камунікацыяў» неўзабаве заявіў, што на відэа палонны ўкраінскі вайсковец, забіты расейцамі.

Рэакцыя ўкраінскіх афіцыйных асобаў

Кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак паабяцаў расплату за кожны такі выпадак і заявіў:

«Ваенныя злачынствы культывуюцца ў Расеі. І адбельваюцца прапагандай і міфамі пра нацыстаў. Забойства чалавека, які быў захоплены, – яшчэ адзін прыклад гэтага. І гэта прыклад іхнай нацыянальнай нікчэмнасці і слабасці».

Упаўнаважаны Вярхоўнай рады Украіны ў правах чалавека Дмытро Лубінец расказаў, што адправіў відэа міжнародным партнёрам і калегам з розных краінаў «як пацверджанне чарговага ваеннага злачынства Расеі», згадаў, што расстрэл палоннага парушае Жэнеўскую канвенцыю аб ваеннапалонных (якая для СССР дзейнічае з 1954 года, а Расея мае выконваць як правапераемніца СССР). І дадаў:

«Калі ва ўсім свеце словы «Слава Україні» выклікаюць пашану, павагу і гонар, расейцы за ўкраінскі лозунг расстрэльваюць».

Генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін перадаў, што Галоўнае следчае ўпраўленне Службы бяспекі Украіны зарэгістравала крымінальную вытворчасць паводле артыкулу за «Парушэнне законаў і звычаяў вайны (ст. 438 ч. 2 ККУ), працэсуальнае кіраўніцтва будуць ладзіць пракуроры ягонага офісу. Ён пракаментаваў:

«Нават у вайны ёсць законы. Ёсць нормы міжнароднага права, якімі сістэматычна грэбуе злачынны расейскі рэжым. Рана ці позна злачынства будзе пакаранае. Усе фігуранты будуць прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з законам».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце 6 сакавіка казаў:

«Сёння з’явілася відэа, на якім бачна, як акупанты па-зверску забілі воіна, які адважна сказаў ім у твар: «Слава Україні!» Я хачу, каб мы ўсе разам, у адзінстве адказалі на яго словы: «Герою слава! Героям слава! Слава Украіне!» І мы знойдзем забойцаў».

Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба заявіў, што відэа – яшчэ адзін доказ таго, што вайна ва Украіне мае характар генацыду і папрасіў пракурора Міжнароднага крымінальнага суду запусціць неадкладнае расследаванне.

Кіраўнік фракцыі «Слуга народу» ў Вярхоўнай радзе Украіны Давід Арахамія напісаў, што пасля высвятлення ўсіх абставінаў чалавеку на відэа фракцыя падасць прэзідэнту зварот з просьбай надаць забітаму званне Героя Украіны. Ён растлумачыў:

«Мы схіляем галовы перад гераізмам патрыёта, які перад тварам жорсткага ворага праявіў мужнасць і застаўся верным народу Украіны і вайсковай прысязе да канца».

Дарадца міністра ўнутраных справаў Антон Герашчанка расказаў пра гэта і зрабіў падборку выяваў пра расстралянага, якія ўжо зрабілі ўкраінцы.

Забойства закранула не толькі ўкраінцаў: напрыклад, тэгі з фразай «Слава Україні» на розных мовах траплялі ў сусветныя і польскія трэнды Twitter.

Што вядома пра чалавека на відэа

Дакладна – нічога. Невядома, калі і дзе відэа было знятае, хто на ім і хто за кадрам.

Але журналістка «Суспільне» і прадзюсарка «BBC World Service» Сафія Кочмар-Цімашэнка напісала, што шэсць чальцоў сям’і ўпэўненыя, што пазналі на відэа свайго брата і сына, але просяць цішыні. Яна дадала, што спрыяе камандзірам і прэс-афіцэрам у сувязі з сям’ёй, якая пазнала чалавека на відэа. Месца забойства і цела яшчэ не адшукалі.

Абноўлена. Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны назваў меркаванае імя забітага: лічаць, што гэта вайсковец 30-й асобнай механізаванай брыгады камандавання «Поўнач» Цімафей Шадура.

Партрэт расстралянага. 6 сакавіка 2023 года. Выява: Borys Filatov / Facebook

Жорсткае абыходжанне з палоннымі – звычайная справа на гэтай вайне

Хоць пацверджанняў таго, што менавіта на гэтым відэа палонны ўкраінскі вайсковец, а расстрэльваюць яго расейскія вайскоўцы, раней неаднаразова фіксавалі выпадкі нялюдскага абыходжання з палоннымі з боку расейскіх вайскоўцаў. Пра выпадкі катаванняў палонных украінцаў расказвала Маніторынгавая місія Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. Былі і больш нялюдскія відэа, чым проста расстрэл украінскіх палонных, а расейскія баевікі публічна хваляцца забойствамі сваіх паплечнікаў, якія вярнуліся з украінскага палону.

Праваабаронцы вінавацілі і Украіну ў жорсткім абыходжанні з палоннымі расейцамі, у тым ліку прынамсі ў адным выпадку расстрэлу расейскіх вайскоўцаў, якія здаваліся ў палон, але частка з іх вырашыла адкрыць агонь. Аднак Украіна, у адрозненне ад Расеі, дапускае замежных назіральнікаў да палонных і абяцае расследаваць выпадкі, у якіх падазраюць жорсткае абыходжанне, а ў выпадку пацверджання – пакараць вінаватых.

Гісторыі
«50–100 мл пітной вады на дзень». Былыя зняволеныя валанцёры расказалі пра катаванні ў расейскай калоніі
2022.07.22 10:30

Як адрэагавалі ў Расеі

На афіцыйным узроўні – ніяк. На неафіцыйным – распаўсюджваюць розныя версіі, якія супярэчаць украінскай.

Так, адзін з лідараў баевікоў «ДНР» прапануе такую версію: украінцы апранулі баевіка «ДНР» ва ўкраінскую форму і расстралялі, каб абвінаваціць Расею ў ваенных злачынствах. Праваенныя расейскія каналы таксама выказваюць версіі, што расейцы пакаралі смерцю таго, хто раней расстрэльваў расейскіх палонных, або што ўкраінскія вайскоўцы расстралялі свайго ж. Абгрунтавання гэтых версіяў не прыводзяць.

Шэраг праваенных расейскіх каналаў адкрыта цешыцца забойству чалавека, які сказаў «Слава Україні». Нямала ўхвалення расстрэлу можна пабачыць і ў каментарах пад допісамі ў расейскіх каналах.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў